У галерэі «Ў» разбіраюцца, што такое Еўропа

Учора ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адчынілася выстава «На Захадзе ад Усходу». Выстава ў шасці главах аб’яднала мастакоў з Беларусі, Нямеччыны, Нарвэгіі і Швэцыі. Такім праектам адчыніўся новы сезон у мастацкай галерэі. У нас фотарэпартаж з адкрыцця.

«Што i хто належыць да Еўропы, хто гэта вырашае? Ці застаецца Еўропа і па сённяшні дзень пэўным ідэалам? Якую вартасць маюць еўрапейскія каштоўнасці? Ці не ёсць Еўропа найперш эканамічнай уніяй? I якое значэнне мае культура ў такой супольнасці?» — такімі пытаннямі задаліся ініцыятары праекту і мастакі-ўдзельнікі.

Творчы дуэт Голдзiн & Сеннебай даследуе уплыў эканомікі на розныя грамадскія сферы. «Змяняючы пункт гледжання» – гэта правядзенне асацыяцый памiж субсідыямi ў сельскай гаспадарцы ды ў сiстэме фiнансавання мастацтва.

Марына Напрушкiна запазычыла назву для свайго вiдэа – «Багацце для ўсiх!» – з перадвыбарных прамоў германскага лідэра партыі левых. Праз сутыкненне розных кантэкстаў яна падымае пытаннi пра сутнасць тых абяцанняў дабрабыту, якія даюць еўрапейскія палітыкі.

Мiхаэль Эртс звяртаецца да iдэi iснавання грамадства як супольнасці i да ўзаемапавагі сярод розных суполак. У сваiх перформансах ён запрашае прадстаўнiкоў розных клубаў, суполак i аб’яднанняў узвесцi сабе помнiк (іранічная адсылка да бюргерства 19-га стагоддзя, якое масава ставіла сабе помнік за помнікам), i з гэтай нагоды задумацца пра матывацыю ўласнай дзейнасці i распавесцi пра яе гледачам.

Аляксандар Камароў спасылаецца ў вiдэа “Урокі мовы” i “Паліпадуаценне” да дэбатаў аб ролi нацыянальных моў у глабальным суполлi. Яго прыцягвае iдэя мовы, якая здольная стварыць штосьці новае, а не раз’ядноўваць людзей.

Вiдэа Aнэ Х’ёрт Гуту „Свабода патрабуе свабодных людзей” – каментарый да нарвежскай школьнай адукацыi. Мастачка распавядае гісторыю васьмігадовага хлопчыка, якi няўтульна сябе адчувае ў дысцыплінуючым гарсэце школьнай сістэмы i патрабуе права на самастойнае мысленне. Андрэй Лянкевiч даследуе ў сваiх фатаграфiях канструкцыi беларускай iдэнтычнасцi, якiя спалучаюць у сабе вытокі з розных крыніц.

Японская мастачка Асака Iвама ў сваіх перформансах, падчас якiх яна гатуе ежу, таксама падымае тэму ідэнтычнасцяў. Яе цікавіць сутыкненне розных самаiдэнтыфiкацый: азіяцкай ды еўрапейскай, жаночай ды мужчынскай.

Сяргей Шабохiн паказвае ў iнсталяцыi «We are stern consumers of cultural revolution» на прыкладзе беларускага авангарда шляхi камерцыялiзацыi культуры.

Юра Шуст звяртаецца ў сваiх працах да рознасцi i, часам, парадаксальнасцi ўспрыняцця Беларусi знутры i звонку. Ён разглядае асабiстыя i грамадскiя працэссы, што здольныя развiвацца на глебе iзаляцыi.

Экспазіцыя дасяжная да прагляду на працягу месяца. Таксама ў межах тэмы пройдзе шэраг мастацкіх перфомансаў. Так, 6 верасня мастак Міхаэль Эртс з Бельгіі зладзіць перфоманс з беларускімі ўдзельнікамі, пабудаваўшы сімвалічны манумент.

Фота з адкрыцця выставы 


Фотаздымкі: Юра Сідун 

12:00, 05/09/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.