Кароткая вандроўка сярод армян: Зангезур
Маленькая аўтарытарная краіна на ўскрайку Эўропы, галоўныя праблемы якой сыходзяць ад усходняга суседу, а багацьце абмяжоўваецца неверагоднай прыродай, людзьмі ды гісторыяй, на падтрымку помнікаў якой не заўжды знаходзяцца належныя сродкі. І гэтым падабенства Беларусі да Армэніі не абмяжоўваецца.
Другая частка артыкула Алеся Герасіменкі па выніках летняй вандроўкі ў Армэнію. Першая частка тут.
Зангезур — так называюць армяне поўдзень сваёй краіны. Армэнія — горная краіна. А Зангезур — гэта апагей гэтых гор, цяжкадаступная радзіма настойлівых горцаў, што стагоддзямі пракладалі тут дарогі, вырошчвалі на лапіках зямлі жыта і змагаліся з новымі і новымі нашэсьцямі з Усходу і Захаду. Прыкладна гэткімі заняткамі горцы ў Зангезуры захопленыя і дагэтуль.
Бясконцы сэрпантын, здаецца, папросту непераадольны ўначы: дарога ў напрамку Ірану, па якой мы едзем на «таксі» — машыне на чатыры чалавекі, якая замяняе тут адсутны ўжо некалькі гадоў грамадзкі транспарт, — неверагодна складаная. Фары выхопліваюць абрыў за абрывам. Безабаронная шаша з кожным паваротам адкрывае новы краявід цясьніны. Вось рака, павернутая назад: яна ратуе армянскае «мора» пасярод шэрых узгоркаў, возера Севан, ад канчатковага зьнікненьня. А вось шахта, дзе здабываецца для гэтай ракі вада. Недзе ў пячорах гэтых гораў археолягі знайшлі найстаражытнейшыя ў сьвеце пантофлі. Цяпер яны ляжаць у музэі ў Ерэване — крохкі абрывак гардэробу багатай армянкі, што жыла тут тры з паловай тысячагодзьдзі таму. У даліне ніжэй робяць цудоўнае віно, яго ж у бутэльках
Праз тры з паловай гадзіны мы прыяжджаем у Горыс. Гэты заціснуты паміж карабаскімі гарамі і цясьнінай Д’ябла старажытны горад сьвеціцца магічнымі для прыіранскай пустэчы гарадзкімі агнямі. Мы кажам кіроўцу, што хочам выйсьці на пад’езьдзе да Горыса. Адзін з пасажыраў таксі, высокі і худы армянін з памежнага Капану, які ўсю дарогу распавядаў гісторыі пра свой удзел у перастрэлках з азэрбайджанцамі, пачынае пужаць:
«Я б ня раіў вам ставіць намёт у гэтым лесе».
«Чаму? Гэта ж ня лес, а толькі прылесак ля гораду».
«Тут ходзіць шмат рысей. І гэтыя, як іх …дзікабразы ёсьць».«Нічога, у нас таксама ёсьць рысі», — кажам мы і выходзім з машыны. Кіроўца і ягоныя пасажыры разьвітваюцца з намі як са старымі сябрамі, жадаюць добрай дарогі. Але іхняя дарога будзе цяжэйшай: да 12 ночы іх чакае 29 паваротаў сэрпантыну перад тым, як машына дабярэцца да Капану.
Горыскія сьлівы
Калі мы нараніцу ішлі па галоўнай вуліцы Горысу, нас сустрэў няголены дзядзька ў паласатай кашулі. З дапамогай сьціплага запасу ангельскамоўных выразаў ён паспрабаваў запрасіць нас да сябе. Калі ён даведаўся, што мы разумеем
«Зрабіце мне адну паслугу. Зайдзіце ў мой сад. Там ёсьць сьліва і груша. Вазьміце сабе, і гуляйце сабе пешкі далей», — дзядзька ілюструе працэс збору сьліваў.
Мы пагаджаемся. Ягоны сьціплы сад у некалькі дзесяткаў квадратных мэтраў за высокім каменным плотам зьмяшчае акуратныя градкі з гароднінай і некалькі сьліваў. Над садам расьце вінаград. Мы прабраліся празь яго да сьлівы.
«Вазьміце сабе. Я часта так запрашаю да сябе гасьцей. Вось у мінулым годзе прыходзілі з Чэхаславакіі. Пасьля яны папрасіліся адпачыць у доме. Я завёў іх на гаўбец, мы выпілі, а потым яны пайшлі далей.
Мае дзеці разьехаліся: адзін — у Амэрыцы, другая — у Ерэване. А вось вашы бацькі недзе парадаюцца».
Шкада, але дабрыня дзядзькі выклікала ў нас нашмат лепшыя пачуцьці за ягоныя сьлівы…
Эміграцыя і дыяспара
Армянскія вёскі і гарады поўныя сьмецьця. У цэнтры Ерэвану адразу за галоўнай плошчай у Францускім сквэры, дзе па выходных адбываецца важная турыстычная падзея — «вэрнісаж» — кірмаш, на якім прадаецца ўсё, што магчыма — стаіць невыносны пах сьмецьця. У сьпякоце 40 градусаў пах узмацняецца шматкроць. У большасьці вёсак, дзе мы былі, ролю каналізацыі выконвалі канавы, што ішлі ўздоўж бакоў галоўнай вуліцы. У іх гаспадыні адпраўлялі недагрызенае і нявыпітае, у іх жа мылі посуд. У выніку пах на галоўных вуліцах ня надта спрыяе вясёламу шпацыру ўздоўж галоўных артэрый населеных пунктаў. Тое ж было і ў парках у Ерэване, каля аўтамабільных дарог, іншых публічных месцаў. Амаль зруйнаваныя масты, дарогі бязь люкаў, бэтонныя сьцены даўно закінутых прамысловых цэхаў, цэлых заводаў на ўскрайку Ерэвану з закалочанымі фанэрай дзьвярыма. Было адчуваньне, што краіна ў многіх сфэрах засталася на ўзроўні пачатку 90-х.
Многія ад таго адчуваюць сябе падманутымі. І таму кідаюць нядаўна вернутую радзіму. Зьяжджаюць у Расею, Амэрыку, Эўропу. Амаль у кожнага, з кім мы размаўлялі, ёсьць сваякі за мяжой. У таго дзядзька зь Нямеччыны прыяжджаў у мінулым годзе, у гэтага сваякі ў Маскве, той сам прыехаў на некалькі дзён дадому з Краснадарскага краю Расеі.
«Няма працы, — кажа мужчына, што падвозіць нас да стаянкі маршрутак у цэнтры пасёлку Сэван. Ён даўно працуе ў Расеі. — Зараз я забяру сям’ю, і мы ўсе паедзем у Маскву. Мы будзем ехаць двое сутак на машыне».
Возера Сэван забірае назад калісьці пакінутыя па волі камуністычных кіраўнікоў землі.
Гэты гатэль у турыстычным раёне сышоў пад ваду некалькі гадоў таму
Кажуць, што цяпер армян у два-тры разы болей за мяжой, чым у самой Армэніі. Дзякуючы моцнай дыяспары на Захадзе, армяне маюць вялікую фінансавую і палітычную падтрымку. У тым ліку і ў пытаньні прызнаньня турэцкага генацыду 1915 году. Дыяспара дапамагала зброяй і валютай у час карабаскай вайны. Цяпер багатыя армяне з Бэвэрлі Хілз засяродзіліся на падтрымцы культуры.
Напрыканцы экскурсіі ў галоўнай бібліятэцы Армэніі — Матэнадаране — дзе захоўваюцца кнігі і манускрыпты, створаныя яшчэ паўтары тысячы гадоў таму, маладая экскурсавод падводзіць групу расейскамоўных турыстаў, пераважна армянаў, да стэнду з кнігамі-падарункамі ад іншых армянаў.
«Нам кожны год дораць старажытныя кнігі з прыватных калекцый. Гэту падараваў армянін з Парыжу, гэта — з калекцыі амэрыканскага філянтропа». Вядома, парыскі калекцыянэр мае армянскае паходжаньне і ўсё жыцьцё займаўся тым, што выкупаў асобнікі армянскіх біблій у шматлікіх сем’яў па ўсім сьвеце.
Бачна, што словы пра падарункі ад дыяспары ўводзяць расейскіх армян, многія зь якіх слаба ўжо разумеюць па-армянску, у глыбокае задуменьне. У Матэнадаране можна сустрэць турыстаў-армян зь дзесяткаў краін. Тут і армянкі з Францыі, што вядуць змаганьне з узростам, пад руку са сваімі неармянскімі мужчынамі, і строгія армянкі-немкі, і разьняволеныя армянцы з ЗША, грузныя пары армянаў з Расеі. Мала хто зь іх слухае экскурсіі па-армянску, але амаль кожны ківае ўсьлед за тым ці іншым гістарычным фактам, пра які кажа экскурсавод.
Над невялікім возерам у самым цэнтры Ерэвану зьлева ад ягонай дамінанты — будынку опэры — нацягнуты, быццам тэнісная сетка над кортам, вялікі экран. На ім паказваюць канцэрт прыгожай эўрапейкі. Маладая жанчына сьпявае опэрныя партыі, і некалькі сотняў армянаў усіх узростаў разьмясьціліся на лаўках і газоне вакол возера, каб слухаць канцэрт. Экран дазваляе бачыць запіс з амаль любой кропкі вакол возера. Троху далей за сотнямі столікаў, амаль цалкам занятых, сядзяць наведвальнікі мясцовых кавярняў. Правесьці вечар ля опэры, здаецца, — адна з самых любімых летніх забавак ерэванцаў. Па плошчы вакол будынку катаецца на сыгвэях і самакатах моладзь, цінэйджэры-нефармалы рагочуць над чарговым жартам, расказаным кімсьці зь іх кампаніі. Калі над цэнтрам Ерэвану апускаецца цемра, здаецца, быццам гэта звычайны эўрапейскі горад. Які-небудзь сярэдніх памераў ЕрэваФэн ва Ўсходняй Нямеччыне. Калі б ня надта ж усходнія ўзоры высотак на толькі што адбудаваным на грошы дыяспары Паўночным праспэкце і не гісторыя гэтых месцаў, лёгка можна было б паверыць ва ўласную цудоўную тэлепартацыю на адзін вечар назад у Эўропу.
Троху больш за 20 гадоў таму плошча перад опэрай выглядала зусім інакш. У год посткурапацкіх Дзядоў у Менску плошча прыняла першую на прасторах зьнікаючай імпэрыі гіганцкую антысавецкую дэманстрацыю. Мільён чалавек выйшлі сюды, патрабуючы справядлівасьці і незалежнасьці для Карабаху. Праз два гады на гэтай самай плошчы 20 ці 30 тысячаў армян стаялі, як адзін узьняўшы правы кулак дагары, вітаючы новасьпечаных герояў карабаскай вайны. У той дзень хавалі сем фэнаідаў, армянскіх партызан, якія абаранялі ад дэпартацыі савецкімі войскамі адну з армянскіх вёсак на ўсходзе. У тыя гады слова «рускі» гучала ў вуснах армянаў сынонімам нянавісьці.
Карабаская вайна
З Горысу мы спрабуем трапіць у горны манастыр Татэў. Ён прыкладна ў 40 кілямэтрах ад гораду, але каб дабрацца да яго, трэба пераадолець вялізную Варатанскую седлавіну. Мы чулі, што да манастыра ходзіць аўтобус, але высьветліць, калі менавіта ён ідзе і дзе спыняецца, не атрымліваецца: мясцовыя мужчыны адмаўляюць ягонае існаваньне, а жанчыны сьцьвярджаюць, што аўтобус ходзіць ледзьве ня кожную гадзіну. Пазьней мы пачынаем разумець прычыну такога разыходжаньня ў сьведчаньнях: мужчыны ў Армэніі зарабляюць на перавозцы, у кожнага ёсьць сваяк ці сябра, што за пэўную суму гатовы завезьці куды заўгодна. Жанчыны ж уцягнутыя ў гатэльны бізнэс. Яны бесперапынна спыняюць на вуліцах замежнікаў і прапануюць пакоі ў гэстхаўзах. Мы прыгадваем падобнае месца ў паўночным гарадку Дылідан, дзе спыняліся ў доме, які трымалі выключна жанчыны. Ён, як і многія падобныя месцы, мае назоў у гонар ягонай уладальніцы — «У Ніны».
Страціўшы надзею напаткаць аўтобус, мы адпраўляемся да ўсьмешлівага таксіста Армэна, які згаджаецца за 14 эўра давезьці нас да манастыра. Мы праяжджаем па некалькіх вёсках, у адной зь якіх ёсьць тратуар. «Жыгулі» ныраюць у седлавіну. Становіцца цёмна, а на дарозе зьяўляюцца вялікія камяні. Армэн кажа, што некалькі дзён таму тут быў землятрус, эпіцэнтар якога аказаўся недзе ў блізкім Іране.
«Увогуле тут увесь тыдзень трасе».
Спусьціўшыся на самае дно седлавіны, машына пачынае шлях наверх. Гравійны сэрпантын ня мае ніякай агароджы, нават дрэваў паабапал дарогі: толькі вялізны каньён у прамнях заходзячага сонца. Маляўнічы пэйзаж бязьлесых Зангезунскіх гораў дапаўняе кабінка канатнай дарогі, нацягнутай над седлавінай, што боўтаецца недзе ўверсе. За паўгадзіны мы забіраемся да вяршыні абрыву і перад нашымі вачыма зьяўляецца тыповы круглы купал тысячагадовага манастыра, што стаіць на квадратным падмурку (гэта здольнасьць армян будаваць амаль ідэальна сымэтрычныя цэрквы з круглымі купаламі на квадратных падмурках будзе зьдзіўляць яшчэ многія пакаленьні архітэктараў). Калі глядзець з боку седлавіны, адразу становіцца зразумелым, чаму яго назвалі «тым, што ляціць» (менавіта так перакладаецца «Татэў»).
Перш-наперш мы адпраўляемся ў вёску ля манастыра. Тут мы імкнемся высьветліць, як усё ж такі ходзіць аўтобус, каб нараніцу дабрацца назад да Горысу. У вёсцы нас вітае звыклы пах адкідаў і бляяньне асла. Дваццаць гадоў таму брытанскі вандроўнік Філіп Марсдэн, трапіўшы сюды, пабачыў нешта падобнае. Толькі людзі былі занятыя ня звыклай сельскай гаспадаркай, а вайной з азэрбайджанцамі за невялікую правінцую Нагорны Карабах.
«Зь цемры саду скрозь асьветленае акно мне былі ясна бачныя іх чырвоныя твары — яны сядзелі ля доўгага стала ў падвальным памяшканьні, — так апісваў Марсдэн жыхароў вёскі. — Рубэн адчыніў дзьверы, і насустрач нам загучалі іх грубыя галасы. На стале быў пасьцелены абрус у белую і чырвоную клетку, якой амаль не было відаць з-за багацьця сыру, бараніны, хлеба, травы і араку. За лавамі і схіленымі сьпінамі людзей каля сьцяны стаялі некалькі аўтаматаў.
У далёкім канцы стала тамада-капіталіст адсунуў крэсла і ўстаў. Лямпачка зьвісала з драўляных дошак, асьвятляючы німб ягоных сівых ускаламачаных валасоў.
— У гэты дзень больш за семдзесят гадоў таму была абвешчаная рэспубліка Айастан (ухвальныя воклічы з-за стала), давайце прыгадаем той час і тых, хто змагаўся… — І ён прыгадаў тых герояў, якія адстаялі тэрыторыю ад туркаў у 1918 годзе, і вялікага правадыра Андраніка (ўхвальныя воклічы). — А цяпер Армэнія зноўку незалежная, і мы павінныя ўзбройвацца і абараняць сваю зямлю ад турак, абараніць бацькаўшчыну і… і… — Ён падняў сваю шклянку: — За Айастан!
— За Айастан!
[…]
Тамада падняў свой погляд дзяржаўнага дзеяча над галовамі тых, хто сабраўся, зьвярнуўшы яго да аднаго з дубовых перакрыцьцяў столі.
— Паколькі наша зямля, якая была нашай яшчэ да часоў Баграцідаў і Ані, зноў падвяргаецца нашэсьцю турак і мусульман, мы молімся за перамогу Хрыста, якога мы прынялі першымі ў сьвеце, ў 301 годзе.
— За Хрыста! За перамогу!»
Ён падняў шклянку ў мой бок.
— За перамогу! — Галасы набылі агрэсіўнае, бязьлітаснае адценьне. — Сьмерць мусульманам!
— Сьмерць мусульманам! — Кулакі ўдарылі па стале. — Сьмерць мусульманам! ….»
Вайна, найбольш актыўныя баявыя дзеяньні якой прыйшліся на пачатак 90-х, ня скончаная і дагэтуль. Шкодная транспартная блякада працягваецца, гэтаксама як і перастрэлкі паміж войскамі ўздоўж непрызнаных межаў рэспублікі Нагорны Карабах. Анкляў на захадзе Азэрбайджану, населены амаль аднымі толькі армянамі, паспрабаваў абвесьціць незалежнасьць, аднак спроба тая не была прынятая ўрадам у Маскве і Баку. У выніку баёў, этнічных чыстак у памежных вёсках, пагромаў загінулі некалькі тысячаў чалавек. Колькасьць уцекачоў ідзе на дзесяткі тысячаў.
Непасрэдны напамін пра вайну можна сустрэць наўпрост ля дарогі на поўдзень краіны. Уздоўж трасы, якая праходзіць у некалькіх кілямэтрах ад армянскай мяжы, насыпаны пясок.
«Гэта каб азэрбайджанцы не стралялі па машынах, — тлумачыць адзін з нашых спадарожнікаў. — А вунь нашы хлопцы сядзяць», — ягоны палец указвае кудысьці ў бок гор, па вяршынях якіх праходзіць мяжа паміж Армэніяй і азэрбайджанскім анклявам Нахічэвань. На іх бачныя агнявыя кропкі і некалькі салдатаў, што варушацца ў іх.
«Ніхто ня хоча вайны. Яна выгодная толькі тым, хто мае на ёй вялікія грошы», — бездакорная лёгіка армяніна сярэдніх гадоў, што сам браў удзел у вайне, не дазваляе спрачацца.
Генацыд
На Блізкім Усходзе здаўна гавораць. «Адзін габрэй варты трох грэкаў. Але адзін армянін варты трох габрэяў». Армяне здаўна былі аднымі з галоўных пастаўшчыкоў тавараў у Эўропе. Іх караваны вандравалі па вялікім шоўкавым шляху ад Калькуты да Вэнэцыі. Іх супольнасьці расьсяліліся амаль па ўсёй вядомай у час позьняга Сярэднявечча сушы. Яны займелі выключнае права на гандаль паміж Расейскай і Асманскай імпэрыямі, яны адбудоўвалі цэлыя гарады, як, напрыклад, Армянаполіс у Трансыльваніі дзеля забесьпячэньня свайго гандлю. Але акрамя вялікай схільнасьцю да гандлю з габрэямі армян радніць і іншы факт: усю сваю гісторыю яны церпяць пастаянныя ганеньні, пагромы і няшчасьці. У 20 стагодзьдзі такіх падзей здарылася выключна многа.
На ўсходзе Асманскай імпэрыі ў раёнах гарадоў Ван і Бітліс крывавыя расправы 1915 часткова зьдзяйсьняліся падчас рэйдаў узброеных атрадаў, колькасьць якіх даходзіла да дзесяці тысяч. Імі камандаваў Джэвдэт-бэй, зводны брат Энвэр-пашы, празваны конскай падковай за звычку пакідаць на сваіх ахвярах сьляды конскіх падковаў. Ён назваў свае атрады «Касаб табуры», або «забойныя батальёны». Скінуты з пасады кіраўніка гораду Ван мясцовымі армянамі ў сярэдзіне траўня 1915 года, Джевдэт-бей сабраў свае атрады і накіраваўся помсьціць армянам у горад Саірт. Там ён павесіў армянскага біскупа і перабіў большую частку хрысьціян, што заставаліся ў горадзе.
Пасьля прыбыцьця ў Бітліс ён сабраў каля дваццаці армянскіх лідэраў і павесіў іх. Атачыўшы горад сваімі «Забойнымі батальёнамі», ён абвясьціў збор усіх здаровых мужчын, здольных да ваеннай службы. Іх адвялі на невялікую пустку падалей ад гораду. Перад тым як расстраляць, іх прымусілі капаць траншэі, у якіх потым закапалі трупы. Жанчын і дзяўчынак пусьцілі па руках сярод мясцовых турак і курдаў; з тых, хто застаўся ў жывых, большую частку пагналі да ракі Тыгр і ўтапілі. У Бітлісе было забіта каля пятнаццаці тысячаў армян, яшчэ больш загінула ў час рэйдаў «Касаб табуры» па навакольных вёсках.
Афіцыйная трактоўка гэтых крывавых падзей была вельмі дзіўнай: плянамернае перамяшчэньне асобаў этнічнай групы, якая прадстаўлялі пагрозу, падрывалі бясьпеку ўсходніх межаў і чыя ляяльнасьць знаходзілася пад сумневам. Армян трэба было перш за ўсё раззброіць, пасьля сагнаць усіх разам і акружыць, мужчын забіць, астатніх ці забіць разам з мужчынамі, ці адвесьці на поўдзень, у бок пустыні. Да гэтага часу афіцыйна невядома, якога маштабу апэрацыі па зьнішчэньні армян рыхтаваліся загадзя, гэтак жа як і многае іншае, зьвязанае з падзеямі 1915 года. Захавалася няшмат дакумэнтальных сьведчаньняў, і, нягледзячы на тое, што ў іх зафіксаваныя зьдзейсьненыя злачынствы, туркі пастаянна адмаўляюць усё, што адбывалася тады. Даволі часта і самі армяне дапамагалі ім у гэтым. Наступствы карных апэрацый выклікалі ў туркаў і армян надзіва падобную рэакцыю, і ў розныя пэрыяды часу абодва бакі зрабілі ўсё магчымае, каб выкараніць нават памяць пра іх.
Некаторыя армяне кажуць, што армяне засталіся армянамі менавіта дзякуючы тым шматлікім перашкодам, што стварае для іх прырода і іншыя людзі. Маўляў, глядзіце, кожныя 40 гадоў на нас звальваецца няшчасьце, ад якога многія іншыя народы проста б сышлі ў нябыт. Але армяне гуртуюцца і супольнымі сіламі аднаўляюць сваё жыцьцё. Гэтак было і пасьля 1915 году, калі страціўшы сваю зямлю ля Арарату, армяне чарговы раз разышліся па сьвеце дзеля таго, каб працягнуць жыць у пустэчы, у гарах, на далёкіх выспах. Прыкладна ў гэты час Уінстан Чэрчыль казаў, што Армэнія будзе існаваць надалей выключна ў якасьці геаграфічнага назову. Але ўсё склалася інакш. Перажыўшы яшчэ адну сусьветную вайну, Сьпітакскі землятрус і Карабаскую вайну, армяне вярнуліся на гістарычную сцэну з уласнай дзяржавай. Армэнія — гэта сапраўдны цуд, гісторыя вяртаньня праз многія стагодзьдзі.
Як калісьці ў пачатку 20-га стагодзьдзя для выгнаньнікаў Арарацкай даліны ці карабаскіх уцекачоў 90-х, Армэнія зноўку становіцца ратаваньнем для тых, хто бяжыць зь яшчэ адной ахопленай вайной краіны. Прадстаўнікі вялізнай армянскай дыяспары Сырыі, пераважна праўнукі тых, хто ў часы генацыду 1915 году знайшоў ратаваньне на гэтых землях пад францускім мандатам, цяпер едуць у Ерэван падалей ад войскаў прэзыдэнта Асада. Жанчыны з галовамі, пакрытымі сукенкамі на арабскі манэр, замест рынкаў родных Алепа і Рака цяпер штонядзелю ходзяць на рынкі паўднёвага Ерэвану. На шчасьце, цяпер ім ёсьць дзе ратавацца.
Армянскі рай
View Кароткая вандроўка сярод армян: Зангезур in a larger map
На трэцім паверсе гістарычнага музэю у цэнтры Ерэвану ёсьць заля, прысьвечаная мапам, дзе ёсьць Армэнія. Тут каля 20 старажытных мапаў, створаных грэкамі і рымлянамі паводле Герадота і Страбона, мапы арабскіх купцоў і мапы, надрукаваныя ў Новы час ў Амстэрдаме. На некаторых зь іх выяўлены росквіт Армэніі — блізкая беларусам гісторыя пра страчаную краіну «ад мора да мора» (у дадзеным выпадку — ад Чорнага да Касьпійскага). На іншых Армэнія губляецца сярод шматлікіх рымскіх правінцый. Дзесьці яна пазначаная як населеная шматгаловымі пачварамі горнай краіны, дзесьці — як зямля шматлікіх манастыроў.
Ёсьць сярод гэтых выяваў мапа, якую вельмі любяць армяне па ўсім сьвеце. На ёй пазначанае месцазнаходжаньне раю. Рай, калі верыць гэтай мапе, знаходзіцца на поўдзень ад Калхіды. Цяпер так завуць Заходнюю Грузію. Там, на думку старажытных грэкаў, быў канец сьвету, туды плавалі арганаўты дзеля залатога руна.
Армэнія ляжыць якраз на поўдзень ад гэтай часткі Грузіі. Тыя, хто бачыў возера Ван, сапраўды называюць яго райскім месцам. І тое, што армяне, гэтак сама як і Адам, выгнаныя са свайго раю, не перашкаджае ім верыць у рай на зямлі. На поўдзень ад Калхіды.