Два колішнія землякі, а цяпер студэнты суседніх краінаў запрашаюць на творчы вечар «ля мора»

14 жніўня Дом культуры La Mora ладзіць беларуска-ўкраінскі творчы вечар. Але ж гэта не такі Дом культуры, які стэрэатыпна можна сабе ўявіць. Тут няма вялікай сцэны і сотняў драўляных крэслаў, няма ўрачыста апранутых вядучых з завучаным тэкстам, сюды не зганяюць на мерапрыемствы школьнікаў. La мора – арт-прастора для вольнай творчасці. А цяпер падрабязней пра тое, што адбудзецца там 14 жніўня, дакладней пра тых, хто там будзе.

Алесь Сьнег і Tomak Meri абодва нарадзіліся ў Бабруйску. Але ж у тыя далёкія часы пра існаванне адзін аднога не падазравалі і, ясная справа, ніяк не маглі ведаць, шо праз амаль два дзясяткі год будуць дуэтам чытаць свае вершы. Зараз Алесь вучыцца ў Баранавічах, але ж і ў Бабруйску бывае часта, а Tomak ужо 17 год жыве ва Украіне.

На правах ініцыятара мерапрыемства (хоць сам Алесь у гэтым і не прызнаецца) пачнем з бабруйчаніна, які жыве ў Беларусі.

Алесь Сьнег — малады паэт, які са сваімі вершамі выступае пераважна на музычных канцэртах у розных кропках беларускай мапы: у Менску, Бабруйску, Баранавічах. Чытаў свае вершы на адной сцэне з гуртамі AMAROKA, Recha, ZnaRoсk і інш.

«Люблю здзіўляць...нават самога сябе»

На сцэне з вершамі я выступаю паўгады, але графік выступаў у мяне насычаны. Спрабую, каб кожны выступ адрозніваўся ад папярэдніх. Чытаў вершы, седзячы і стоячы, на сцэне і на дыване, з мікрафонам і без. Я люблю здзіўляць... нават самога сябе. Музыкі ды паэты на чарговым выступе звычайна здзіўляць толькі навінкамі, а я спрабую кожны раз прадставіць новы стыль, новую канцэпцыю.

«Падрыхтаваў два ліхтарыкі, якімі свяціў на свае вочы і вусны — такім чынам наладжваў прысутных на адну хвалю са мной»

Прыгадаю свой выступ а 3-й ночы ў поўнай цемры. Было гэта ў сталічнай студыі BOOM. Музыкі, якія не ведалі адзін аднаго, і прысутныя мусілі за ноч поўнасцю напісаць песню: словы, музыку. Такая цікавая задума. А 3-й ночы, у працэсе стварэння песні, і адбыўся мой выступ. Я папрасіў, каб выключылі святло. Падрыхтаваў два ліхтарыкі, якімі падчас чытання вершаў свяціў на свае вочы і вусны, — такім чынам наладжваў прысутных на адну хвалю са мной.

Інтымна і рамантычна. Але ад памяшкання залежыць толькі тое, як я буду чытаць. Калі шмат месца — я магу дазволіць сабе крокі, калі мала — буду выступаць седзячы.

«Гэта стала своеасаблівай традыцыяй: выступаць на музычных канцэртах»

Мой першы выступ быў у школе. Але ж адбылося гэта, калі я вучыўся на 4-м курсе ўнівера, то бок у пачатку гэтага года. Мяне запрасілі выступіць на канцэрце гурта ZnaRock у Баранавічах. Пасля гэта стала своеасаблівай традыцыяй: выступаць на музычных канцэртах.

Калі казаць пра тое, колькі людзей ведае пра маю творчасць у Баранавічах… Я гэтага, на жаль, ведаць не магу. Але тут ужо было 3 выступы. Адзін у школе. Два на адкрытым паветры. Аднагрупнікі ведаюць пра тое, што я пішу, на выступы прыходзяць.

«Не мусорьте в подъезде!»

У дзяцінстве я вельмі любіў інфармацыю. Набываў кожны нумар спартыўных газет, хацеў пісаць артыкулы. Потым перайшоў на радыё, жадаў стварыць сваё. А яшчэ памятаю, як я на друкаванай машынцы (у мяне такая ёсць дагэтуль) зрабіў улёткі «Не мусорьте в подъезде» і раскідаў па паштовых скрынях. Ствараў кнігі пра спорт у адзіным экзэмпляры. Гэта мне год 10-11 было. Зараз усё з распаўсюдам інфармацыі прасцей: праз Інтэрнэт.

«Многія — на мора, а мае сябры — з Украіны ў Беларусь»

Многія едуць адпачываць на мора, а мае сябры з Украіны наадварот выбіраюць адпачынак у Беларусі. Прыедзе сябра, беларус, які жыве ў Адэсе, — Tomak Meri. Ён музыка, але яшчэ і вершы піша. Вось мы і вырашылі арганізаваць такі выступ. У нас у планах падарожжа па краіне. Бабруйск-Менск-Горадня-Баранавічы-Нясвіж.


Tomak Meri — беларус, які жыве ва Украіне. Музыка гурта Vychad u Pusteču. Піша вершы на ўкраінскай мове.

«Беларусь ёсць, была і будзе маёй Радзімай»

Ва Украіну мы з бацькамі пераехалі, калі мне было 2 гады. Цяжкія часы, толькі быў знішчаны СССР: ні стабільнасці, ні ўпэўненасці ў нейкай будучыні. А тут раптам бацьку прапаноўваюць нядрэнную працу ва Украіне. Вядома, мы і выправіліся сюды. Беларусь ёсць, была і будзе маёй радзімай, таму што там я зрабіў першы крок, сказаў першае слова. Украіна – любімая, кранальная, казачная зямля, але Беларусь – месца, дзе косці продкаў ляжаць, там жыве мая бабуля – мама маёй мамы.

«У школе і ва ўніверсітэце вучыў і вучу ўкраінскую мову»

Размаўляю ўсюды па-ўкраінску, таму што ў школе і цяпер, ва ўніверсітэце, вучу менавіта ўкраінскую мову. На жаль, не валодаю ў дастатковым аб'ёме беларускай, прынамсі, для камунікацыі малавата.

«Вершы пішу амаль усё жыццё, але пачынаецца ўсё толькі цяпер»

Займаюся пераважна музыкай. Гурт «Vychad u Pusteču» пачне сваю актыўную працу ў верасні, пазней плануем запісаць першы студыйны альбом.

У вершах не магу вызначыць сваю любімую тэму, пакуль збіраю матэрыял на першы зборнік. Можа… жыццё, і яго вобразы, але без пафасу. Вершы пішу амаль усё жыццё, але запэўніваю, што нічога з ранняй творчасці не вартае ўвагі. Пачынаецца ўсё толькі цяпер.

«Спадзяюся, людзі не будуць настроеныя на нешта надта сур’ёзнае»

Ідэя арганізацыі творчага вечара належыць Алесю Сьнегу. Увогуле, знаёмства з Алесем абсалютна выпадковае. Я натрапіў на яго старонку ў сетцы, яна мяне зацікавіла, вось прыкладна з гэтага і пачалося нашае знаёмства, выпадковае, але прыемнае.

Аднак паэтам мяне цяжка назваць, спадзяюся, людзі не будуць чакаць нечага занадта сур’ёзнага. Будзе просты вечар знаёмстваў. Інструманты з сабой не бярэм, але ткалі там апынецца гітара, то хто ведае, як усё працягнецца.

→ Пункт сустрэчы з хлопцамі: 14 жніўня, 20.00, La Mora (2-я вул. Шчорса 7а)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.