ТОП-5 новых спэцыяльнасьцяў у беларускіх ВНУ

Сёлета беларускія ВНУ значна скарачаюць лічбы набору, найперш з-за малой колькасьці абітурыентаў. Аднак гэта не перашкаджае ВНУ адчыняць новыя спэцыяльнасьці. 1 верасьня 2012 году зьявіцца восем нябачных раней у Беларусі спэцыяльнасьцяў. Мы выбралі зь іх такія пяць, што дэманструюць галоўныя трэнды ў беларускай адукацыі.

Крыптографы на службе ў КДБ

Безумоўным трэндам сёлетняй уступнай кампаніі ў ВНУ аказаўся рост набору на спэцыяльнасьці, дзе будуць гадаваць знаўцаў для працы ў сфэры бясьпекі. Многімі выпускнікамі такіх праграм можа ў будучыні зацікавіцца КДБ. У станоўчым сэнсе гэтага слова: спэцыялісту, напрыклад, у крыптаграфіі, якіх з новага навучальнага году будзе рыхтаваць БДУ, цяжка знайсьці працу ў месцы, не зьвязаным са спэцслужбамі. Разьмяркоўваць маладых крыптографаў таксама будуць выключна супрацоўнікі КДБ.

Набор на «прыкладную крыптаграфію» рабілі на Вайсковым факультэце БДУ. Таму проста з вуліцы трапіць на навучаньне па гэтай спэцыяльнасьці немагчыма: абітурыентаў абавязалі прайсьці адмысловае сумоўе у сілавых ведамствах. Крыптографы зоймуцца распрацоўкай сыстэмы, што дазволіць абараніць інфармацыю. Такія рэчы патрэбныя банкам, распрацоўшчыкам іншых праграм і дзяржаве агулам.

Акрамя гэтага бясьпека стане асноўнай тэмай навучаньня для студэнтаў новых спэцыяльнасьцяў у Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Інжынэр-праграміст-лягіст»

Акрамя гэтага з новага навучальнага году ў БДУІР будуць рыхтаваць майстроў адразу двух запатрабаваных у працадаўцаў сфэр: IT і лягістыцы. Унівэрсытэт адчыняе набор на «Інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі ў лягістыцы». Дыплём выпускнікі гэтай спэцыяльнасьці атрымаюць з арыгінальнай кваліфікацыяй: яны з гонарам змогуць называць сябе «інжынэрамі-праграмістамі-лягістамі».

Цікава, што спэцыяльнасьць адразу займела вялікую папулярнасьць у абітурыентаў: прахадны бал на ёй аказаўся роўным 310, што ёсьць найвялікшай лічбай для факультэту і адной зь самых высокіх для ВНУ агулам. Зрэшты, набіраюць зусім няшмат абітурыентаў: 25 на бясплатнае і 25 на платнае аддзяленьні. Для параўнаньня, на спэцыяльнасьці факультэту кампутарных сыстэм і сетак таго ж унівэрсытэту набор дасягае 90 чалавек на бясплатнае і 100 на платнае аддзяленьне. Агулам плянуецца, што студэнтамі гэтага факультэту стануць сёлета паўтысячы чалавек. Агульны набор у БДУІР — прыкладна 2.2 тысячы чалавек.

Фатографы ягонай вялікасьці

Упершыню ў Беларусі зьявяцца дыплямаваныя фотажурналісты. Праўда, атрымаць адпаведны дыплём БДУ здолеюць толькі тыя, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю. Бо набор па спэцыяльнасьці «фотажурналістыка» адчынены на факультэце перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі Інстытута журналістыкі.

Праграма разьлічаная на паўгоды вячэрняй адукацыі і распрацаваная пры сумесным удзеле выкладчыкаў Школы фатаграфіі і Інстытута журналістыкі БДУ. У Інстытуце ўжо ёсьць курсы «Асновы фатаграфіі» і «Асновы фотажурналістыкі». Да іх дададуцца курсы ад Менскага цэнтру фатаграфіі, дырэктар якога стаў куратарам праграмы. Стваральнікі спэцыяльнасьці «фотажурналістыка» спадзяюцца з дапамогай выпускнікоў «падвысіць якасьць візуальнай інфармацыі ў мас-мэдыя», а таксама «ўмацаваць пазыцыі фатаграфіі ў рэдакцыях беларускіх СМІ».

Дарэчы, стаць студэнтамі спэцыяльнасьці могуць і тыя студэнты, што вучацца на выпускных курсах іншых ВНУ. Галоўны крытэр — якасьць партфоліа з 20 фотаздымкаў.

Бесьпілотнік з адным крылом

А вось на, здавалася б, пэрспэктыўную спэцыяльнасьць «Тэхнічная эксплюатацыя бесьпілотных авіяцыйных комплексаў» ў Менскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы адбыўся недабор: на шэсьць месцаў адпаведнай спэцыяльнасьці вайсковага факультэту аказаліся залічанымі толькі пяць чалавек. Дый і тыя далёка не выдатнікі: знайшлося месца і для абітурыента са 109 баламі. Для атрыманьня такога выніку на ЦТ зь сярэднім балам школьнага атэстату ў 5 дастаткова напісаць усе тры тэсты на 20 балаў. Што на 13 болей за мінімальны вынік, які дазваляе быць дапушчаным да паступленьня ў ВНУ.

Атрымліваецца, што кіраваць новай распрацоўкай беларускай абарончай галіны — першым безпілотнікам — амаль што няма каму. Зрэшты, тое толькі першы набор.

Дэпалітылягізаваная сацыялёгія

Навучаньне па, бадай, самай дарагой спэцыяльнасьці сярод беларускіх ВНУ распачынае ў Вільні Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Завецца праграма проста: «Сацыялёгія» — і каштуе 2 300 эўра ў год. У беларускія рублі нават пераводзіць страшна. Зрэшты, у ЭГУ кажуць, што ўнівэрсытэт вылучае самым лепшым студэнтам (сёлета такіх будзе 14 на ўсю ВНУ) стыпэндыі па 2 000 эўра ў год. Акрамя гэтага, для многіх студэнтаў часткова пакрываюцца выдаткі на адукацыю.

Што ж чакае студэнтаў на самай дарагой спэцыяльнасьці ня толькі невялікага ўнівэрсытэту ў выгнаньні, але і ўсёй беларускай адукацыйнай прасторы? У навучальным пляне новай праграмы пазначаныя такія дысцыпліны, як «Сацыялёгія Інтэрнэту і масавых камунікацый», «Сацыялёгія мэнеджмэнту» і нават курс пад арыгінальным назовам «О дзівосны новы сьвет: ўтопія і антыўтопія ў літаратуры ХХ ст».

Цікава, што новая праграма ў ЭГУ закліканая замяніць зачыненую сёлета праграма «паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні», па якой студэнты ўнівэрсытэту вучыліся апошнія шэсьць гадоў. Кіраваў праграмай вядомы журналіст Віктар Марціновіч.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0711 seconds.