Студэнцкая вёска ператвараецца ў Шанхай?

У студэнцкай вёсцы «тулімся як кітайцы», — такі мэсыдж утрымліваў ліст, што некалькі месяцаў таму даслала нам студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Дзяўчыне «пашчасьціла» атрымаць месца ў пакойчыку ў першым ўзьведзеным у студэнцкай вёсцы інтэрнаце. Аднак хутка радасьць ад новага будынку замяніў смутак: з падвышэньнем платы за яго вырасла і колькасьць чалавек, «прапісаных» у адным пакоі. Цяпер стала вядома, што кіраўніцтва ўнівэрсытэту насуперак закону зноўку плянуе «ушчыльніць» інтэрнат.

У трохмясцовыя пакоі ў студэнцкай вёсцы заселяць яшчэ па адным чалавекі. У выніку ў інтэрнаце БДУ № 11, разьлічаным прыкладна на тысячу чалавек, заселяцца яшчэ 200. Аб гэтым паведамляе БТ.

Такі крок кіраўніцтва студгарадку БДУ тлумачыць імкненьнем скараціць чаргу тых, хто мае патрэбу ў інтэрнаце. Як раней пісаў Generation.bY, ні студэнтаў, ні прафсаюзы пры гэтым не пытаюць, ці згодныя яны з новымі ўмовамі жыцьця.

Між тым новы памер жыльлёвай плошчы: 5 мэтраў на чалавека — парушае беларускія законы. Пастанова Савета Міністраў № 1437 кажа, што ў інтэрнатах на 1 чалавека павінна быць ня менш як 6 кв. мэтраў жылой плошчы.

Выгодней здымаць кватэру?

За пакой, у якім цяпер кожнаму жыхару будзе прыпадаць у лепшым выпадку па 5 квадратных мэтраў, студэнты штомесяц выкладаюць 120 тысячаў рублёў. Атрымліваецца, што тарыф у БДУ, — 24 тысячы за мэтар ці прыкладна $160 за 55 квадратных мэтраў (памер звычайнай двухпакаёвай кватэры).

Калі беларускія студэнты плацяць аднолькавы кошт, жывуць яны на адным мэтры ці на 20, то для замежнікам цяперашняе ўшчыльненьне выгоднае:

«У замежнікаў аплата лічыцца, як за камунальныя паслугі ў кватэры. Але яна першапачаткова большая. А ў беларусаў аплата прывязаная да базавай», — заявіў Эўрарадыё дырэктар студгарадка БДУ Міхаіл Чарапеньнікаў. Без уліку ацяпленьня замежнік плаціць за месца ў інтэрнаце каля 150 тысячаў.

Але і за такія «птушыныя» мэтры студэнтам трэба яшчэ пазмагацца. У простым сэнсе гэтага слова: дзеля таго, каб забясьпечыць сябе інтэрнатам на будучы год, студэнты вымушаныя мінімум тры тыдні праводзіць у студатрадах.

А пакуль, не зважаючы на парушэньні закону, БДУ працягвае «ўшчыльняць», то бок ставіць новыя ложкі для студэнтаў дзе толькі магчыма. Летась «больш месцаў» стала ў інтэрнаце нумар 1. Хто наступны?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0757 seconds.