«Железный» — новы кліп Ляпіса Трубяцкога

Ляпіс Трубяцкой прэзэнтаваў сёньня новы кліп. Відэа на трэк «Железный» зьняў кіеўскі рэжысэр Аляксандар Сьцекаленка, той самы рэжысэр, які зьняў вядомы ўжо кліп Ляпісаў на песьня «Я верю». Па словах рэжысэра, у часе працы на кліпам для яго галоўным было паказаць «голы вітальны драйв» гурта «Ляпіс Трубяцкой».

«Гэту песьню я напісаў роўна праз 20 гадоў пасьля адной рэальнай гісторыі, якая са мной адбылася. Я і мой сябар Колт, адзін зь першых менскіх панкаў, трапілі ў рэанімацыю Менскай лякарні хуткай дапамогі пасьля перадазіроўкі Джэфам — вельмі папулярным у пачатку 90-х самапальным наркотыкам. Мы абодва больш сутак знаходзіліся ў стане клінічнай сьмерці, а потым патрапілі ў спэцустановы для наркаманаў, дзе сустрэліся з многімі людзьмі «наркатычнай сыстэмы». З тымі, хто колецца ўжо гадоў 25, у каго куча адседак і г.д.», — распавёў Сяргей Міхалок, лідэр гурта.

«Пасьля ўсіх гэтых сустрэч мы выйшлі на волю і больш ніколі — ні я, ні Колт — не ўжывалі ніякіх наркотыкаў унутрывенна. За тры тыдні ў нас цалкам памяняўся сьветапогляд. Да гэтага мы жылі пад лёзунгам «No Future» і імкнуліся паспрабаваць у гэтым жыцьці усё, а выйшаўшы зь лякарні, як гэта ні банальна гучыць, паспрабавалі заняцца справай. Я праз 2 тыдні паступіў у інстытут, у Колта таксама жыцьцё склалася — ён цяпер працуе рэпарцёрам-апэратарам, часта здымае ў гарачых кропках, на Балотнай вось здымаў», — дадаў Міхалок.

«Песня "Жалезны" — гэта, вядома, мэтафара, але яна мае рэальныя карані. Шмат маіх сяброў памерла ад наркотыкаў, многія сталі сыстэмнымі наркаманамі. А я навучыўся цаніць жыцьцё. Тое, што я жыву, гэта ўжо цуд. Я ж шмат разоў быў на валасок ад сьмерці і пасьля гэтага выпадку: алькаголь, панажоўшчына, крымінал 90-х. Асабіста мне выбрацца дапамог спорт. Я цалкам спаліў сябе старога, разьвітаўся са сваім мінулым жыцьцём — творчым і ня толькі. Каб адрадзіцца зноўку, трэба згарэць дашчэнту, як Фенікс».

Па словах рэжысёра Аляксандра Сьцекаленка, галоўнай задачай каманды стала паказаць групу «Ляпіс Трубяцкой» без масак, без грыму, без спэцэфэктаў, у тым адзеньні, у якім яны ходзяць па вуліцы.

«Паказаць голы вітальны драйв групы Ляпіс Трубяцкой — гэта практычна ўсё, чаго мы хацелі дамагчыся. Мы паставілі канцэртны апарат у велізарным ангары, гурт граў песьню "Жалезны", а мы здымалі — і так 7 гадзінаў запар», — распавёў рэжысэр.

«Другая лінія кліпа — Міхалок-баксёр — таксама не пастановачная. Міхалок у ёй грае Міхалка, мы проста зьнялі звычайны комплекс практыкаваньняў, які ён выкарыстоўвае на трэніроўках. Адзіны вобраз у гэтым кліпе — гэта старыя газэты. Шчыра прызнаюся, гэта парафраз аднаго старога савецкага сэрыялу, у якім герой Сяргея Шакурава ў сваёй цяплушцы лупіў па газэтах, каб стаць мацней. Для мяне гэты «бой з газэтамі» — сымбаль растаньня чалавека са сваім мінулым, прычым не мяккага растаньня, а рэзкага, агрэсіўнага — што, як усе ведаюць, і адбылося з Міхалком», — дадаў Сьцекаленка.

Цяпер гурт «Ляпіс Трубяцкой» актыўна гастралюе з праграмай «Не быць скотам». Сусьветная прэм'ера новай канцэртнай праграмы «Рабкор Live» адбудзецца толькі 29 жніўня ў Крыму, у рамках нулявога дня фэстывалю «Джаз Кактэбель». Патрапіць на гэты і іншыя летнія фэсты з удзелам «Ляпісаў» можна зь Мінска ў рамках аўтобусных тураў, якія арганізуюцца агенцтвам «Дэльфін груп». Даведка: (044) 717 86 14, (029) 876 38 21.

15:17, 16/07/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0047 seconds.