Суд у Гомелі: 65-гадовы экс-дэкан факультэту атрымаў 9 год, астатнія – па 7 і меней

22 красавіка Гомельскі абласны суд пад старшынствам Мікалая Маратаева абвясьціў вырак у дачыненьні 9 кіраўнікоў ды выкладчыкаў дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, абвінавачаных у хабарніцтве.

Найбольшы тэрмін пакараньня – 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму – атрымаў былы дэкан біялягічнага факультэту 65-гадовы Васіль Талкачоў. Два прарэктары: па кадрах (Аляксандр Кармазін) і па навучальнай працы (Сяргей Каморнікаў) атрымалі па 8 гадоў турэмнага зьняволеньня з наступным абмежаваньнем у правах яшчэ на 5 гадоў. Суд прызнаў іх вінаватымі ў неаднаразовым атрыманьні хабару ў буйных памерах. Хабар нібыта быў платаю бацькоў абітурыентаў за спрыяньне ў паступленьні ва ўнівэрсытэт.

У ліку асуджаных на 7 гадоў зьняволеньня – родны брат прарэктара Каморнікава, загадчык катэдры вылічальнай матэматыкі ды інфарматыкі Аляксандр Каморнікаў, а таксама дацэнт катэдры філязофіі Аляксандр Фяськоў. Раней асобна раённым судом на 7 гадоў пазбаўленьня волі пакараны дэкан юрыдычнага факультэта Андрэй Ключнікаў. Іншыя супрацоўнікі ўнівэрсытэту атрымалі больш лёгкія пакараньні.

Арышты ва ўнівэрсытэце былі распачаты яшчэ летам 2003 году. Апошнім з унівэрсытэцкіх начальнікаў, амаль праз год пасьля першых арыштаў, быў пасаджаны за краты прарэктар, прафэсар матэматыкі Сяргей Каморнікаў. Па сутнасьці ён кіраваў унівэрсытэтам да прызначэньня новага рэктарату:

(Каморнікаў: ) “Справа ў дачыненьні мяне сфабрыкавана абласною пракуратураю. Мы неаднаразова хадайнічалі перад судом, пракуратураю наконт выкліку ў суд усіх сьведкаў – студэнтаў, выкладчыкаў, якія прымалі іспыты, і правядзеньні экспэртызаў. Усе нашы хадайніцтвы былі адхілены”.

Падчас сьледзтва і судовага працэсу не абышлося без ахвяраў. Раптоўна памёр у ізалятары абвінавачаны ў спрыяньні хабарнікам юрысконсульт Міхаіл Мяжэвіч.

Падарвана здароўе ў выкладчыка філязофіі Аляксея Фяськова:

(Фяськоў: ) “Я тут за 19 месяцаў атрымаў 6 красавіка пасьведчаньне інваліда другой групы”, – паведаміў пакараны на сем гадоў зьняволеньня Аляксей Фяськоў.

Гомельскі праваабаронца “Вясны-95”, выкладчык унівэрсытэту Віктар Адзіночанка заўважае, што прысуд надзвычай жорсткі:

(Адзіночанка: ) “Безумоўна, гэты прысуд – частка кампаніі барацьбы з карупцыяй. І гэтыя людзі трапілі ў рэчышча гэтай кампаніі. Вядома, што і наш прэзыдэнт выказваўся наконт таго, што выкладчыкі бяруць хабар, да студэнтак прыстаюць і гэтак далей. Я думаю, што гэтым шмат у чым надзвычай жорсткі прысуд і абумоўлены”.

Сёньняшні вырак суду ў дачыненьні кіраўнікоў ды выкладчыкаў унівэрсытэту імя Францішка Скарыны – другая гучная справа пра хабарніцтва пасьля пакараньня былога рэктара мэдычнага інстытуту, прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Праўда, у адрозьненьне ад так званай “справы мэдыкаў”, назіральнікі ня лічаць цяперашнія прысуды палітычна матываванымі.

Радыё "Свабода"

17:00, 22/04/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.