Альбом HMR ад IQ48 выйшаў у вэб рэдакцыі

З нагоды 10-годдзя сваёй канцэртнай дзейнасці, гурт IQ48 выклаў у вольны доступ свой апошні альбом “HMR”, дапоўнены цалкам эксклюзіўным матэрыялам.


У перавыданне, якое атрымала назву "HMR web edition" увайшло 18 твораў. Акрамя непасрэдна альбому "HMR" рэліз уключае яшчэ 7 бонус-трэкаў, запісаных пад час працы над гэтай праграмай.

Бонусы — гэта, па-першае, рэміксы на ўласныя песні, якія зрабілі непасрэдна самі музыкі гурта, а таксама пры дапамозе ўдзельніка калектыву Drum Ecstasy З. Харытановіча. Па-другое, гэта кавэр-вэрсіі песень Red Hot Chili Peppers, Rage Against The Machine ды іншых.

Хлапцы з IQ48 вырашылі не рабіць кальку з вядомых замежных песень і напісалі да іх свае аўтарскія тэксты. Тэматыка атрымалася максімальна набліжаная да навакольнае рэчаіснасці. Тут і дзембеля, і аўтагоншчык, і дзядуля панк-року - Iggy Pop!

Але адна з песень усё ж была перакладзена і адаптавана — гэта твор Bob Marley "Redemption song", пераклад якой зрабіў вядомы паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў, з якім IQ48 паспяхова працавалі і раней.

«У траўні 2002 году ў клюбе "Танель" адбыўся наш першы "жывы" выступ. Дэбютавалі так, што "спалілі" апарат практычна на другой песьні! Безумоўна, гэта быў добры, ракенрольны знак! Наконт "HMR web edition"? Нам здаецца, што калі б, напрыклад, Red Hot Chili Peppers ці той жа Iggy Pop стала працавалі тут, то яны гучалі б менавіта так! Гэтаму мы і прысвячаем гэтае выданне!» - кажуць IQ48.

Спампаваць IQ48 «HMR web edition»

12:28, 04/07/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.