400 студэнтаў-фізкультурнікаў створаць жывую «сталінскую» вазу для Лукашэнкі

Падрыхтоўка да параду 3 ліпеня ў Менску ў разгары. Найбольш добра яе адчуваюць студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры. Тры сотні зь іх ужо два тыдні штодня трэніруюцца, каб стварыць на парадзе так званую «беларускую вазу»: 8-мэтровую канструкцыю ў 15 узроўняў, што мусіць прадэманстраваць веліч і стабільнасьць Беларусі.


Ваза варыянту 2007 году. Фота Юліі Дарашкевіч

Дзеля падрыхтоўкі да параду студэнты БДУФК здалі ўсе іспыты заранёў. Цяпер усе сілы 400 студэнтаў, што агулам выступяць на парадзе, накіраваныя на штодзённыя трэніроўкі.

Праўда, ня ўсё атрымліваюць у фізкультурнікаў. Апошнія дні зачасьціў дождж, з-за чаго трэніроўкі прыходзіцца пераносіць у залю.

«Дождж, увесь час дождж. Я не магу на мокрую вазу людзей паставіць», — быццам выбачаецца ў інтэрвію БТ Рыгор Рабель. Яго называюць «маэстрам», хаця афіцыйная пасада Рабеля гучыць як «рэжысэр-пастаноўшчык кампазыцыі „Беларуская ваза“».


Трэніроўка студэнтаў БДУФК. Кадр зь сюжэту БТ

Канструкцыя вазы простая: ніжэйшыя ярусы зоймуць хлопцы. На іх паставяць дзяўчыны ў «адмысловых купальніках» чырвонага, зялёнага і жоўтага колераў. Усю працэсію будзе суправаджаць песьня «Белая Русь».


Так выглядалі жывыя канструкцыі на парадах у часы Сталіна. Фота yahooeu.ru

Такія жывыя вазы на парадах асабліва любілі будаваць у сталінскія часы. Вось і радаслоўную «беларускай вазы» вядуць ад часоў кіраваньня правадыра народаў. Арганізатары параду 3 ліпеня кажуць, што ўпершыню падобную канструкцыю паказалі ў Маскве 75 гадоў таму.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0559 seconds.