El Dia Kubana
А вы маглі б падрабязна апісаць зараз усе разынкі якога-небудзь крутняцкага фэстывалю, наведанага год таму? Апісаць, нягледзячы на колькасьць выпітага піва, перажытых эмоцыяў і цэлага году, што прайшоў пасьля? Аляксей Норман можа. Зацяты аматар фэстывалю Кубана, што тройчы прайшоў на Таманскім паўвостраве, піша, чаму і сёлета рушыць на Ўсход у пошуках музыкі.
Хоць беларускае лета пакуль зусім не гарачае, але водар адпачынкаў набліжаецца нават у парывах вільготнага ветру за вакном. Каб не пратупіць свой адпачынак на пляжы, варта выбрацца хаця б на адзін зь вялізнай колькасьці эўрапейскіх буйных фэстаў. Але і на Ўсходзе ёсьць музычныя кропкі гэтага лета вартыя падвышанай ўвагі: Kubana.
Тараканы!, Louna, Lumen, Radio чача, Noize MC, Tracktor Bowling, «Рубль», «Элизиум», Слот - вось далёка ня поўны сьпіс гуртоў, якія пабывалі мінулым летам на Таманскім паўвостраве - паўвостраве Свабоды, на музычным фэстывалі Kubana, што праходзіў і будзе праходзіць у пасёлку Янтар / Весялоўка. А кіравалі ўсім гэтым вар'яцтвам замежныя госьці праекту: вечныя рухавікі сусьветнага панк-року з далёкай Амэрыкі Anti-flag сольны праект вакаліста легендарных Ska-P - The Locos і беларускія Ляпісы, якія зь нядаўніх сумна вядомых падзей у Беларусі неафіцыйна забароненыя, што, натуральна, толькі ўзмацняе жаданьне пабачыць іх жыўцом.
Разыначкай Кубана стаў выступ куміра дзяцінства, актора, чый капялюш, вусы і гітара сядзяць у памяці ўжо напэўна бязвылазна. Так, вы здагадаліся - гэта Міхаіл Баярскі. Здавалася, абсалютна ўсе сабраліся на танцполе, каб паслухаць песьні пра «Зеленоглазое такси», трох сяброў-мушкецёраў, Ланфрэн-Ланфра і, вядома, пра тое, што «Все пройдет». Усьмешкі, карагоды, капялюш і шалік Зеніта (няхай прабачаць мяне фаны ЦСКА і Спартака) - дзякуй вам, Міхаіл Сяргеевіч!
Зьявілася на мінулай Кубане і яшчэ адна навінка: начная сцэна. Пасьля няўрымсьлівага Аляксандра Чачы і новай рок-зоркі Louna на чале з вакалісткай Лу, яркіх выкрыкаў пра свабоду ад Anti-Flag пад іх ня менш яркі і хуткі рытм, зусім вар'яцкіх труб і саксафонаў Ska-P і Ляпіса Трубяцкога ды іншых пазытыўных забавак на адносна невялікім танцполе (а начная сцэна не змагла зьмясьціць у сябе ўсіх жадаючых, што, несумненна, будзе выпраўлена ўжо гэтым летам) можна было проста адпачыць, убачыўшы жыўцом «Дэльфіна» і адчуўшы гэтую невымоўную на словах атмасфэру, якая панавала на працягу ўсяго выступу; адарвацца пад незабыўных ізраільскіх электроншчыкаў «Infected Mushroom»; для асаблівых фанатаў «Тараканаў» DJ Spirin запальваў амаль да раніцы, падтрымліваючы і не даючы заснуць нікому, хто знаходзіўся ў тую ноч на El Noche Kubana. Менавіта на чале з тым жа няўрымсьлівым Сідам выступілі ў адну з начэй «Ракеты из России». А вам знаёмая словазлучэньне «Marky Ramones Blizkrieg»? Жывая легенда, бубнач Ramones Маркі Рамон наведаў у мінулым годзе начную сцэну Кубаны!
Адзіны факт крыху азмрочыў пазытыўную карцінку мінулагодняга фэсту. «Рубль» і «Ленінград» не пасьпелі прыехаць, бо сьпёка папросту паплавіла асфальт у аўрапорце.
Эмоцыі адчуваньні, якія проста нахабным чынам жывуць у галаве пасьля Кубаны, не сапсавалі нават такія дробязі, як пабудка ў 8-9 гадзінаў з-за сьпёкі, якая ў Краснадарскім краю, як аказалася папросту вар'яцкая; кошты на прадукты, якія для беларусаў аказаліся крыху нечаканымі, марадзёры, якія зьяўляюцца атрыбутам любога вялікага фэсту, дзе ахоўваць кожны намёт папросту немагчыма.
Але не пужайцеся, арганізатары фэстывалю на чале з Ільлём Астроўскім абяцаюць, што ўсе гэтыя недарэчнасьці хутка будуць выпраўленыя. І няма сэнсу ім ня верыць: Кубану можна назваць адным з самых папулярных і прагрэсіўных фэстаў у Расеі.
Ужо чакаеце? Ня зьнікла жаданьне ехаць? А яно і ня можа зьнікнуць!
Бо гэтым разам фэст працягнецца ўжо не 3, а 5 дзён. З 1 па 5 жніўня ўключна. 5 дзён поўнай свабоду, адпачынку і весялосьці!
Глядзіце сьпіс выступоўцаў:
Louna, Тараканы!, Lumen, Noize MC, Ленинград, Animal Джаz, Каста, Слот, Элизиум, Кирпичи, Jane Air - выканаўцы на любы густ, а гэта толькі касьцяк гуртоў, што прадстаўляюць РФ. Касьцяк для такіх монстраў далёкага і ня вельмі замежжа: родны для ўсіх беларусаў Ляпіс Трубяцкой; Enter Shikari и The Subways - брытанцы, якія адрозьніваюцца адзін ад аднаго па стылю выкананьня, але ня менш агрэсіўныя і запальваючыя, чым амэрыканцы Reel Big Fish і Gogol Bordello. Не абыдзецца і бе чарговай экзотыкі. Miyavi - японскі сьпявак і рок-гітарыст, зь неверагодным эпатажам. Ну і ня будзем забываць пра італьянцаў - ска-банда Talco, якая не змагла прыехаць у Менск з-за пытаньняў з візай, парадуе ўсіх беларусаў, якія дабяруцца до Весялоўкі, задорнымі матывамі, ад якіх ногі сабе па сабе адвольна пачынаюць танчыць.
Вядома гэта не ўсё. Самае смачнае яшчэ наперадзе.
Korn! заснавальнікі ню-мэтала, якія радуюць сьвет сваёй музыкай ужо 20 год, закрыюць дзённую сцэну Кубаны. Толькі з-за іх можна паехаць за некалькі тысяч кілямэтраў ад нашай утульнай краіны.
The Offspring! Калектыў, вядомы ня меней за Корна, накрые з галавой кожнага кубанойда. Калі яшчэ пашчасьціць пачуць панк-гурт, які пачаў сваю творчасьць яшчэ ў далёкія 80-е? Хуткія рытмы прымусяць, калі не скокнуць у натоўп слэму, то прынамсі забыць аб усім на сьвеце..
Sum 41! Канадцы, якія перамагалі ў намінацыі «Група году» і «Рок-альбом году», якія вядомыя сваёй нястомнасьцю, паўтары гадзіны будуць проста рваць сцэну Кубаны. У галаве блытаецца ўсё ад адной думкі, што такое магчыма "Thanks for nothing", "Still waiting", "88", "Fat Lip"…
Не забываем і пра El Noche Kubana - начную сцэну, дзе нас ужо будзе чакаць наш стары знаёмы Дэльфін у кампаніі Juno Reactor, Pendulum, Бременских музыкантов, Modestep, Rock DJs Mafia… Вы когосьці зь іх яшчэ не чулі?Засталося усяго два месяцы!
Яшчэ некалькі някалькі нязначных пытаньняў.
Як даехаць
Самы напэўна дарагі варыянт - на цягніку. Ёсьць просты цягнік да Анапы і ехаць на ім агулам паўтары дні. Гэта просты і зручны шлях, таму можна нармальна паспаць (тым, хто умее спаць у цягніку і не падаць зь верхняй паліцы) ды паесьці. Толькі аддаваць каля сотні даляраў у адзін бок ня кожны вырашыцца. А ад Анапы потым да Весялоўкі яшчэ 70 км, а гэта яшчэ каля 10$ на таксі.
Ёсьць больш танны спосаб - бас-тур. Каштуе квіток на яго яўна таньней, чым на цягнік. Мінусы толькі ў пастаянным сядзеньні на адным месцы цэлы дзень ну і адсутнасьць прыбіральні ды вагона-рэстарацыі. Затое - новыя знаёмствы і добрая кампанія гарантаваныя.
Трэці варыянт - аўтаспын. Вяртаньне такім чынам у Беларусь з Кубаны прайшло усяго толькі за тры дні. Дарэчы на пераправе з Порт-Каўказа ў Керч можна патрапіць на адзін паром з музыкантамі :)
Квіткі
Адказ можна атрымаць на сайце , альбо у адмысловых групах vkontakte. Калі каротка, то квіток каштуе трохі болей за 100 эўра.
Што браць з сабой
Акрамя рэчаў, што неабходныя для адпачынку на моры: намёт, каб было дзе жыць; спальнік бо ў гадзіны 3 ночы плаўкі і купальнік усё ж такі не выратуюць; грошы :) Не бярыце з сабой ўпрыгожваньні ды ноўтбукі, бо марадзёры будуць вам удзячныя.
Словамі не перадаць той атмасфэры, ці аўры, якая прысутнічае ўвесь фэст. Свабода, Радасьць, Эйфарыя, Пазытыў, Сьмех, Весялосьць. Мора, сонца, пляж, пясок - Kubana. Гэта будуць адрыўныя 5 дзён! Засталося ўсяго 2 месяцы - час пакаваць чамаданы!
Фотаздымкі з сайту фэстываля
Карысныя спасылкі:
kubana.com - афіцыйны сайт Кубаны, дзе можна паглядзець кошты, здымкі, відэа і запісацца ў шэрагі валянтэраў.
vk.com/kubanafest - афіцыйная група Кубаны, дзе можна даведацца тое, што на сайце, але яшчэ і знайсьці напарнікаў на аўтаспын ды проста новых сяброў.
vk.com/kubanabelarus - група, якая ладзіць бас-тур на Кубану.
kvitki.by/ru/buy/11194#plan - тут наўпрост прадаюцца квіткі на Кубану.