Эўрапейскай моладзі дапамогуць знайсьці працу за мяжой
Эўрапейскі Зьвяз запусьціў пілётную праграму для дапамогі маладым людзям, што шукаюць працу, уладкавацца за межамі радзімы. У Эўрапейскай камісіі спадзяюцца, што праграма дапаможа знайсьці працу больш як 5 тысячам чалавек.
У межах праекту 'Your first EURES job' эўрапейскі сэрвіс дапамогі ў пошуку працы прапануе маладым людзям ад 18 да 30 гадоў уладкавацца ў любой краіне ЭЗ у тым выпадку, калі на радзіме працы яны знайсьці ня могуць.
«Дапамога людзям з адпаведнымі здольнасьцямі знайсьці працу ў іншых краінах, у якіх такія здольнасьці патрабуюцца, можа стаць часткаю праграмы па выхаду з эўрапейскага крызысу беспрацоўя», — заявіў эўракамісар па сацыяльных пытаньнях László Andor. Цяпер каля 5.5 мільёнаў эўрапейцаў шукаюць працу. У некаторых рэгіёнах зьвязу доля беспрацоўных дасягае 20%.
У прыватнасьці, праз праграмы дапамогі пошуку працы маладыя людзі змогуць атрымаць кансультацыі аб месцах за мяжой на тэрыторыі іншых краін Эўразьвязу. Акрамя гэтага яны могуць разьлічваць на пакрыцьцё выдаткаў на ванроўку ў іншую краіну дзеля сумоўя і трэнінга.
Сярэднія і невялікія кампаніі таксама могуць падаваць заяўкі на атрыманьне фінансаваньня дзеля навучаньня маладых супрацоўнікаў. Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Эўракамісіі.
Пакуль што праграма разьлічаная на 5 тысячаў прадстаўнікоў пакаленьня Y зь Нямеччыны, Гішпаніі, Даніі і Італіі.