Толькі траціна выпускнікоў ВНУ задаволеная першым месцам працы

Паводле апытаньня, праведзенага праектам rabota.TUT.by, выпускнікі беларускіх ВНУ у большасьці не задаволеныя першым месцам працы, пры гэтым сваёй галоўнай праблемай у яе пошуку яны называюць адсутнасьць вопыту і практычных ведаў. Тыя ж, каму працу знайсьці пашанцавала, прычынай посьпеху называюць найперш асабістыя якасьці. А вось уласныя веды яны лічаць слабымі.

Як паведаміла naviny.by піяр-мэнэджэр праекту rabota.TUT.by Алена Праскурына, 68% выпускнікоў кажуць, што незадаволеныя месцам працы, якое атрымалі адразу пасьля заканчэньня ВНУ. Апытаньне ў Інтэрнэце праводзілася сярод тых выпускнікоў, хто не патрапілі пад разьмеркаваньне.

Каля двух трацінаў былых студэнтаў асноўнай прычынай адмовы ў прыняцьці на працу назвалі адсутнасьць вопыту, а каля 40% у якасьці такой прычыны называюць няўзгодненасьць рынкаў працы і адукацыйных паслуг.

Тыя ж, каму пашанціла атрымаць добрую працу адразу пасьля ўнівэрсытэту, лічаць, што ім, у першую чаргу, дапамаглі асабістыя якасьці, напрыклад, камунікабэльнасьць і адказнасьць, самастойнасьць. Характэрна, што дзесятая частка апытаных падчас навучаньня атрымалі вопыт працы, праходзілі стажыроўкі, што ў наступным дазволіла ім знайсьці добрае месца.


Дзякуючы чаму вы атрымалі першую працу?

Ведаў мала, затое гнуткасьць вялікая

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што маладыя спэцыялісты ацэньваюць свой узровень прафэсійных і практычных ведаў, а таксама ўсьведамленьне кар’ерных мэтаў на тры балы і ніжэй па пяцібальнай шкале. Пры гэтым адаптыўнасьць і гнуткасьць, а таксама агульная актыўнасьць была ацэненая рэспандэнтамі на чатыры і пяць балаў.

А вось такія фактары, як імя ўнівэрсытэту ці выдатнае навучаньне, на думку выпускнікоў, амаль не ўплываюць на магчымасьць атрымаць добрае месца. 

Аўтары дасьледаваньня лічаць, што выпускнікі тэхнічных і гуманітарных ВНУ сутыкаюцца з аднымі і тымі ж праблемамі пры пошуку працы.

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць, што цяперашні ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў беларускіх ВНУ пакідае жадаць лепшага:

«Здараецца, што новасьпечаныя юрысты ня ведаюць элемэнтарных рэчаў, напрыклад, тэрмінаў іскавай даўнасьці, а выпускнікі эканамічных спэцыяльнасьцяў блытаюць выручку і прыбытак. Такіх маладых спэцыялістаў нямае сэнсу браць у арганізацыю, а там, куды іх разьмяркоўваюць, плацяць капейкі. Адзначу, што пры невысокім узроўні падрыхтоўкі патрабаваньні па заробку ў шматлікіх выпускнікоў завышаныя».

Як лічыць Сяргей Балыкін, «масавае набыцьцё вышэйшай адукацыі», выліваецца ў шэраг праблем. Калі людзі атрымліваюць адукацыю для гачака, навучаньне ператвараецца ў фармальнасьць. І студэнты, і выкладчыкі разумеюць, што на практыцы многія веды не спатрэбяцца, і ў выніку фармуецца своеасаблівае стаўленьне да навучальнага працэсу.

Абумоўлена ж імкненьне да вышэйшай адукацыі тым, што ў адпаведнасьці з працоўным заканадаўствам дыплём аб вышэйшай адукацыі часам патрабуецца там, дзе ён і не патрэбны:

«Ёсьць інжынэры, якія выконваюць працу тэхнікаў і цалкам могуць абысьціся безь інжынэрнага дыплёму. Навошта вышэйшая адукацыя патрабуецца ад сакратара прыёмнай кіраўніка, шараговага спэцыяліста аддзелу продажаў? Людзі атрымліваюць дыплём праўдамі і няпраўдамі, і ў іх растуць амбіцыі».

Апытаньне праводзілася ў Інтэрнэце на сайце, прысьвечаным пошуку працы, сярод выпускнікоў ВНУ, што ня трапілі пад разьмеркаваньне. Таму яно наўрад ці адлюстроўвае поўную карціну стаўленьня моладзі да рынку працы ў Беларусі. Аднак пэўныя тэндэнцыі пазначыць здольнае.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.