Беларусь ізноў лідэр: нам выдалі яшчэ на 150 тысячаў шэнгенскіх візаў болей

Беларусь займае першае месца ў сьвеце па колькасьці шэнгенскіх візаў на 1000 грамадзян

Беларусь другі год запар займае першае месца ў сьвеце па колькасьці шэнгенскіх візаў на 1000 грамадзян. У якой амбасадзе лягчэй за ўсё атрымаць візу, а куды лепей пашпарт не аддаваць? Дзе болей за ўсё выдаюць шматразовых візаў, а хто скупіцца і на аднаразовыя?

На аднаго чалавека Беларусь атрымлівае болей за ўсё шэнгенскіх візаў тыпу С у сьвеце. Другі год запар. Паводле дадзеных Эўрапейскай камісіі па гэтым паказчыку зь вялікім адрывам мы абганяем суседнія Ўкраіну і Расею.

Краіны Шэнгенскай прасторы выдалі беларусам у 2011 годзе каля 580 тысячаў візаў тыпу С (кароткатэрміновых, па якіх можна знаходзіцца ў ЭЗ ня болей за 90 дзён на паўгады). Гэта на 150 тысячаў болей, чым у мінулым годзе. Для параўнаньня, кітайцы, якіх на сьвеце як вядома ўжо болей за мільярд, атрымалі каля мільёну шэнгенскіх візаў, а туркі, якіх у сем разоў болей за беларусаў — толькі 592 тысячы.

Яшчэ адна характэрная асаблівасьць мінулага году — рост колькасьці выдадзеных нам візаў, які непараўнальны амаль зь ніводнай краінай сьвету. Хаця гэта не дазволіла Беларусі ўзьняцца ў рэйтынгу краін сьвету па абсалютнай колькасці выдадзеных візаў. Наша краіна як і год таму займае ў ім пятае месца. Недзе паміж Турцыяй і Індыяй. Не зьмяніўся і лідэр гэтага сьпісу: расейцы займаюць першы радок у лісьце тых, хто мае больш за ўсё шэнгенскіх візаў. У мінулым годзе яны займелі 5 мільёнаў такіх налепак у пашпартах.

На шляху да адмены візаў?


Краіны Шэнгенскага пагадненьня і іншы сьвет

Мабыць, кожнага беларуса, які калі-небудзь стаяў пад амбасадай у чаканьні візы, цікавіць пытаньне аб тым, калі ж у Эўразьвяз можна будзе езьдзіць без дадатковых дакумэнтаў, як тое робяць многія краіны сьвету (напрыклад, грамадзянам Вэнэсуэлы ці Албаніі візы ў ЭЗ не патрэбныя). Яшчэ некалькі гадоў таму першыя месцы ў сьпісе самых частых атрымальнікаў візаў у ЭЗ займалі грамадзяне такіх краін, як Македонія і Сэрбія. А цяпер жыхарам Балканаў таксама не патрабуюцца візы, каб трапіць у Эўрапейскі зьвяз.

Гэтыя краіны выканалі патрабаваньні ЭЗ па зьменах у правілах міграцыйнага кантролю, выдачы біямэтрычных пашпартоў, а таксама прадэманстравалі жаданьне падзяляць эўрапейскія каштоўнасьці, у тым ліку і ў пытаньні павагі да правоў чалавека.

Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму — першы крок да таго, каб дзяржавы прыйшлі да спрашчэньня візавага рэжыму. Украіна, Расея, Грузія і Малдова ўжо падпісалі такія пагадненьні з ЭЗ. Цяпер грамадзяне гэтых краін плацяць за шэнгенскія візы 35, а не 60 эўра, як беларусы.

Эўрапейская камісія прапанавала падпісаць аналягічнае пагадненьне і беларускім уладам. Але яны не сьпяшаюцца спрашчаць жыцьцё сваім грамадзянам: кажуць, што ня хочуць губляць грошы, якія зарабляюць на беларускіх візах для замежнікаў. Ды й спрашчэньне візавага рэжыму будзе тычыцца ня ўсіх: як вядома, больш як 200 беларускіх чыноўнікаў і блізкіх да ўладаў бізнэсмэнаў ня могуць трапіць у ЭЗ з-за санкцый. Пакуль беларускі МЗС, гледзячы па заявах яго прадстаўнікоў, адстойвае пераважна пазыцыі менавітах такіх людзей.

Пры гэтым шанцаў дамагчыся хаця б спрашчэньня візавага рэжыму ў Беларусі нямала. Адзін з галоўных паказчыкаў у гэтай справе — доля адмоваў у візах, якая ў Беларусі роўная 0.5%.

«У Сэрбіі яшчэ да адмены візавага рэжыму каля 15% заяўнікаў на візу атрымлівалі адмову ў візе, але гэта не перашкодзіла сэрбам празь некалькі гадоў дамагчыся поўнай адмены візавага рэжыму з ЭЗ», — заявіла Generation.by украінскі экспэрт у візавых пытаньнях Ірына Сушко. Цяпер Украіна дамагаецца поўнай адмены візаў. Але цяпер працэс затармазіўся: там цяпер таксама нямала праблемаў з правамі чалавека.

Амаль кожная другая віза — шматразовая

Амаль кожная другая віза, якую ў 2011 атрымлівалі беларусы, дазваляла па некалькі разоў езьдзіць у Эўропу. Болей за ўсё такіх візаў выдалі палякі ды літоўцы. Раней такую візу простаму турысту было атрымаць амаль немагчыма. Але цяпер Польшча моцна спрасьціла працэдуру атрыманьня шматразовай візы. У выніку амаль кожная дзевятая зь дзесяці выдадзеных кансулятам гэтай краіны ў Гародні шэнгенскіх візаў — шматразовая. Як кажуць польскія дыпляматы, яны б з радасьцю выдавалі б і болей візаў. Аднак працоўных рук на ўсіх жадаючых проста не хапае. Палякі просяць дазволу ў беларускага боку павялічыць свой штат. Але беларускае МЗС дазвол не дае.

Вельмі шмат мультывізаў у 2011 годзе выдалі італьянцы і эстонцы (дзьве візы з трох). А вось нямецкія консулы наадварот шматразовых візаў ставіць ня любяць (іх доля не перавышала 14%).

Паводле колькасьці выдадзеных беларусам візаў усіх катэгорый таксама лідзіруе Польшча. На другім месцы Літва. Агулам рэйтынг краінаў паводле колькасьці выдадзеных візаў у параўнаньні зь мінулым годам амаль не зьмяніўся. Толькі што Латвія ды Эстонія выйшлі троху наперад, абышоўшы такім чынам Італію і Францыю адпаведна. Бачна, што беларусы ўсё часьцей зьвяртаюцца па візы да сваіх суседзяў. І тыя ім не адмаўляюць. Дарэчы, як кажуць прадстаўнікі літоўскай амбасады, каля 40% візаў, якія выдаюць у ёй, для беларусаў бясплатныя.

А вось супрацоўнікі швэдзкага ды славацкага кансулятаў заглядаюць у беларускія пашпарты радзей за іншых дыпсупрацоўнікаў: калі палякі за 2011 год паставілі беларусам болей за 244 тысячаў візаў, то славакі не дацягнулі нават да лічбы ў 4 тысячы.

Куды лепей пашпарт не насіць

Хаця адмовіць у атрыманьні візы ўсё ж могуць. Звычайна дакумэнты ў таго, хто не адпавядае патрабаваньням той ці іншай краіны, проста не прымаюць (нягледзячы на тое, што віза аднолькавая, патрабаваньні вельмі часта ў кансулятаў моцна адрозьніваюцца). Аднак візу ў пашпарт могуць не паставіць нават калі, здаецца, усе падставы на яе атрыманьне маюцца.

Каб гарантавана трапіць у ЭЗ, пашпарт варта несьці найперш у польскі ці літоўскі кансуляты. Менавіта ў іх колькасьць адмоваў у візах мінімальная і не перавышае двух дзесятых адсотка. Што характэрна, агульныя ўмовы атрыманьня візаў у гэтых амбасадах найбольш лібэральныя. А вось максымальную долю адмоваў у візах атрымліваюць тыя, хто падае дакумэнты ў прадстаўніцтвы Чэхіі, Эстоніі і Латвіі. У першым адмовіць могуць зь верагоднасьцю 3.5%.

Сярэдні ж узровень адмоваў у візах для беларусаў — 0.5%. Гэта значыць, што ў мінулым годзе болей за 9 тысячаў чалавек зьвярнуліся па шэнгенскія візы і не атрымалі іх.

«Ва Ўкраіне ў 2011 годзе адбылося 3.3% адмоваў у візах. Таму па дакумэнтах Эўрапейскай камісіі гэта краіна праходзіць як "небясьпечная", — кажа Ірына Сушко. — А Беларусь са сваім 0.5% краіна — бясьпечная, бо не перавышае мяжы ў 3%. Таму эўрапейскія чыноўнікі лічаць, што беларусы ня маюць намеру зьбегчы ў краіны зьвязу, як толькі займеюць жаданы шэнген».

Дарэчы, калі вам адмовілі ў візе, вы маеце права зьвярнуцца з апэляцыяй у амбасаду. Праўда разглядаць яе могуць да трох месяцаў.

Падобна, што эўрапейцы вельмі моцна давяраюць беларусам. Гэта становіцца зразумелым, калі параўнаць колькасьць адмоваў у візах для грамадзян нашай краіны з гэтым жа паказчыкам у многіх азіяцкіх ці нават паўднёваамэрыканскіх краінах. Напрыклад, кожнае другое візавае прашэньне жыхароў Альжыру ў амбасаду Вугоршчыны ў 2011 годзе адхілялася. Тое ж з грузінамі: Нідэрлянды не задаволілі чацьвертую частку прашэньняў аб візах грамадзян Грузіі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0685 seconds.