Бульба-фанк і пірацкі джаз у дэбютным альбоме Chiefs Band
Папулярны беларускі джаз-гурт Chiefs Band выпусьціў дэбютны альбом «Jazz Pirates» — дзевяць кампазыцый, у тым ліку экспэрымэнты ва ўласным стылі бульба-фанк. Канцэртная прэзэнтацыя дыска адбудзецца 31 траўня ў рамках «Джаз-чацверу» ў бары Coyote.
Chiefs Band быў заснаваны ў 2005 годзе бас-гітарыстам Аляксандрам Мышкевічам — вялікім прыхільнікам амэрыканскага джазу і фанку. За некалькі гадоў гурт стаў адным з самых папулярных клюбных праектаў Менску, сталым госьцем на міжнародных джаз-фэстывалях у Расеі і нават засьвяціўся на ТБ — Chiefs Band на працягу некалькіх сэзонаў былі акампаніятарам у праграме «Жывы гук».
«Нашы куміры — Джэймс Браўн, Tower Of Power, Incognito, Jamiroquai. Такую музыку ў Беларусі проста мала хто грае — пазытыўную, драйвовую, з поўнай духавой сэкцыяй, — разважае пра прычыны посьпеху Аляксандр Мышкевіч. — Але гэта менавіта “пірацкі джаз” — мы ня цалкам прытрымліваемся канонаў стылю. Граем крыху гучней, чым прынята ў джазмэнаў, часам устаўляемы нейкія рокавыя рыфы — увогуле, не баімся экспэрымэнтаў».
Большая частка матэрыялу на альбоме — аўтарскія кампазыцыі ўдзельнікаў Chiefs Band з тэкстамі на ангельскай. Але ёсьць і песьня на беларускай пад назвай «Час», якую самі музыкі лічаць першым у сьвеце творам ў новым, вынайдзеным самім гуртом стылі «бульба-фанк».
«Цяпер мы актыўна распрацоўваем канцэпцыю гэтага стылю. Гэта будзе спалучэньне “фірмовага” заходняга гучаньня і тэкстаў на беларускай мове. Думаю, менавіта ў гэтым напрамку мы будзем рухацца на другім альбоме. Некаторыя новыя песьні пакажам ўжо 31 траўня».
У рамках прэзэнтацыі таксама выступяць сябры калектыву — шоу бубначоў Stress (Менск) і джаз-бэнд Stop Time (Горадня). Вядучы вечару — музычны журналіст Зьміцер Падбярэзскі.
Прзэнтацыя: 31.05. Бар Coyote на праспэкце Незалежнасьці, 117а. Пачатак у 21.00. Квіткі: 40 000 — танцпляц, 60 000 — месца за столікам. Інфалінія: (029) 190 66 66.