Вінсэнта заглушыла вулічная музыка

У Вільні прайшоў чарговы фэстываль вулічнай музыкі, які ў мінулым годзе спрабаваў даволі няўдала пераняць Менск. Фэст супаў зь некалькімі цікавымі падзеямі для беларусаў, ад чаго пацярпеў патрыятычны рок-рэпэр Вінсэнт, віленскі выступ якога аказаўся слаба заўважаны публікай.

У гэты дзень у Вільні, падаецца, не было клюбу альбо бару, што браў плату за ўваход. Ня стаў выключэньнем і клюб «Прапаганда», ужо знаёмы беларусам па канцэрту гурта «Ляпіс Трубяцкой». Сяргей Міхалок прыяжджаў сюды роўна год таму ў самым зэніце свайго супрацьстаяньня зь беларускімі ўладамі, і на ягоны выступ можна было трапіць выключна па запрашальніках. Ладзіў імпрэзу Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, і яго студэнты склалі асноўную частку тых, хто тады і гэтым разам далучыўся да імпрэзы.

Але Вінсэнт, як высьвятляецца не, ці яшчэ ня «Ляпіс», а таму і цікаўнасьць да яго ў Вільні праявіла выключна беларуская публіка: тыя, каму ў кайф гукаць «Жыве!», памахваць сьцягамі і іншымі атрыбутамі нялёгкага жыцьця ў апазыцыі, ці, ня дай бог, на чужыне. Таму дайшлі да ягонага разам зь берасьцейкім гуртом «Сьцяна» выступу некалькі дзесяткаў асабліва адданых беларусаў. Усё ж Vinsent ня з тых, чый канцэрт нельга адмяніць «з-за пажарнай небясьпекі», ад таго кожны зь ягоных беларускіх фанатаў спакойна можа трапіць на выступ хлопца, абмінаючы паслугі візавых пасярэднікаў і памежнага кантролю на мяжы. Тыя ж, каму карціць, маглі б на гэтым тыдні ўтыкаць у новы кліпак свайго героя, зьняты па матывах ужо, бадай, самага скандальнага зь непаказаных беларускіх фільмаў «Вышэй за неба» Андрэя Курэйчыка.

Апошні са сваім творам патроху ператвараецца ў своеасаблівага Міхалка, галоўны вораг якога ўжо не крывавы рэжым, але ня менш крывавы ААН, што не дае вольнаму мастацтву на зло беларускай прапагандысцкай машыне рэзаць праўду-матку пра беларускае пакаленьне Y і ягоныя заганы. Паказальна і тое, што рэжысёр разам зь Вінсэнтам за дзень да ягонага канцэрту наведаў ЭГУ дзеля чарговага камэрнага паказу фільма (для маладога музыкі ў ім таксама знайшлася роля). Такім чынам «Вышэй за неба» ўвайшоў у пантыён такіх знакавых твораў беларушчыны, як, напрыклад, чарговы фільм пра аднаго дыктатара, што на наступны дзень таксама дэманстравалі ў ЭГУ.

Усе роўныя перад музыкай

Але ў Вінсэнта ў гэты дзень было сапраўды шмат супернікаў: пачынаючы ад фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў і сканчаючы паказам усё таго ж фільма пра крывавага дыктатара. Але галоўнай перашкодай для посьпеху сталі яшчэ прыкладна 200 літоўскіх, польскіх, расейскіх, беларускіх і іншых нацыянальнасьцяў музыкаў, што ў гэты дзень выйшлі на вуліцы Вільні. У сталіцы Літвы ўжо ў пяты раз запар праходзіў адзін з самых пасьпяховых фэстаў краіны пад няхітрым назовам «Дзень вулічнай музыкі».

Усе роўныя перад музыкай — так у трох словах варта апісаць усё тое, што можна было пабачыць у гэты суботні дзень у Старым горадзе ў Вільні. Амаль праз кожныя 30 мэтраў, а часам і на меншай адлегласьці, у наведвальнікаў фэсту быў шанец сустрэць нешта неверагоднае: ад 16-гадовага падлетка, што разам са сваёй дзяўчынай бярэ акорды Нірваны, да гіганцкага хору сьвяточна апранутых людзей, што адразу насупраць вежы Гедыміна выконваюць літоўскія гімны. Пры гэтым ніхто зь гледачоў ня быў абцяжараны неабходнасьцю да канца слухаць выступ таго ці іншага юнага ці старога дараваньня. У выніку кожнаму знаходзілася ўласная пляцоўка па густу: парачкі зь немаўлятамі тусаваліся ля вежы сьвятога Яна, слухаючы мілых спадарынь са скрыпкамі, а падлеткі ў шырокіх джынсах і кепках завісалі ля чувакоў, што дэманстравалі модныя танцавальныя прыёмчыкі, блякуючы такім чынам цэлую вуліцу Вільняўс.

Калі ж у наведвальнікаў усё ж атрымлівалася, прыціснуўшыся да сьценкі, праціснуцца праз натоўп падлеткаў, то наступнай перашкодай магло стаць кола капуэйршчыкаў альбо некалькіх дзесяткаў нефармалаў, што ціскаліся ля чарговых рокераў, што найгравалі нешта з Red Hot Chilli Peppers. Далейшае паглыбленьне ў музычныя хвалі віленскіх вуліцаў абяцаюць сустрэчу з Элай Фіджэральд, Джонам Ленанам, Guns N’Roses і яшчэ сотнямі розных музыкаў, накірункаў і кампазыцый. Усё гэта ў такой самай ступені міла, як і блізка да цябе. Нечага больш чалавечнага, калі ўся публіка, падаецца, дзеліцца, на тых, хто цяпер нешта выконвае, і тых, хто яшчэ не расчахліў уласных інструмэнтаў, прыдумаць цяжка.

Гэта падзея, што доўжыцца як мінімум з 2 да 10 гадзін, беларуса мусіць уразіць найперш свабодай: такога спалучэньня магчымасьці выразіць сябе з вольнай прасторай старога гораду ў Беларусі знайсьці, бадай, немагчыма. Хаця гэткую ж самую падзею паўгады таму можна было засьпець і ў Менску: ідэю правесьці ўласны дзень вулічнай музыкі да нас прывёз яе стваральнік Андрыюс Мамантавас. Але тады замест задавальненьня ад адчуваньня запатрабаванасьці ўласнай задумы, што, дарэчы, ужо распаўсюдзілася па ўсёй Літве, спадар Мамантавас адчуў нейкае дзіўнае спалучэньне неабходнасьці выкручвацца ад нязручных пытаньняў прэсы аб асаблівасьцях менскага мерапрыемства, удзельнікаў для якога выбіралі па ідэалягічных прыхільнасьцях, а не музычных здольнасьцях, разам зь імкненьнем распавесьці «па-за запісам» гісторыю літоўскай барацьбы за незалежнасьць. Больш Мамантавас у Менск са сваёй ідэяй не наведваўся.

Маладым актывістам, зьвязаным зь менскай мэрыяй, якія спрычыніліся да арганізацыі таго менскага дня вулічнай музыкі, пэўна было б цікава даведацца, напрыклад, аб тым, што браць удзел у фэсьце мог любы ахвотны ў залежнасьці толькі ад уласнай здольнасьці выконваць пэўную музыку на публіцы. Тут і становяцца зразумелыя і перавагі публікі разам з агульным трэндам таго, хто і што цяпер грае.

Гэта быў той дзень, калі выступіць мог кожны. У тым ліку і Vinsent.

→ Болей фотаздымкаў: Музычны дзень і Вінсэнт у Вільні

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.