У Літве тых, хто зьбег ад савецкага войска, прызналі пацярпелымі
Спроба адкасіць ад савецкага войска ў Літве цяпер лічыцца ня толькі бяскрыўдным учынкам, але і вымушаным геройствам. Прынамсі, у тым выпадку, калі прызыўнік альбо салдат зьбеглі альбо адмовіліся ад службы ў 1990–1991 гадах. Адпаведныя папраўкі ў законы былі прынятыя ў Літве надоечы.
Цяпер літоўскім хлопцам няма ад чаго касіць: войска ў Літве цалкам кантрактнае. Фота kam.lt
Усе тыя, хто спрабаваў касіць ад савецкага войска на сьвітанку літоўскай незалежнасьці, атрымаюць адмысловы статус пацярпелага ад акупацыі. Разам са статусам былыя прызыўнікі могуць разьлічваць на кампэнсацыю ў, прыкладна, 12 мільёнаў беларускіх рублёў і некаторыя льготы.
Для таго, каб атрымаць статус пацярпелага ад акупацыі, літоўцу трэба даказаць, што пасьля 11 сакавіка 1990 ён ухіляўся ад службы ў савецкім войску, дэзэрціраваў зь яго альбо быў сілай вывезены ў воінскія падразьдзяленьні.
У Літве гарантаваныя і іншыя выгоды для ўхілістаў і дэзэрціраў: яны маюць права на адмысловую пэнсію, а таксама ільготы на праезд.
Паводле NewsBalt, пасьля 11 сакавіка 1990 года ад службы ў савецкім войску адмовіліся 1 562 чалавекі, сума адначасовых кампэнсацый якім можа скласьці да 230 тысячаў даляраў.