Беларускіх сілавікоў вывучаць расейцы

Міністэрства абароны Беларусі ў 2012 годзе накіруе ў расейскія вайсковыя навучальныя ўстановы 100 абітурыентаў, у тым ліку чатырох для патрэбаў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Cёлета беларускае Міністэрства адукацыі працягне практыку навучаньня вайскоўцаў у Расеі. Гэтым разам, як паведамляе Interfax.by, у вайсковыя акадэміі гэтай краіны адправіцца 100 маладых людзей. Што на траціну меней, чым у мінулым годзе.

Зь іх чатыры чалавекі па вяртаньні на радзіму будуць працаваць на КДБ, а яшчэ 4 — на памежны камітэт.

«Для ўдзелу ў конкурсе на паступленьне ў расейскія ВНУ абітурыентам неабходна прайсьці цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай ці расейскай мове, фізыцы і матэматыцы», — кажуць у Міністэрстве абароны Беларусі. Акрамя гэтага, абітурыентаў абавяжуць пабываць на сумоўі.

У Расеі будучых КДБэшнікаў павучаць «ужываньню і эксплуатацыі сродкаў радыёэлектроннай, радыётэхнічнай выведкі» і «эксплуатацыі сродкаў забесьпячэньня доступу да інфармацыйных і тэлекамунікацыйных сыстэмаў». Дарэчы, вучыцца беларусы будуць у тым ліку і ў ваенна-касьмічнай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе.

Сёлета КДБ пашырае праграмы навучаньня сваіх будучых супрацоўнікаў у галіне тэлекамунікацый. Цяпер для патрэбаў камітэту дзяржбясьпекі спэцыялістаў будзе рыхтаваць і БДУ на адмыслова створанай катэдры прыкладной крыптаграфіі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0709 seconds.