Сьвята Дзікага Захаду ў Валожынскім раёне

У нядзелю 29 красавіка на ранча «Залатая шпора» ў Валожынскім раёне энтузіясты зладзілі сьвята ў стылі вэстэрн «Радэа Залатая шпора — 2012». Ужо а дзесятай раніцы людзі ў каўбойскіх ботах ды шляпах пакрысе пачалі запаўняць тэрыторыю ранча. З надвор’ем пашанцавала, і сонейка ахвотна паліла як на Дзікім Захадзе. Перад урачыстым адкрыцьцём Радэо госьці маглі паўдзельнічаць у майстар-клясах, якія праводзілі каўбоі ды індзейцы: навучыцца страляць з сапраўднага індзейскага лука, паплаваць у чоўне ды пракаціцца верхам на кані.

А 12-й гадзіне людзі пачалі зьбірацца на заднім двары, дзе ўжо папярэдне былі расстаўленыя бочкі для барэль рэйсінгу (хуткасныя скокі вакол бочак). Вядучы Радэо Бафала Біл са «стралой у рэбрах» павітаў гледачоў дасьціпным гумарам. Ураганам пранесьліся па пляцу каўбоі ды індзейцы ў маляўнічых гарнітурах. За імі адкрылі шоў коньніцы са сьцягамі. Надалей галоўны каўбой Радэо Павал прадставіў каней удзельнікаў спаборніцтваў. Бо кожны конь — гэта індывід, са сваім норвам ды звычкамі.


Грэйс — гаспадыня стайні. Шматдзетная маці. Кабыла, зь якой не страшныя ні агонь, ні вада, ні медныя трубы.


Дзіксі — самая хуткая кабыла на стайні. Любіць вучыцца, але не любіць, калі ёй навязваюць сваё меркаваньне.


Ластаўка — вытанчаная і хутканогая. Капыты яе лёгкія, як крылы ластаўкі.


Чынук — трафейны індзейскі конь. Конь, які ўсё ведае, усё ўмее, але нічога ня хоча.


Бусіна — сапраўдная арыстакратка. З падлогі ня есьць, па брудзе ня ходзіць, людзей без дзьвюх вышэйшых адукацый недалюблівае.


Джэсіка — маладая, шалапутная, капрызная і чароўная. Сапраўдная прынцэса.


Сакура — кабыла з філязофскім характарам. Але пад гук трубы яна ходзіць толькі кар'ерам.


Саната — скарочана клічуць Соня — і гэта кажа само за сябе.


Вэллабэль — у народзе вядомая, як Валя. Гэтая кабыла — спружына. Кажуць, яе мама зграшыла з арабам.


Хальвіна — самая цікаўная кабыла на стайні. Калі штосьці зацікавіла Хелю, нішто на сьвеце яе ня спыніць.


Арабіка — самая любімая на стайні кабыла, вывучыла не адно пакаленьне маленькіх вершнікаў. Ласкавая і вельмі ўважлівая.


Амэтыст — адзін з двух у Беларусі прадстаўнікоў Башкірскай пароды. Незвычайнай стракатай масьці. Чароўны ўпарцец.


Канада — першы раз у сваім жыцьці ехала на таксі. Маладая, вясёлая, з гумарам.


Фліка — кабыла-тайфун. Любіць плаваць і ныраць. Характар баявы.

Напачатку стартавалі юніёры. Ня гледзячы на свой юны ўзрост, у сёдлах дзеткі трымаліся ўпэўнена. Самая маладая ўдзельніца выступіла ў 8 год! Пераможцай юніёрскага барэль рэйсінгу стала светлавалосая дяўчынка Дыяна.

За юніорамі стартавалі мацёрыя вершнікі. Іх чакалі тры этапы адбору, на якіх удзельнікі павінны былі на хуткасьць аб’ехаць тры бочкі і абавязкова як стартаваць, так і фінішаваць праз брамы, што ня так проста як можа падавацца. Тут што вершнікі, што коні – паказвалі свой характар і моц. Многае пры выступе залежыла ад настрою жывёліны, бо калі нешта не падабалася – пачыналіся дзікія танцы і дыбы.

Эстафэту пад час перадыху ўдзельнікаў радэо перахапілі каралевы вэстарна. Іх таксама чакалі этапы адбору. Напачатку журы ацэньвала іх стылёвую прыналежнасьць да Дзікага Захаду, пасьля дзеўчыны ў двух словах апісвалі сябе. Таксама Каралева радэо павінна была ўмець таньчыць! Наступны этап адбору ўвасабляў сабой гонку зь вёдрамі: дзеўчына павінны былі на хуткасьць данесьці ваду да каня, і напаіць яго. Пасьля таго, як каня напаілі – каўбойкі яго асёдвалі па чарзе. За ўсімі гэтымі працэсамі пільна сачыла журы, і вызначыла Каралеву радэа. Ёй стала Марына Жэўняк.

Каралеву Радэа выбралі, засталося высьветліць, каго яна будзе ўзнагароджваць. Тым часам на адну бочку стала больш, і паставілі іх у адзін шэраг. У фінал прайшло тры ўдзельнікі. Два зь якіх выступалі на кабыле Грэйс, якая напрыканцы спаборніцтва вырашыла паказаць свой нораў. Удзельнікі, што выступалі на ёй, не фінішавалі. Першае месца, запрэжку й 200 амэрыканскіх даляраў узяла Галіна Дзіяніна, якая выступіла на Дзіксі. А другое і трэцяе, пасьля выніковага перазаезду на Бусіне Сяргей Якімовіч і Галіна Баслык – якія таксама атрымалі па запрэжцы.

Пераможцы забраліся на бочкі, атрымалі ўзнагароды, сфатаграфаваліся на памяць і пайшлі пераапранацца для «Шоў Бафала Біла», якое яны паказвалі нават пры двары ангельскай каралевы, як зазначыў сам Бафал.

Шоў сапраўды было эфэктным. Індзейцы скралі двух белых жанчын. Якіх у выніку вызваліў Шэрыф зь сябрамі каўбоямі. Пры гэтым, што індзейцы, што каўбоі паказалі шмат эфэктных трукаў з канямі.

Сонейка тым часам пачало сьвяціць слабей. Некаторыя людзі стаміліся і пакінулі ранчо. А для самых стойкіх надышоў час выступу гурта «ДоходягиБэнд» і кантры-танцаў.

Болей здымкаў у вялікім фотарэпартажы

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0657 seconds.