Інтэрнэт-рэліз ручной работы ад HandmadE (+мр3)

Гурт HandmadE прадстаўляе прадставіў у Сеціве свой першы студыйны альбом «DEMO. The music from unfreedom». Вакаліст Яўген Валошын, паэт Глеб Лабадзенка і кампазытар Андрэй Маркуц вырашылі стварыць годную альтэрнатыву той музыцы, якая прадукуецца на тэлешоў кшталту «Фабрыкі зорак» і гучыць на айчынных FM-cтанцыях.


Глеб Лабадзенка і Яўген Валошын. Фота www.Sur.by

Ідэя стварыць гурт зьявілася ў двух беларускіх журналістаў Яўгена Валошына і Глеба Лабадзенкі пяць гадоў таму, калі яны адпачывалі ў Італіі. Паводле іх задумы, гэты праект мусіў стаць годнай альтэрнатывай той музыцы, якая прадукуецца на тэлешоў кшталту «Фабрыкі зорак» і гучыць на айчынных FM-cтанцыях.

«Гэта выглядала напачатку на вар’яцкі плян. Але мы вырашылі не адмаўляецца ад ідэі, нават калі адыйшлі ад сонечнага ўдару. Вырашальную ролю ў рэалізацыі нашай задумы адыграў Андрэй Маркуц, які пагадзіўся далучыцца да нашага праекту», — распавядае Яўген Валошын.

Канчаткова HandmadE сфармаваўся, як жывы гурт, калі да яго далучылася рытм-сэкцыя ў асобах Івана Махновіча і Ціхана Золатава. Партыю акардыёна выконваў віртуоз Макс Квяткоўскі, які пасьля адгадаваў бараду й цалкам сышоў у праграмаваньне. Яго замяніў шоўмэн Уладзімер Пыльчанка.

Тэксты да асноўных гітоў стварыў Глеб Лабадзенка, які ў якасьці паэта-перакладчыка пасупрацоўнічаў ужо з Дакотай, Аляксандрам Рыбаком, Максам Лорэнсам, гуртом «Cтокс» ды іншымі.

«Свае вершы, якія гучаць у песьнях HandmadE, я пісаў канкрэтна для гэтага альбома. Прычым ствараліся яны ў розных краінах, у самым розным антуражы», — распавядае Глеб.

Так, напрыклад, «Вуліца-дым» напісалася ў часе глыбокай душэўнай тугі аўтара, у Менску. Твор «Толькі разам» быў прыдуманы ў варшаўскім гатэлі Felix. «Там, дзе лета бывае кароткім…» — у аўтобусе «Прага-Парыж», калі Лабадзенка й Валошын рабілі сэрыю рэпартажаў з Заходняй Эўропы. Зь песьняй «Сёньня ўвечары» — наогул асобная гісторыя. Яўген і Глеб задумалі яе, як беларускі «мядляк» і першае яе выкананьне адбылося на танцах у дзіцячым летніку ў Старадароскім раёне. Менавіта дзеці і настаялі на тым, каб гэты трэк быў абавязкова ўключаны ў будучы студыйны альбом.


Вокладку альбому падрыхтавала Марына Lee

У сваёй творчасьці HandmadE спалучыў шматлікія стылёвыя экспэрымэнты — як у моўным, так і музычным пляне. У песьнях гучыць беларуская, расейская і ангельская мовы, а жанравы спэктар кампазыцыяў сягае ад індзі-року і рэгі да акустычнага тэхна. Запісваліся песьні для альбома паступова — на тыя сродкі, што меліся ў кішэнях. Таму на старонцы рэлізу зьмяшчаецца адпаведная пазнака пра тое, што кожны трэк каштаваў ня больш за 50 даляраў. Тым ня менш, запісам музыкі засталіся задаволенымі, хоць і выдатна разумеюць, што няма межаў для самаўдасканаленьня. Праўда, айчынныя FM-станцыі музыку HandmadE не прынялі.

«Як толькі былі зроблены першыя трэкі, мы паспрабавалі прасунуць іх на беларускія станцыі. Але — хрэн! У пераважнай большасьці кампазыцыі расцэньваліся як „нефармат“», — кажа Яўген.

Праўда, зусім іншыя адносіны склаліся ў гурта з тэлебачаньнем. Анатоль Вечар зьняў ім за адзін дзень відэакліп на песьню «Вуліца-дым». Яшчэ адзін кліп, мульцяшны, зрабіла для гурта фатограф Інга Купчына — каханьне юнацтва аднаго з музыкаў. Да ўсяго гурт неаднаразова клікалі на тэлеканал АНТ, дзе апошнім разам ім нават уручылі дыплём за «Песьню году».

Стваральнікі HandmadE мысьляць далей. Цяпер яны думаюць даставіць свой альбом сьпявачцы Мадоне ды прадусару Тымбалэнду. Праўда, як жартуе Яўген Валошын, ён забуксаваў па дарозе ў Амэрыку. Цяпер беларускі музыка часова жыве ў Коста-Рыцы. У сувязі з гэтым, жывая прэзэнтацыя «DEMO. The Music from Unfreedom» пакуль не прадбачыцца. Затое ёсьць выдатная магчымасьць паслухаць і спампаваць HandmadE ў гэтую ж хвіліну на старонцы рэлізу Tuzin.fm/HandmadE.

15:00, 13/04/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.