За парушэньнямі правоў студэнтаў будуць сачыць прафэсійна

Грамадзкі Балоньскі камітэт, які зьбіраецца сачыць за выкананьнем правоў студэнтаў і выкладчыкаў, запрашае студэнтаў і выкладчыкаў да ўдзелу ў маніторынгу парушэньняў акадэмічных свабодаў.

«У межах дзейнасьці грамадзкага Балёнскага камітэту пачынае дзейнічаць маніторынг парушэньняў акадэмічных правоў і свабодаў у ВНУ Беларусі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні ініцыятывы, што была створаная незалежнымі адукацыйнымі экспэртамі ў мінулым годзе з мэтай узьдзеяньня на беларускія і эўрапейскія ўлады ў час верагодна далучэньня краіны да Балоньскага працэсу.

У кожным горадзе Беларусі, дзе ёсьць ВНУ, камітэт паспрабуе стварыць абсэрваторыі. Яны будуць складацца са студэнтаў і выкладчыкаў, якія будуць праводзіць маніторынг выкананьня акадэмічных свабодаў у сваім ВНУ.

Сутнасьць маніторынгу палягае ў выяўленьні выпадкаў парушэньняў акадэмічных правоў і свабодаў. Такіх, напрыклад, як незаконных адлічэньняў студэнтаў альбо звальненьня выкладчыкаў.

Да ўдзелу ў маніторынгу запрашаюцца ўсе студэнты і выкладчыкі ВНУ Беларусі, зацікаўленыя ў станаўленьні аўтаномных беларускіх унівэрсытэтаў, свабодных ад парушэньняў акадэмічных, грамадзянскіх і іншых правоў і свабодаў, унівэрсытэтаў, якія паважаюць і падзяляюць эўрапейскія акадэмічныя каштоўнасьці.

Для адабраных удзельнікаў маніторынгу будзе арганізаванае навучаньне. Таксама ўдзельнікі маніторынгу атрымаюць магчымасьць абменьвацца з эўрапейскімі студэнтамі і выкладчыкамі ведамі, удзельнічаць у адукацыйных мерапрыемствах і візытах.

Для ўдзелу ў маніторынгу неабходна паведаміць на электронны адрас monitoring.bk@gmail.com сваю кантактную інфармацыю. Пасьля гэтага арганізатары зьвяжуцца з кожным заяўнікам для далейшага знаёмства.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.