Janis Joplin: эпітафія каханьню

Інтэрнэт паведамляе: «2 красавіка 1971 году альбом Джэніс Джоплін „Реаrl“ — № 1 у ЗША». Даволі дзіўная інфармацыя, калі ведаць, што з даты рэлізу ў лютым 1971-га гэтая плытка практычна адразу скокнула на вяршыні разнастайных гіт-парадаў, дзе знаходзілася і да красавіка, і нашмат пазьней. Альбом, які канчаткова ўпісаў імя Джэніс Джоплін у гісторыю сусьветнае музыкі і які яна не пасьпела дапісаць. Пасьмяротная эпітафія каханьню і блюзу.

Мянушку «Реаrl» (пярліна) Джэніс Лін Джоплін атрымала за сваю звычку вычварна апранацца і, увогуле, за адпаведныя паводзіны. Яна заўсёды была асаблівай, не такой, як усе. На тое былі свае даўнія прычыны.

«Калі ты бяжыш наперадзе чалавечага статку, то ён будзе прагнуць цябе дагнаць і ўзьняць на свае рогі» (Ф. Ніцшэ). Ва ўсе часы «белых варонаў» ня тое што недалюбліваюць, проста не бяруць у лік. Такіх не запрашаюць на вясёлыя агульныя дні народзінаў, напрыклад, пасьля на вясёлыя пірушкі. Яшчэ ў школе «мілы сяброўскі» калектыў стварае такім глебу для комплексаў і суму на ўсё жыцьцё. Некаторыя ад гэтага пазбаўляюцца, некаторыя не пасьпяваюць. 27 год.

Дзяўчынкай Джэніс Джоплін лічыла сябе непрыгожай, пастаянныя траблы зь лішняй вагой і г.д. Да таго ж ёй «пашэнціла» быць незалежнай і разумнейшай за сваіх аднаклясьнікаў — яшчэ адзін шлях у школьны аўтсайд. Такім людзям застаецца ня так шмат шляхоў у жыцьці: альбо цалкам замкнуцца ў сабе са сваімі хібамі (нярэдка надуманымі), ці наадварот — даказаць «ім усім» сваю вартасьць. Геніі атрымліваюцца менавіта з такіх, хто нешта даказваў ці абвяргаў, дзейнічаў насуперак сытай прыгожай (?) большасьці. Джэніс спалучыла ў сабе і першае, і другое. Кінулася ў вір жыцьця цалкам і бяз рэшткі, але пачуцьцё непаразуменьня з чалавечым сьветам так ёй і засталося. Яе зорка ярка запалала, згарэла. 27 гад. Практычна дзяўчына. Яе забіў ня толькі гераін, яе забіў соцыум, бо яна не магла безь сьвятла, а соцыюм мог.

Школа ў яе гарадку Порт-Артур была адна, таму, як Джэніс казала пазьней, стаць ворагам школы — значыць стаць ворагам гораду. Адсюль імкненьне да пераездаў. Сваеасаблівыя ўцёкі. У іншых гарадах і штатах блюз, свабода і алькаголь без абмежаваньняў!

Ёсьць меркаваньне, што ў адной з такіх вандровак пад уплывам алькаголю Джэніс і набыла тую самую хрыпінку, якая стала яе фірмовым стылем. Такое на словах не патлумачыш, трэба чуць: калі слухаеш уважліва яе сьпеў, ствараецца адчуваньне, нібы гучыць не адна нота, а цэлы акорд, да асноўнага тону прымешваецца нейкі такі цыгарэтна-віскавы прыгук, быццам голас ідзе праз парваны дынамік узмацняльніку. Гэты вакал стаў недасягальным эталонам жаночага рок-сьпеву. Бывае і ад шкодных звычак карысьць, як бы маралізатары не крывіліся.

Паслухайце вэрсіі яе песень у выкананьні той жа сучаснай Pink: усе правільна, моцна і прыгожа, але да Джоплін і блізка не падобна. Нешта ня тое, нечага моцна не хапае. Пэўна, ў гэтых кавэрах не хапае самой Джэніс, лепш за яе ніхто не сьпяе. Тое ж і з песьнямі Хэндрыкса, Кабэйна, сьпіс даволі доўгі. Ім таксама было 27.

Апраналася яна дзіка і вычварна, але ёй гэта пасавала. Што тут сказаць, ні больш ні менш сэкс-сымбаль. У мяне, напрыклад, ад яе голасу мурашкі носяцца па целу, ды і ня толькі ад голасу. Джэніс — неверагодна прыгожы чалавек. Жывыя яе канцэрты як плыні магнетызму, амаль фізычна прыцягваюць да экрану. Шалёная, як гарматны агонь, экспрэсія, якая зносіць мазгі разам з чэрапам, кожная песьня сапраўды як апошняя, дзеля яе патрэбна выкласьціся на ўсе 100! Да прагляду яе выступаў пастаянна вяртаесься, бяжыш, як да самай цікавай кніжкі, кшталту «ну, што там будзе далей?!».

Звышэмацыйныя міміка і рухі пастаянна перад вачыма, яны застаюцца ў памяці і там па-добраму сьвярбяць. Пэўна, на канцэртах Джэніс Джоплін адбываўся шматразовы масавы аргазм. Такое проста ня можа пакідаць абыякавым. Магнэтызм. Хвіліны каханьня і прасьвятленьня.

Сёньняшнім «сьпяваючым трусам» трэба проста заняцца дамашняй гаспадаркай і не марочыць нам галаву. Ніякага сэксу ў іх няма, так, «шпіліўілі», як той казаў. Сякерная дэмастрацыя ледзь прыкрытых жаночых вабнотаў — гэта яшчэ не Жанчына, гэта прымітыў. Такія, пэўна, спадабаліся б аднаклясьнікам Джэніс Лін Джоплін.

З камэрцыйнага пункту гледжаньня Джэніс Джоплін была першай, хто пасунуў мужыкоў у замежных гіт-парадах, фактычна, яна адваявала месца для Жанчыны ў року. Але па-за сцэнай яна так і заставалася самотнай няшчаснай дзяўчынай, якая прагне каханьня. Былі выпадковыя і нядоўгія сувязі… Па-за сцэнай мужчыны лічылі яе проста «сваім хлапцом». Некалькі разоў у Джэніс былі спробы стварыць нармальную сям’ю, кінуць наркотыкі, музыку і «жыць у хаце за белым невысокім штакетнікам». Не пасьпела. Няшчасны выпадак. Пакінула нам «пярліну» — адзін зь лепшых альбомаў рок-музыкі як мінімум, у свае 27.

«Я займаюся сэксам з 25 тысячамі чалавек на сцэне, а пасьля іду адна дамоў», — Джэніс Джоплін.

P. S. 4 кастрычніка 1971 году Джэніс Джоплін не зьявілася ў студыю гуказапісу, дзе разам са сваім новым гуртом Full Tilt Boogie Band працавала над сваім чацьвёртым альбомам «Реаrl». На тэлефонныя званкі таксама ніхто не адказваў. Яе знайшлі мёртвай у нумары гатэлю, са сьлядамі падскурнай ін’екцыі (што яна не практывакала, па словах навакольля) гераіну. Сьмерць наступіла праз 10 хвілінаў пасьля ін’екцыі «вычышчанага, у 10 разоў мацнейшага за звычайны» наркотыка, у нумары панавалі чысьціня і парадак, на нарка-оргію ніяк не падобна. Узьніклі падазрэньні ў самазабойстве ці забойстве Джэніс Джоплін. Але больш падобным на праўду выгглядае вэрсія самазабойства па неасьцярожнасьці, такі трагічны няшчасны выпадак.

Апошнім часам Джэніс карысталася паслугамі наркадылера Джорджа, той заўсёды правяраў у знаёмых фармацэўтаў якасьць свайго прадукту. У гэты раз ён гэтага не зрабіў. У тую ж ноч па гарадзе было адзначана адразу некалькі падобных сьмерцяў ад такого ж «прадукту». Праца над новым альбомам настройвала Джэніс на сьветлую будычыню. Кажуць, што выглядала яна шчасьлівай, нават зрабіла ўрэшце прычоску. Жыцьцё, здаецца, наладжвалася, але выйшла так, як выйшла.

Р.P. S. Альбом «Реаrl» выйшаў праз 4 месяцы пасьля сьмерці Джэніс Джоплін, у памяць пра яе музыкі гурта разьмясьцілі на ім інструмэнтальную частку кампазыцыі Buried Alive In The Blues («Жыўцом пахаваная ў блюзе»), вакал да якой запісаць «Пярліна» не пасьпела.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4743 seconds.