Akute прэзэнтуюць новы альбом у Менску і Магілёве
Гурт Akute скончыў працу над новым студыйным альбомам, які атрымаў назву «Не існуе». Канцэртныя прэзэнтацыі дыска адбудуцца 8 красавіка ў Магілёве і 21 красавіка ў Менску.
Гэта другі паўнафарматны альбом у дыскаграфіі калектыва. На ім будзе 10 песень, у тым ліку загалоўная кампазыцыя выдадзенага ў лютым «Кроў EP». Запіс дыска праходзіў у Магілёве, а зьвядзеньнем займаўся менскі гукарэжысэр Яўген «Кідас» Сухавей.
«У параўнанні з дэбютам, гэты альбом больш востры па гучаньні, больш жорсткі па настрою і тэкстах. Мяркую, што ў ім больш таго самага дыска-дэкадансу, да якога нас любяць адносіць», — распавёў вакаліст гурта Стас Мытнік.
Канцэртная прэзентацыя ў Менску (21 красавіка, клюб Re:public) стане першым сольным выступам Akute на буйной сталічнай пляцоўцы. Адмысловым госьцем будзе менскі гурт Hum Flying Bulletproof Noodle. На прэзэнтацыі альбома ў Магілёве (8 красавіка, клуб Cuba) таксама не абыйдзецца без цікавых гасьцей - гуртоў «Петля Пристрастия» (Менск) і John Doe (Магілёў).
«Канцэрт у Менску будзе самым вялікім і самым адказным у гісторыі Akute - зайграем абодва альбомы і нават трохі больш», — абяцае бас-гітарыст калектыву Раман Жыгараў.
Тым часам дэбют Akute «Дзевачкі і космас» увайшоў у лік лепшых беларускіх альбомаў 2011 года па выніках узнагарод Experty.by. Гурт таксама намінаваны на пяць узнагарод на «Рок-каранацыі», якая мае адбыцца 31 сакавіка ў Маладзечна.
21 красавіка ў клюбе Re:Publiс, 19.00
Гурт Akute з прэзэнтацыяй новага альбома «Не існуе».
Квіткі: 45 тыс (першыя 100), 55-65 тыс. (астатнія, папярэдне), 75 тыс. (столік).
Продаж: пераход на пл.Я.Коласа, пераход каля ГУМа, клуб Re:Public, ГЦ Купалаўскі (пав.19), ГЦ Рыга (пав.18) і інш.
Даведка: (029) 649 08 88, (029) 110 35 35.