«Ляпіс Трубяцкой» — гурт года ў Расеі
Гурт «Ляпіс Трубяцкой» стаў трыюмфатарам галоўнай расейскай рок-прэміі «Чартова Дюжина. Top 13», цырымонія ўручэньня якой адбылася ў Маскве 7 сакавіка. «Ляпісы» былі прадстаўленыя ў пяці намінацыях, а перамаглі ў трох, уключаючы самую прэстыжную — «Гурт года».
«Гэта вельмі важная для нас перамога, — заявіў пасьля атрыманьня ўзнагарод Сяргей Міхалок. — “Ляпісы” — маленькі незалежны анарха-сындыкат, мы не ўваходзім ні ў якія шоў-бізнэс-кланы, ня ўдзельнічаем ў “зорных” тэлешоў, не наведваем сьвецкія раўты, не сьпяваем на праплочаных мітынгах. І, тым ня менш, нас прызналі лепшым гуртом 2011 года — значыць, мы на правільным шляху!»
Яшчэ дзьве намінацыі, у якіх перамог «Ляпіс Трубяцкой», гэта «Паэзія» (песьня “Я верю”, аўтар слоў — Сяргей Міхалок) і «Відэа» (кліп “Я верю”, рэжысёр Аляксей Церахаў). Для Церахава, культавага беларускага кліпмэйкера, які жыве ў Канадзе, гэта ужо 13-я (вельмі сымбалічна!) узнагарода, якую ён заваяваў у творчым саюзе зь «Ляпісамі». А тым часам у вытворчасьць запушчана чарговая сумесная праца гурта і рэжысёра, у якой, на гэты раз, змогуць прыняць удзел і прыхільнікі «Ляпіса Трубяцкога».
На днях «Ляпісы» абвясьцілі аб пачатку акцыі наўпростага дзеяньня «Ты ні пры чым?», вынікам якой стане відэакліп на адну з новых песень калектыву. Любы ахвотны можа зрабіць у сваім горадзе аўтарскае трафарэтнае графіці (якое менавіта, падрабязна тлумачыцца на старонцы акцыі ў сацсетках: fb, vk). Калі графіці спадабаецца музыкам і рэжысёру Церахаву, яно ўвойдзе ў кліп, а яго аўтар атрымае эксклюзіўны падарунак ад гурта «Ляпіс Трубяцкой».