Тар’я і патас
Неяк так склалася, што маё асяродзьдзе — з тых, каго можна назваць сябрамі, добрымі знаёмымі, — ня любяць патас ва ўсіх яго праявах. Ня любяць і ўсё! Гэта тычыцца ўсяго: кінастужак, тэлепраграм (тэлевізараў шмат хто прынцыпова ня мае ці проста не глядзіць), эстрады і да таго падобнага. А паколькі збольшага гэтая самая тусоўка — людзі «калямузычныя», гэтая нелюбоў у першую чаргу распаўсюджваецца, зразумела, на «патасных» музычных выканаўцаў кшталту Кіпелава і Ко ды падобных.
Пагадзіцеся, неяк няёмка становіцца за пяцідзесяцігадовага патлатага дзядзьку, калі ён трасе пэтламі на радасьць пятнаццацігадовых цінаў і пяе фальцэтам пра розных там магічных драконаў, троляў і мумітроляў! Гэтае відовішча будзе памацней «Фаўста» Гётэ, я вам скажу, і нават страшней за тусоўку хіпстэраў. А так робяць людзі практычна ўзросту нашых бацькоў! Задумайцеся! Вы б жадалі, каб вашыя бацькі ў сваім паважаным узросьце раптоўна загаласілі пра драконаў і рыцараў круглала стала? Я б пасьля такога як мінімум задумаўся.
Я і задумаўся так у нядзелю 4 сакавіка пад час канцэрту вядомай фінскай сьпявачкі Тар’і Турунэн, які адбыўся ў менскім Палацы Спорту. Пра яе і жадаю вам расказаць, амігас. Галоўны вынік гэтага майго роздуму — і патас можа быць дарэчным, прыгожым, кранальным і па-добраму моцным, калі на сцэне такая жанчына, музыка, як Тар’я.
Тар’я Сойле Сусанна Турунэн Кабулі, вакалістка зорнага фінскага hmr-гурта Nightwish, абвінавачаная былымі калегамі ў быццам залішнім перацягваньні коўдры, прагі да грошай, таямнічых камэрцыйных стасункаў і каханьня са сваім мужам-мэнэджэрам, гэтым самым гуртом была звольненая практычна ў яго «зорны час», на самім піку кар’еры. Адбылося гэта ўсё досыць непрыгожа і не па-мужчынску. 21 кастрычніка 2005 году пасьля канцэрту ў вялізнай «Хартвал Арэна» ў Хэльсынкі калегі з гурта проста перадалі Тар’і «адкрыты ліст», маўляў — прачытаць заўтра. Адтуль яна даведалася, што менавіта думаюць пра яе з мужам і што Nightwish і яна — гэта цяпер абсалютна не адно і тое ж. Канешне, пасьля быў «адваротны ліст» ад Тар’і, дзе яна проста паведаміла, каму і куды ісьці, а дакладней, што не разумее ўсіх гэтых раптоўных прэтэнзій, яны для яе ў навінку, але яна зла ні на каго не трымае.
І вось пасьля гэтага дачка фінскіх маразоў (вось ён патас, палез!) Тар’я Турунэн зьехала адаграваць сваю душу ў цёплую Аргентыну. Далей быў цяжкі пэрыяд самаізаляцыі і, напэўна, дэпрэсіі, але Тар’я Турунэн усё ж вярнулася да музыкі і распачала сольную кар’еру. Спачатку быў добра прыняты слухачамі і крытыкамі дыск калядных песень Henkäys ikuisuudesta (2006). Далей у 2007-м выйшаў My Winter Storm (тая ж рэакцыя). Апошнім на дадзены момант зьяўляецца альбом What Lies Beneath (2010).
Карацей, у Тар’і паперла, і, як казаў Дзед Талаш, у яе стала ўсё «зэ бэст»! А вось тут асабліва цікава. Прадусарам альбому What Lies Beneath выступіў спадар Дэніэль Прэсьлі, які працаваў з такімі культавымі, а галоўнае непатаснымі немэталічнымі выканаўцамі, як Faith No More, Jewel і The Breeders. Гэта, дарэчы, вельмі прыемная рыса заходняга шоўбізу — не заганяцца на выключна сваёй абмежаванай тэме. Там творчая думка можа расьці ў любы бок, абы быў добры вынік. Вось і атрымліваецца, што альтэрнатыўшчыкі-саўндпрадусары запісваюць патасны сімфа-паўэр-мэтал (я правільна апісаў стыль?). Ну а тое, што канцэртны склад гурта Тар’і Турунэн складаецца з былых удзельнікаў калектываў Annie Lennox, Joe Satriani, Jeff Beck, Madonna, Rolling Stones, Seal, Pet Shop Boys і Air, Нэлі Фуртада, Мобі, Ціны Цёрнер, Ванэсы Мэй — гэта ўвогуле no comments… Усьведамляеце, якія музыкі наведалі наш горад?
Будзем шчырымі, усьвядомілі далёка ня ўсе ці проста яны ня ведалі, дзе іх шчасьце ў гэты вечар. Менскі «Палац Спорту» быў запоўнены публікай максымум на дзьве трэці, але, здаецца, гэта ні на каго тут асабліва не ўплывала. Ва ўсякім разе Тар’я ды яе музыкі гралі проста шыкоўна! Прафэсіяналы ніколі ня скруцяць кіслую пысу кшталту «так мала народу прыйшло, паехалі ў нумары!»
Адпрацавалі музыкі на ўсе 15 000 працэнтаў! Што асабліва парадавала нашыя балотныя душы, гэта мілае, цягучае бы «Мінскі бальзам» «дзякуй» з вуснаў Тар’і, якім яна адорвала нас, магчыма, часьцей, чым тыя «сэнк ю вэры мач» і «ю а соў б’юціфул піпл». Беларусы — таксама вядомыя ў сьвеце паліглоты — пляскалі ў далоні і казалі «оооў йййээээаа!» пасьля кожнага працяглага ангельскамоўнага сьпічу сьпявачкі, быццам, мы тут усе разам, мы банда! І нават, падлавіўшы момант, калі натоўп і музыка сьціхнуць, адзін з нашых хлапцоў заравеў ва ўсю глотку «Тар’я, I want you!» Гэта пачуў увесь палац! Вось такія мы, беларускія мужчыны, сьмелыя, гарачыя і паліглоты! Прыгажуня ж Тар’я нічога не адказала, толькі сьціпла апусьціла вочы на букет падараваных ёй кветак. Можна сказаць, што такім чынам мы, беларусы, гарачымі галовамі ды сэрцамі растапілі лёд фінскага патасу. Між іншым, не самага дрэннага патасу, зусім нават наадварот, тым больш у параўнаньні з драконамі пяцідзесяцігадовага Валерыя Кіпелава!
Сюррэалізм і парадокс гісторыі: ня так далёка ад лініі Сталіна беларусы «зламалі» лінію Манэргейма!
Здаецца, абодва бакі былі гэтаму толькі радыя.
Паўсюль братаньне і пальба фэервэркаў у нябёсы!
Камандантэ заводзіць на паціфоне трафэйную кружэлку «What Lies Beneath» Тар’і Турунэн.
Уносяць «Мінскі бальзам».