У Менск прыедзе Тар’я Турунэн — экс-Nightwish

Сьпявачка наведае Менск з канцэртам у межах туру ў падтрымку альбому «What Lies Beneath». Канцэрт мае адбыцца ў сакавіку 2012 году ў Палацы Спорту. Тар’я — зорка фінскага рок-гурта Nightwish, які праславіўся на ўвесь сьвет арыгінальным спалучэньнем цяжкой музыкі, сымфанічных матываў, і, канешне, лірычнаму сапрана Турунэн.


Аўтар фота Paul Harries

У 2005 годзе пасьля 5 студыйных альбомаў, прададзеных тыражом болей 3 мільёнаў экзэмпляраў, іх шляхі з калектывам разышліся, аднак жарсьць сьпявачкі да рок-музыкі не прайшла, як і любоў публікі да яе.

Дэбютны сольны альбом Тар’і «My Winter Storm» (2007) заняў верхнія радкі гіт-парадаў Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Швэйцарыі, Вугоршчыны, а таксама быў намінаваны на нямецкую прэмію Echo і шэсьці фінскіх узнагарод Emma. У падтрымку гэтага дыску Тар’я зьдзейсьніла тур па Эўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы працягласьцю ў 95 канцэртаў.

Восеньню 2010 года выйшаў другі альбом «What Lies Beneath», на якім упершыню Тар'я стала суаўтарам усіх песень. І зноў посьпех у гіт-парадах Фінляндыі, Германіі, Нідэрляндаў, Аргентыны і многіх іншых краін. Рэакцыя крытыкаў таксама была станоўчай. Тур у падтрымку альбома пачаўся год назад і нават нягледзячы на занятасьць Турунен ў сайд-праектах (напрыклад, кожны год яна дае сэрыю калядных канцэртаў з ансамблем Harus) пасьпеў ахапіць больш за 50 гарадоў на трох кантынэнтах. 4 сакавіка ў рамках завяршальнай часткі тура, адразу пасьля новай сэрыі эўрапейскіх канцэртаў, яна прыедзе ў Менск.

Акрамя песень з двух альбомаў Тар'я зьбіраецца парадаваць прыхільнікаў свайго таленту сюрпрызамі.

«Прагучыць як мінімум адна з песень з рэпэртуару майго папярэдняга гурта, якую я не сьпявала ўжо шмат гадоў. Мы таксама паспрабуем адрэпэтаваць дзьве новыя песьні, каб прадставіць іх на канцэртах», — распавяла яна на днях у інтэрв'ю свайму грэцкаму фан-клюбу.

Канцэрт у Менску 4.03.2012, 19.00. Квіткі: танцпляц – 260 тыс. руб., сэктары – ад 160 да 410 тыс. руб. Продаж: у касах гораду і www.ticketpro.by. Інфалінія: +375 17 2801510; +375 33 6555596; +375 29 6555596.

11:30, 15/12/2011 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.