Тар'я Турунэн зрабіла відэазварот да беларусаў

Тар'я Турунэн запісала відэапрывітаньне для беларусаў у сувязі з канцэртам 4 сакавіка ў Менску. А ў гледачоў будзе шанец і самім захаваць сабе выступ сьпявачкі — па патрабаваньні яе мэнэджмэнту прыхільнікі змогуць вольна здымаць выступ на фота і відэа.

Ужо ў гэтую нядзелю ў менскім Палацы Спорту адбудзецца канцэрт непаўторнай Тар'і Турунэн (экс-Nightwish), чый унікальны голас заваяваў мільёны сэрцаў па ўсім сьвеце. У сталіцу Беларусі яна прыедзе ў межах заключнага тура ў падтрымку альбому «What Lies Beneath», у рамках якога яна ўжо пасьпела даць некалькі дзесяткаў канцэртаў па ўсёй Эўропе. Завершыцца тур выступамі ў Паўднёвай Амэрыцы.

«Прывітаньне, мае дарагія сябры зь Менску і Беларусі! Зусім хутка, 4 сакавіка я выступлю ў вас са сваёй групай. Я вельмі спадзяюся ўбачыць вас усіх на сваім канцэрце. Да хуткай сустрэчы!», — сказала Тар'я ў сваім відэазвароце.

Між тым, па патрабаваньні мэнэджмэнту сьпявачкі падчас усяго менскага канцэрту (як і падчас іншых выступаў тура) будзе дазволена фота- і відэаздымка для гледачоў без абмежаваньняў па часе.

«Для заходніх артыстаў гэта вельмі неардынарны крок, які сьведчыць аб адмысловым стаўленьні сьпявачкі да прыхільнікаў. Яна хоча, каб ва ўсіх засталіся здымкі і відэа на памяць. Мы з задавальненьнем падтрымліваем такія акцыі», — кажа арганізатар канцэрту Ўладзімір Шаблінскі.

У рамках канцэрту прагучаць песьні з двух сольных альбомаў сьпявачкі, некалькі новых кампазыцый, а таксама сёе-тое з рэпэртуару яе былога гурта Nightwish.

Канцэрт пройдзе ў межах туру «What Lies Beneath — Final Tour». 4 сакавіка, Палац Спорту, 19.00. Квіткі: танцпляц — 260 тыс., сэктары — ад 160 да 410 тыс. Інфалінія: +375 17 2801510; +375 33 6555596; +375 29 6555596.

13:00, 28/02/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.006 seconds.