Польскія студэнты праводзяць канфэрэнцыю “Польшча – Беларусь”
18 сакавіка ў Беластоку адкрылася пяцідзённая канфэрэнцыя “Польшча – Беларусь”, у часе якой, сярод іншага, будзе арганізаваны збор сродкаў на дапамогу студэнтам ЭГУ, якія вучацца ў гэтым горадзе.
Арганізатары канфэрэнцыі – сябры Незалежнага аб’яднаньня студэнтаў беластоцкага ўнівэрсытэту (NZS) і сябры Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС) – падрыхтавалі ў яе межах надзвычай вялікую колькасьць імпрэзаў: лекцыі, выставы, канцэрты, фільмы.
Удзельнікі канфэрэнцыі – а гэта ў асноўным студэнты і грамадзкія дзеячы зь Беласточчыны, але таксама і звычайныя жыхары гораду, ужо пасьпелі паглядзець некалькі фільмаў, прысьвечаных Беларусі, у тым ліку фільм аб жыцьці і творчасьці Васіля Быкава “Вяртаньне”, ці сустрэцца зь пісьменьнікам Сакратам Яновічам.
У праграме таксама шмат канцэртаў – ад бардаўскіх да рокавых, у часе якіх будуць зьбірацца грошы для студэнтаў ЭГУ, што вучацца ў Беластоку.
Арганізатары кажуць, што галоўная мэта канфэрэнцыі – пазнаёміць жыхароў Беласточчыны з сытуацыяй у Беларусі, беларускай культурай, што павінна дапамагчы ім пазбавіцца стэрэатыпаў у адносінах да беларусаў.
Ад Беларусі ў канфэрэнцыі ўдзельнічаюць актывісты Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў Сяржук Семянюк і Аляксей Лукашэвіч.