Бэрлін у фотавыставе Герыта Энгеля

Упершыню ў Беларусі гледачам прапануюцца 42 фотаздымкі, зробленыя Герытам Энгелем падчас яго працы над аднайменным альбомам, які выйшаў у сьвет у Германіі ў 2009 годзе і ўжо другі раз прынёс вялікі посьпех аўтару. Першая слава прыйшла да фатографа пасьля публікацыі яго фотапраекта «Manhattan. New York» у 2006 годзе.

Выставу нямецкага фатографа Герыта Энгеля «Бэрлін. Фотаздымкі» праводзіць Інстытут імя Гётэ ў Менску ў Палацы мастацтва з 7 да 23 сакавіка 2012 года ў супрацоўніцтве зь Беларускім саюзам мастакоў.

Усе фатаграфіі вытрыманы ў адным стылі, дзе архітэктурныя аб’екты адлюстраваныя прадметна, на фоне белага неба, зь мінімумам фарбаў і раўнамернай глыбінёй рэзкасьці. Храналягічны парадак дазваляе прасачыць архітэктурную гісторыю Бэрліна ад пачатку XIII ст. (Царква сьв. Мікалая, 1230 г.) да XXI стагодзьдзя (Галерэя Хінтэр дэм Гісхаўс, 2008 г., праект Дэвіда Чыпэрфілда).

Герыт Энгель нарадзіўся ў 1965 годзе ў нямецкім горадзе Эсэн. 
Атрымаў адукацыю па спэцыяльнасьцях архітэктура і фатаграфія. Жыве і працуе ў Бэрліне.

Будучы архітэктарам і фатографам адначасова, Герыт Энгель імкнецца вылучыць з дынамічнага гарадзкога жыцьця ўзоры самага трывалага і стойкага мастацтва, зробленага з цэглы і шкла, бэтону і мэталу – архітэктуру як суму ўсіх гарадзкіх збудаваньняў.

Адкрыцьцё выставы адбудзецца ў сталічным Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) 7 сакавіка а 18 гадзіне.

З 29 сакавіка па 16 красавіка гэтага года арганізатары плянуюць прапанаваць выставу таксама і гомельскім гледачам у Палацава-паркавым комплексе Румянцавых і Паскевічаў.

11:00, 01/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.