Гомельскі студэнт удзень ледзь не памёр ад холаду

Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту ледзь ня замерз у гомельскім парку. Міліцыянты выратавалі маладога чалавека, знайшоўшы яго без абутку і верхняй вопраткі пасярод дня.


У гэтым парку ў Гомелі знайшлі студэнта без абутку

Як паведамляе Тэлеграф, студэнт заблукаў у Гомелі ў лясным масіве насупраць гарадзкога Парку культуры і адпачынку імя Луначарскага і моцна зьмёрз. У 14:38 ён набраў 103 з просьбай аб дапамозе. Малады чалавек ад холаду ня быў ў стане перасоўвацца і ня мог дакладна назваць свайго месцазнаходжаньня.

На пошукі адправіліся ратавальнікі МНС, спэцыялісты хуткай мэддапамогі і супрацоўнікі міліцыі. У пошуках выкарысталі нават усюдыход «Радыян». Праз 40 хвілін студэнта знайшлі.

«Хлопец сядзеў адразу на сьнезе бязь верхняй вопраткі і басанож — абутку на ім не было, — распавялі „Ежедневнику“ міліцыянты, якія выратавалі студэнта. — Побач ляжалі куртка, шапка і шалік».

Паводле міліцыянтаў, малады чалавек знаходзіўся ў адэкватным стане: прыкметаў алькагольнага ап’яненьня яны не заўважылі. Праўда, выразна адказаць на пытаньне, што адбылося, хлопец таксама ня здолеў.

«Самае дзіўнае, што і сьлядоў, па якіх можна было б вызначыць кірунак яго руху, таксама не было…», — зьдзіўляюцца выратаваўшыя хлопца супрацоўнікі міліцыі.

Юнак, які апынуўся студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту, быў шпіталізаваны. Сам ён казаць аб тым, што здарылася, не жадае. Па словах лекараў, цяпер стан пацыента нармалёвы і не выклікае боязі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0697 seconds.