Адлічэньні актывістаў у Лінгвістычным унівэрсытэце

Трое палітычных актывістаў адлічаныя зь Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Студэнты зьвязваюць справу зь іх палітычнай дзейнасьцю і называюць незаконным «афіцыйнае папярэджаньне», якое навучэнцам вынесла рэктар унівэрсытэту некалькі месяцаў таму.

6 лютага зь Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ) адлічылі актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Салдаценку, Аляксандра Вялітчанку і Мікіту Каваленку, якія раней былі асуджаныя да адміністратыўных арыштаў за ўдзел у акцыях салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі. Аб гэтым піша сайт праваабарочнага цэнтру «Вясна».

Студэнт 3-га курсу факультэту іспанскай мовы Аляксандр Салдаценка 25 кастрычніка 2011 года быў асуджаны на 7 сутак арышту за ўдзел у акцыі. Пасьля затрыманьня на акцыі 26 кастрычніка 2011 году Аляксандр Вялітчанка атрымаў 15 сутак арышту, а Мікіта Каваленка — 10 сутак, а 8 студзеня яшчэ 5 сутак арышту за ўдзел у новай акцыі.

Аляксандра Вялітчанку затрымлівалі за ўдзел у акцыі 2 жніўня 2011 года каля будынку Горацкай калёніі, у якой тады адбываў пакараньне палітвязень Зьміцер Дашкевіч. Тады Аляксандра Вялітчанку пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў.

У лістападзе 2011 года рэктар МДЛУ Натальля Баранава вынесла студэнтам «афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў». У «папярэджаньні» гаворыцца аб тым, што ў будучым студэнты зоймуцца выхаваньнем школьнікаў і іх паводзіны мусяць быць прыкладам маральнасьці. Да таго ж дзяржава іх ахоўвае і дапамагае, таму маладыя людзі мусяць жыць па яе правілах.

Як лічаць студэнты і праваабаронцы, папярэджаньнем рэктар перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. З гэтай нагоды актывісты падрыхтавалі скаргі ў пракуратуру і Міністэрства адукацыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.