Akute прадставілі першы сынгл з новага альбома

Гурт Akute прадставіў у Інтэрнэце свой новы рэліз «Kroŭ EP», загалоўнай кампазыцыяй якога стала песня «Кроў бы вада». Гэта першы сынгл з будучага новага альбома, які павінен выйсьці гэтай вясной.

Akute

Матэрыял для альбому ўжо запісаны і знаходзіцца на стадыі зьвядзеньня. У будучы паўнафарматны дыск маюць увайсьці 10 песень, сярод якіх і прадстаўленая на сынгле «Кроў бы вада».

– Музычна песьня адрозьніваецца ад новага альбому, але добра паказвае яго настрой. Калі наш першы дыск быў прысьвечаны касьмічнай рамантыцы, то другая плытка хутчэй пра беспаветраную прастору і халодную вусьціш касьмічнай бездані, – распавёў бас-гітарыст гурта Раман Жыгараў.

Апроч загалоўнай кампазыцыі на новы сынгл патрапілі яе разнастайныя апрацоўкі ад беларускіх праектаў ideainahead (індзі-электроніка), B_Side (трып-хоп) і Pryzma (драм-н-бэйс). Сюрпрызам сынгла можна лічыць вэрсію «Кроў бы вада» ад прадстаўнікоў маскоўскай гіп-гоп-сцэны – праекта «Манижа & Миша Мищенко».

– Гэта выпадковая, але вельмі прыемная гісторыя – адзін наш сябар з Магілёву паехаў скараць Маскву і там пазнаёміўся зь імі. Яны папрасілі паказаць нешта зь беларускай музыкі. Скончылася тым, што літаральна за дзень яны запісалі сваю вэрсію і даслалі нам, – распавёў вакаліст Стас Мытнік.

Між тым «Кроў бы вада» і яшчэ некалькі новых песень Akute прагучаць у першым беларускім моладзевым сэрыяле «Вышэй за неба», які здымае вядомы рэжысэр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык.

Прэзэнтацыя сынглу адбудзецца 11 лютага ў клубе «Re:Public» у межах супольнага канцэрта гуртоў Akute, «Петля Пристрастия», Yellow Brick Road, «Дима Ску и все-все-все».

Спампаваць «Kroŭ EP» можна на адмысловай старонцы http://tuzin.fm/akute

21:50, 01/02/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0047 seconds.