Забаронены канцэрт «Крамбамбулі» адбудзецца ў Вільні

Канцэртная агенцыя «Шаблі» абвесьціла, што канцэрт гурта «Крамбамбуля», які плянаваўся на 11 лютага ў клюбе Re:public, скасаваны. Гледачам пачынаюць вяртаць грошы за квіткі. Канцэрт, які быў фактычна забаронены ў Менску, цяпер плянуецца ў Вільні. Арганізатары ўжо маюць папярэднюю дамоўленасьць на бясплатныя візы.

«Па стане на 1 лютага 2012 года ўладальнік пляцоўкі клуба «RE:Public» Прыватнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Канцэпт Стыль» ад выкананьня абавязальніцтваў па заключанай раней дамове ўхіляецца, спасылаючыся на "надзвычайныя абставіны ўнутранага характару» і лічачы яе аднабакова скасаванай. На дату 11 лютага 2012 года ў клюбе «RE:Public» ПБУП «Канцэпт Стыль» заяўленае правядзеньне канцэртнага выступленьня іншых беларускіх музычных калектываў.

ПП «Шаблі» просіць кіраўніцтва ПСУП «Канцэпт Стыль» растлумачыць, што маецца на ўвазе пад фармулёўкай «надзвычайныя абставіны ўнутранага характару». У сытуацыі прызнаньня гэтых абставінаў сапраўды надзвычайнымі згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і сусьветнай канцэртнай практыкай, ПП «Шаблі» можа быць прынята рашэнне аб адклiканьнi прэтэнзій аб кампэнсацыі страт, якія ўзьніклі па віне ПБУП «Канцэпт Стыль»,

— паведамляецца ў прэс-рэлізе агенцыі «Шаблі».

Крамбамбуля

У сувязі з гэтымі абставінамі канцэрт прызнаны скасаваным і пачынаецца працэдура вяртаньня квіткоў.

Вяртаць грошы будуць непасрэдна каля клюбу Re:public з 18:00 да 20:00 11 лютага з удзелам музыкаў «Крамбамбулі». Арганізатары просяць пры сабе мець пасьведчаньне асобы. Для тых, хто ня можа зьвярнуцца па свае грошы ў азначаны час, прапануюць кантактаваць праз тэлефоны 8 017 2801510, 8 033 6555596, 8 029 6555596.

Новы канцэрт «Крамбамбулі» замест забароненага ў Менску, цяпер плянуецца ў Вільні. Арганізатары паведамляюць, што ўжо існуе папярэдняя дамоўленасьць з амбасадай Літвы на бясплатныя візы для гледачоў канцэрту. Прыблізны час імпрэзы: канец сакавіка — пачатак красавіка 2012.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0565 seconds.