У БДУІР будуць вучыцца як у Эўразьвязе
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі першым з буйнейшых тэхнічных ВНУ пераходзіць на новы стыль навучаньня па модулях, які прыняты ў краінах Балоньскай сыстэмы. Цяпер адзнака, атрыманая студэнтам на экзамэне, ня будзе канчатковай па курсе. Яе вызначаць паводле рэйтынгу працы цягам сэмэстру.
На
З прыходам новай сыстэмы ўсе дысцыпліны разаб’юць мінімум на тры модулі. За кожны будуць ставіць асобную адзнаку. У выніку яшчэ перад іспытам у студэнта ўжо будзе тры адзнакі, якія складуць 70% выніковай ацэнкі за курс. Астатнія 30% студэнт заробіць на іспытах.
«Калі раней узровень ведаў студэнта практычна на 100% вызначала адзнака, атрыманая на заліку ці іспыце, то паводле праекту, які мы зараз распрацоўваем, вага выніковага кантролю складае толькі траціну», — кажа прарэктар па навучальнай працы БДУІР Алена Жывіцкая.
Такім чынам у БДУІР спадзяюцца прымусіць студэнтаў працаваць увесь сэмэстар, а ні некалькі тыдняў перад экзамэнам. Навучальная нагрузка павялічыцца. Але ў ідэале пры такім рэжыме працы, падрыхтоўка да заліку ці іспыту стане толькі спосабам сыстэматызацыі ведаў. Да таго ж студэнты атрымліваюць шанец пазьбегнуць сэсійнага стрэсу, калі за кароткі час трэба прыгадаць усё, што вучыў цягам сэмэстру, і давучваць тое, што не пасьпеў.
Крок да Балоньскай сыстэмы
«Ва ўнівэрсытэце ўпэўненыя, што абітурыенты і студэнты ўспрымуць рэформу адэкватна. Бо большасьць маладых людзей ідуць у ВНУ ня проста за дыплёмам, а за ведамі, якія дапамогуць у будучыні стаць добрым спэцыялістам», — піша БелТА.
Модульная сыстэма пабудовы навучаньня і падсумаваньне выніковай адзнакі — стандарт Балоньскай сыстэмы, да якой, гледзячы па ўсім пакуль беспэрспэктыўна, спрабуе цяпер далучыцца Беларусь. Так даўно вучацца студэнты ў суседняй Польшчы ці Літве.
Аднак акрамя зьніжэньня істотнасьці канчатковага меркаваньня выкладчыка ў час іспыту, Балоньская сыстэма патрабуе выбару дысцыплінаў: кожны студэнт можа сам «сабраць» свой дыплём, выбіраючы дысцыпліны для навучаньня з прапанавага сьпісу. Менавіта для гэтага і ўведзеная сыстэма модуляў, каб можна было «вымераць» вагу кожнай дысцыпліны і параўнаць час, які патрабуецца на яе вывучэньне.
Без увядзеньня магчымасьці выбару дысцыплін, зьмены, прапанаваныя ў БДУІР, акажуцца толькі «напаўрэформай». Хаця, ці будзе нават гэтая рэформа выкананая насамрэч, а не ў фармальных праявах, застаецца пад пытаньнем. Асабліва, калі прыгадаць характарыстыкі, якімі надзяліў Балоньскі камітэт беларускую сыстэму адукацыі пры абгрунтаваньні адмовы нашай краіне далучыцца да Адзінай прасторы вышэйшай адукацыі Эўропы.