Сьвятаслаў Вакарчук едзе ў Менск з новым праектам «Брусэль»

Дэбютны канцэрт новага музычнага праекту лідэра «Акіяну Эльзы» Сьвятаслава Вакарчука пройдзе 11 сакавіка ў Палацы Рэспублікі. Альбом з 12 песень па-ўкраінску і ангельску быў створаны ў супрацы зь лепшымі на сёньня ўкраінскімі музыкамі.

Разам з Вакарчуком, які ініцыяваў «Брусэль» ды стаў аўтарам і выканаўцам большасьці кампазыцый, над новым матэрыялам працавалі: Сяргей Бабкін (флейта, гітары, вакал); Дзьмітрый Шураў (раяль, элетрапіяніна, электраарганы, металафон), экс-удзельнік «Океан Ельзи», працаваў з Зэмфірай над альбомам «Спасибо», апошнім часам займаецца ўласным праектам «Pianобой»; Макс Малышаў (бубны, пэркусія), бадай, лепшы ўкраінскі бубнач на сёньня, прымаў удзел у запісе альбомаў большасьці вядомых украінскіх выканаўцаў; Пётр Чарняўскі (бас-гітара, гітары), ён у гэтым праекце ўпершыню экспэрымэнтуе з бас-гітарай.

Альбом быў запісаны ў жніўні 2011 году ў Брусэлі. 13 сьнежня 2011 году адбылася першая ў Украіне онлайн-трансьляцыя жывога канцэрту на YouTube — прэзэнтацыя «Брусэлю». Па афіцыйнай статыстыцы Google было зафіксавана 84000 унікальных падключэньняў. А значыць, па самых сьціплых падліках аўдыторыя канцэрту склала болей 100 тысяч гледачоў.

Менскія музычныя аматары маюць магчымасьць пабачыць «Брусэль» 11 сакавіка ў Палацы Рэспублікі. Кошты квіткоў: ад 190 тыс.рублёў. Даведкі: (029) 763 11 11 і allstars.by.

14:30, 25/01/2012 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.