Мастак Раман Аксёнаў аддае магчымасьць выставіцца ў галерэі «не-мастакам»

Вы можаце напісаць тэкст, намаляваць малюнак, на паперы, на палатне ці проста на сьцяне галерэі, проста выказацца на відэа, станчыць — карацей, парушыць межы ўласнай прафэсіі і зрабіць ўсё, што толькі ў галаву прыйдзе. Галоўнае — не быць пры гэтым мастаком. І ўсё гэта будзе паказана ў галерэі «Ў».

«Як мастак, ва ўсялякім выпадку як чалавек, што на мастака вучыўся, я ўсьведамляю сваю няздольнасьць выказацца шчыра (што зьяўляецца абавязковай умовай у мастацтве) па прычыне мэркантыльнай зацікаўленасьці, патрэбна ж карміць сям’ю і да т.п. Таму гатовы любому аддаць сваё «працоўнае месца», у каго ёсьць непераадольнае жаданьне падзяліцца думкамі, асабліва калі вы — не мастак (прафэсіяналам, жадаючым раскруціцца, просьба не турбаваць). Вашы непасрэдныя ўражаньні ёсьць часткай нашай культуры! Ня бойцеся іх выказаць! Паўдзельнічайце ў культуры!» — заклікае мастак.

Усё, што патрабуецца, гэта прыйсьці ў галерэю 9 лютага з 17.00 да 22.00 і пакінуць там сваё выказваньне, можна прынесьці працу з сабой, можна ўсё зрабіць там. За дадатковай інфармацыяй можна наўпрост зьвярнуцца да Рамана праз фэйсбук.

Мастак Раман Аксёнаў стаў пераможцам конкурсу маладых мастакоў Smart Art, які зь вясны мінулага году ладзіла галерэя «Ў» з кампаніяй Velcom. Мастак прэзэнтаваў праект «Непасрэдныя», цягам якога далучыцца да мастацтва можа любы чалавек з вуліцы. Галоўны прыз конкурсу — магчымасьць пэрсанальнай выставы ў галерэі — Раман таксама вырашыў падзяліць з героямі «сваёй» выставы.

16:00, 24/01/2012 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.