У Менску адчыніцца выстава «Gender in visual art»
З 26 па 29 студзеня ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» Беларускае моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Новыя Твары» праводзіць выставу «Gender in visual art». Свае працы (фатаграфіі і рэклямныя постэры) прадэманструюць удзельнікі аднайменнага трэнінгу. У рамках выставы адбудуцца лекцыі/дыскусіі і паказ фільма на тэму гендэра і гендэрнай роўнасьці.
Трэнінг, што прайшоў у Менску ў канцы лістапада, сабраў маладых спэцыялістаў, якія працуюць з візуальнымі вобразамі: фатографаў, дызайнэраў і рэклямістаў. Яны ствараюць свае работы, выкарыстоўваючы традыцыйныя для грамадзтва гендэрныя ролі, і не заўсёды ўлічваюць гендэрныя зьмены ў паводзінах і поглядах і рэакцыю людзей, якія не адпавядаюць гэтым ролям. У выніку — гендэрна некарэктныя вобразы ў візуальным мастацтве яшчэ больш ўзмацняюць значэньне і ўплыў традыцыйных роляў. Напрыклад, мужчына паказваецца моцным, разумным, які робяць кар’еру, а жанчына — слабай, якой патрэбна ахова, думаючай толькі аб сям’і. Таму галоўнай мэтай трэнінгу «Gender in visual art» было расказаць маладым спэцыялістам пра гендэр і гендэрна карэктныя вобразы, каб яны маглі выкарыстоўваць атрыманыя веды ў сваёй працы.
Вынікам трэнінгу стане выстава «Gender in visual art». Свае работы прадставяць удзельнікі трэнінгу: беларускія фатографы Алена Жукава, Кацярына Шатава, Сафія Ермачонак, Аляксей Малюшыцкі, швэдзкі фатограф Сафія Рунарсдоццэр, дызайнэры Вольга Паўлава, Кацярына Калацкая, спэцыялісты ў галіне рэклямы і PR Кацярына Саковіч, Марыя Васільева і Андрэй Лагвіненка правядуць дыскусію на тэму «Гендэр ў рэкляме».
У рамках выставы пройдуць лекцыі/дыскусіі, якія правядуць экспэрты і паказ фільма на тэму гендэра:
- 27 студзеня 19.00 — лекцыя/дыскусія «Што такое гендэр?» (Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»). Экспэрт: Ірына Саламаціна.
- 28 студзеня 12.00–14.30 — лекцыя/дыскусія «Гендэр ў візуальнай культуры: швэдзкі погляд» (галерэя сучаснага мастацтва «Ў»). Экспэрты: госьці з Швэцыі.
- 28 студзеня 15.00–17.30 — дыскусія «Гендэр у рэкламе» (галерэя сучаснага мастацтва «Ў»). Экспэрты: Кацярына Саковіч, Марыя Васільева і Андрэй Лагвіненка.
- 28 студзеня, 19.00 — паказ фільма «Усьмешка Мона Лізы»/дыскусія (ТБ-бар кінатэатра «Рубін Плаза»).
- 29 студзеня 12.00–14.30 — лекцыя / дыскусія «Гендэр у мастацтве» (галерэя сучаснага мастацтва «Ў»). Экспэрт: Альміра Усманава.
- 29 студзеня 15.00–17.30 — лекцыя / дыскусія «Гендэр ў фатаграфіі» (галерэя сучаснага мастацтва «Ў»). Экспэрт: Сьвятлана Паляшчук.
Для таго, каб прыняць удзел у лекцыях/дыскусіях, паказе фільма, неабходна да 15.00 гадзін 27 студзеня запоўніць заяўку, у якой пазначыць, якія мерапрыемствы Вы хочаце наведаць (гэта можа быць, як адна лекцыя, так і ўсе).
Адкрыцьцё выставы адбудзецца 26 студзеня ў 19.00. Уваход па запрашальных.