Названыя 12 лепшых кніг 2011 году

Абвешчаны лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройца за лепшую кнігу прозы, выдадзеныю беларускім аўтарам у 2011 годзе. Прэмія — адзіная ў Беларусі ўзнагарода выключна за кнігу прозы — абяцае акрамя літаратурнага аўтарытэту яшчэ і, гледзячы па ўсім, немалы фінансавы дэсэрт. На яго атрыманьне прэтэндуюць Лявон Вольскі, Артур Клінаў, Альгерд Бахарэвіч і іншыя.

Апублікаваны лонг-ліст 12 беларускіх аўтараў, намінаваных на прэмію імя Ежы Гедройца за кнігі, выдадзеныя ў 2011 годзе. Кнігі вызначаныя журы прэміяй ў якасьці прэтэндэнтаў на атрыманьне галоўнага прызу — грашовай узнагароды ад аднаго зь беларускіх банкаў, а таксама магчымасьць выдаць свой твор у Польшчы. Акрамя гэтага пераможцу абяцаюць шматлікія запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

Прэмія імя Ежы Гедройца будзе прысуджаная за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы, дакумэнталістыкі, эсэістыкі.

Што пачытаць.

Лепшыя беларускія кнігі-2011 па вэрсіі журы прэмія імя Ежы Гедройца. Сьпіс падаецца ў альфабэтным парадку:

  • Уладзіслаў Ахроменка. Тэорыя змовы. Менск, Логвінаў;
  • Альгерд Бахарэвіч. Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода;
  • Лявон Вольскі. Міларусь. Менск, Мэдыял;
  • Віктар Карамазаў. Мастак і парабкі. Менск, Мэдысонт;
  • Павал Касьцюкевіч. Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту. Менск, Логвінаў;
  • Артур Клінаў. Шалом. Менск, Логвінаў;
  • Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька. Освальд у Менску. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода;
  • Ян Максімюк. Словы ў голым полі. Менск, Логвінаў;
  • Віктар Марціновіч. Сьцюдзёны вырай. Электроннае выданьне, 34mag.net;
  • Ала Сямёнава. У сьвятой краіне выгнаньня. Менск, Кнігазбор;
  • Андрэй Федарэнка. Мяжа. Менск, Літаратура і Мастацтва;
  • Макс Шчур. Ліст, знойдзены на папялішчы. Познань, Белы крумкач.

А хто ў журы?

Андрэй Хадановіч
Паэт Андрэй Хадановіч — адзін з тых, хто вырашыць лёс «самай прэстыжнай прэміі для празаікаў»

У журы прэміі ўвайшлі філёзаф Валянцін Акудовіч, паэт Уладзімір Арлоў, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, паэт Андрэй Хадановіч і іншыя літаратары і грамадзкія дзеячы.

Віктар Марціновіч, адзін з трапіўшых у шорт-ліст пісьменьнікаў, ужо назваў прэмію Гедройца «патэнцыйна самай прэстыжнай прэміяй для празаікаў».

Заснавальнікі Літаратурнай прэміі Гедройца — амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Празь некалькі тыдняў будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі, а ў сакавіку — імя яе пераможцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0859 seconds.