Песьню сьпяваць ці так каляды дасьце?

«Бегла мышка по лёду, загубіла колёду», — круцілася ў галаве калядка зь дзяцінства, пакуль за вакном машынкі мільгацелі незвычайна зялёныя для студзеня палеткі. Гэты Новы год адлічыў нам усяго жменьку сьнегу, а потым і зусім схаваў усю сьвяточнасьць у шэрым дажджлівым навакольлі. Надвор’е ж у дарозе нагадвала казку «12 месяцаў» — тут было і жнівеньскае вечаровае сонца, і восеньскі лістапад, а потым на хвілінку завіруха, якая праз сотню мэтраў зноўку мянялася кроплямі дажджу з быццам веснавога халодна блакітнага неба.

Едучы дадому на Каляды, па-дзіцячаму хацелася казкі. Што будзе куцьця, скрыпучы мароз са сьнегам па калена, хор маленькіх калядоўшчыкаў пад вакном ды гукі гармонікаў з каляднымі сьпевамі дарослых у розных канцах вуліцы, абрысы каляднай зоркі ды чароўных жывёлаў у прыцемках адзінага вулічнага ліхтара. Хіба што хвалявалася. А ці калядуюць яшчэ, што сьпяваюць ды як праходзіць Шчадрэц на Палесьсі ня толькі за сямейным сталом? Ды наколькі шчодры вечар насамрэч шчодры ў такі крызыс?

Гуканьне Марозу

«Складай бліны гарой ды трымай куцьцю!» — з парогу ўзрадавана кінула мне маці, выцягваючы рондаль зь печкі. Прыемны салодкі водар перапаўняў сенцы. Гэтым разам куцьця ў нас з рысу, грэчкі, аўсянкі ды проса, запечаная да залаціста-карычневай скарыначкі зь яйкам ды мёдам — багатая, каб і год быў багаты ды ўраджайны.

«Мароз-мароз, хадзі куцьцю есьці!» — прагаворвае маці ды гучна грукае лыжкай па батарэі ў кухні. Раней клікаць мароз выходзілі на вуліцу, але ж і батарэй раней у хаце не было! :) Таму разьлік быў на тое, што мароз нас у любым разе пачуе.

У гэты ж час празь некалькі хатаў ад нас 85-гадовая баба Дуся, як і некалі яе маці ды бабуля, выходзіць з талеркай на вуліцу ды грукае кіем. «Мароз-мароз, хадзі куцьцю есьці! Марозь моцна, але толькі сёньня, нагуляйся, а ўлетку сыходзь, каб было цёпла ды ўраджайна», — дамаўляецца яна. Мабыць, гэта менавіта баба Дуся, якая дарэчы будучы маладзіцай акурат у Шчадрэц сабе майго дзеда і наваражыла, цяпер і дамовілася нам на зіму.

Гэты ж дзядуля ў маім дзяцінстве штогод паказваў каляднага журава. Пакуль мы падлеткамі бегалі з пакетам ад хаты да хаты, дзе ў прыцемках гарэла сьвятло, і сьпявалі «Добры вечар, шчодры вечар, дайце, цётка, каляды!», дзед і старэйшыя сваякі апраналіся ў кампанію чароўных вандроўнікаў з жывёлаў ды музыкаў. Нехта з жанчын прымалёўваў сабе вусы, апранаў мужыцкую шапку, паўкажушок ды «вёў» па хатах журава.

Жураў той рабіўся з вывернутага кажуха, з аднаго з рукавоў якога майстравалася галава, а верацяно мацавалася як дзюба. Дзед апранаў кажух, нахіляўся ды жвава скакаў, слухаючыся свайго «гаспадара», кляваў зерне ды выпрошваў каляды. Для большай весялосьці, жураў нават мог нападаць на людзей, а тыя, каб залагодзіць яго, кідалі яму ежу ды іншыя прысмакі. І так ад хаты да хаты з каляднымі сьпевамі, гармонікам ды пажаданьнямі ўраджайнага году.

У скуры каляднага журава

Самы сапраўдны кажух ёсьць у маіх бацькоў дагэтуль. Мабыць, то куцьця так падзейнічала, ці то натхнілі рознагалосыя хоры дзетак і падлеткаў пад вокнамі з тымі самымі песьнямі, што, падаецца, зусім нядаўна сьпявалі і мы. Але ў нейкім чароўным запале кажух той ужо прымяралі ні на каго з больш «прафэсійных» журавоў, а на мяне.

«Бяжы да бабы й вазьмі верацяно», — сьпяшаецца маці, выварочваючы рукаў кажуха. Да слова, за верацяном мы не пабеглі, задумаўшы, што лепей і бабулі зрабіць сюрпрыз. Так праз некалькі дзесяткаў год традыцыйнае верацяно, прызначэньне якога цяпер даводзіцца тлумачыць ня толькі сучасным гарадзкім, але й вяскоўцам, па прычыне адсутнасьці ў хаце замянілася на рэшту пастуховага дубца. Сыпанулі сабе ў кішэні па жмені зерня і выправіліся ў цемру, пасьпеўшы ўручыць каляды яшчэ некалькім кампаніям, што засьпелі нас у хаце.

«Добры вечар, шчодры вечар!..» — праз тоўсты кажух даносяцца толькі ўрыўкі знаёмых калядных размоваў, «дзед» распавядае нашу гісторыю, што ідзем здалёку й каляды шукаем, сыпле мне зерне пад ногі, а гаспадары нясуць прысмакі. Некаторых, праўда, давялося крыху паганяць:)

А на разьвітаньне выходзім з пажаданьнем:

«Дзякуй табе, дзядзько, за колядко!
Я далей пойду, што б твое жыто да ягоды з бульбою ўродзілі,
Шоб твоя жонка сынка народзіла,
Да шоб твое сыны ў Коляду ходзілі!»

«Ой, страшна будзе, калі бульба ўродзіць з такімі коштамі!» — пляскае ў далоні жанчына ў доме на ўскрайку вёскі. Відавочна, сучасная эканамічная сытуацыя, як і многае іншае, уносіць свае праўкі ў старажытныя абрады і прымаўкі. З такімі коштамі на бульбу [цяпер там прымаюць па 800 рублёў ці 10 цэнтаў за кг], традыцыйны «бульбяны» рэгіён задумваецца, а ці варта наагул садзіць бульбу і ўкладаць у яе столькі сілаў і выдаткаў.

Шчодры вечар у настаўніцкай хаце

Аддзеленыя калісьці балотамі палескія вёскі дагэтуль розьняцца, і дыялектамі і традыцыямі сьвяткаваньняў, хоць балоты даўна асушаныя, а вёскі цяпер жывуць цесна адна да адной. Павадзіўшы жураўля па Бродніцы, мы накіраваліся ў вёскі Вулька і Чырвоная воля, сустракаючы калядоўшчыкаў наўпрост з вакна машыны.

Вунь рознаўзроставая кампанія ад 2 да 40 год у расшытых хустках з гармонікам завітвае ў двор, а вунь падлеткі ў характэрных для сучаснага Хэлоўіна чырвоных чортавых рожках і з гітараю грукаюцца ў вакно. А зь іншай брамы няроўнай хадой высыпае кампанія мясцовых хлопцаў-бугаёў, апранутых бабулямі, з тэкстамі песень на паперцы, атрымаўшы ў якасьці каляды пляшку мясцовага пладова-ягаднага.

Завітваем у хату да настаўніцы, якая прадумана забегла пасьля ўрокаў у краму за салодкімі вафлямі ды памяняла грошы на драбнейшыя. Пакуль мы рассыпалі па нядаўна пафарбаванай вітальні мясцовай інтэлігенцыі зерне ды жадалі дабра ў хату, дзьверы ў дом не зачыняліся. Пры нас са сьпевамі прыбягалі дзьве кампаніі дзетак — вучняў настаўніцы. Ды й сын яе вярнуўся з калядаваньня за хвіліну да нашага візыту.

«А мы як былі школьнікамі, дык у Шчадрэц хату настаўнікаў за некалькі дамоў абыходзілі, — узгадвае бацька. — Бо на раніцу ўсіх калядоўшчыкаў клікалі на школьныя сходы ды крытыкавалі ў сьценгазэтах».

Школьныя заняткі тады пачыналіся 14 студзеня — акурат на наступны дзень пасьля Шчадрацу. І для «непаслухмяных» школьнікаў новы год пачынаўся з публічнага ганьбаваньня. Найбольш актыўныя калядоўшчыкі ці веруючыя рабіліся героямі карыкатураў, як мая маці. А з бацькоў спаганялі штрафы. Але такое ігрышча паўтаралася з году ў год. Тады, у беларускія 60-я на Палесьсі ў Шчодры вечар дзьверы адчынялі ўсе, куды моладзь не баялася пагрукаць, толькі начальства абыходзілі бокам.

«Давалі пераважна ежу са стала. Што гарачае, дык адразу зьядалі, а ўсё астатняе — у агульны мех. Нават калі што выпіць давалі — не пілі, а ўсё бралі з сабой. А пад раніцу мокрыя ад сьнегу ды шчасьлівыя разьбіралі ўкалядаваныя боханы хлеба ды сала, выпівалі віна».

Праз тры чвэрці стагодзьдзя

А баба Дуся, грэючы сьпіну ля грубы, узгадвае, як калядавалі яны. Як у савецкі час дзяцей калядаваць не пускалі, каб у школе не сварылі, а самі «старымі» зьбіраліся і хадзілі па хатах. Узгадвае маладосьць — 30-40-я гады. Клалі пад абрус сена, а за вячэрай выцягвалі саломінкі і па даўжыні прадказвалі, якім уродзіцца лён. Маладзіцы беглі ў дрывотню і ў цемры хапалі абярэмкі дроваў. Калі цотная колькасьць — будзеш у пары ў гэтым годзе. Майстравалі зорку, апраналіся ў жывёлаў і музыкаў.

«Бало, зьбярэмся, пойдзем у коляду, ступу пад вакно перанясем ды гураю як складземся там! Каб і не зразумець з вакна было, што за дзіва дзіўнае. А рэшта бегае вакол сабакамі ды іншымі зьвярамі, шуміць, сьмяецца».

Кароткіх калядных прыпевак, якія сьпявалі мы і цяпер сьпяваюць калядоўшчыкі, тады яшчэ ня было. Былі доўгія прыгожыя песьні. Робім радыёкропку цішэй, і бабуля сьпявае. Ня дзіва, што самыя зайздросныя нявесты тады былі самыя галасістыя. Калі ж гульні і сьпевы сьціхалі, дзяўчаты запальвалі сьвечкі і варажылі. На будучых мужоў і колькасьць дзяцей. Цяпер іх праўнукі сьпяваюць калядкі ў нас пад вокнамі. Сьцягнуўшы дома зь сябе кажух журава, запальваю сьвятло на вуліцы і бягу слухаць песьні. Малы ў вушанцы і з гармонікам спрытна пытае: «Ці песьню сьпяваць ці так каляды дасьце?» Сьпявай!


Болей здымкаў з Шчадрацу ад Юры Сідуна — у фотаблогу

* * * * * * * * * * *

Была куцьця, у вясковай густой цішы з розных куткоў даносіліся песьні, ад багатага зорнага неба кружылася галава, а на раніцу прыйшоў той самы кліканы зь вечару мароз, з рыпучым сьнегам па калена. І абавязкова нехта, прачнуўшыся, узгадваў свае сны, паваражыўшы зьвечара.

Гледзячы цяпер на танец павольнага сьнегу праз гарадзкія жалюзі, узгадваецца гэты шчодры вечар і групка дзяцей-калядоўшчыкаў, што ішлі па ўзбочыне лясной дарогі ў суседнюю вёску. Асьветленыя аўтамабільнымі фарамі дзяўчаты ў кампаніі кружыліся ў вясёлым танцы, шырока размахваючы квяцістымі доўгімі а-ля «з сястрынага бядра» спадніцамі, і лавілі тварам першыя сьняжынкі.



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0473 seconds.