Крамбамбуля «не зразумела» адмену канцэрта ў клюбе Re:public

Гурт «Крамбамбуля» ў сувязі з фактычнай забаронай іх канцэрту ў клюбе Re:public вырашыў дзейнічаць насуперак распаўсюджанаму «Вы же всё панімаеце». «Мы будзем рабіць усё, каб вывесьці сытуацыю за межы «тыповай беларускай», — заявіў гурт у адказ на невыразныя тлумачэньні адміністрацыі клюба пра прычыны адмены канцэрта заплянаванага на 11 лютага.

Сытуацыю на сваёй старонцы ў Facebook камэнтуе Лявон Вольскі:

Калі ня мы, дык хто? Хто разбурыць гэтае балотнае «канцэрт забаранілі, і ўсе разыйшліся, як мыла зьеўшы».

Re:Public — малады амбітны клюб, тыпу, замена «Рэактару». Чаму б там ня зграць канцэрт, тым болей, што «Крамбамбуля» нарэшце выпусьціла новы альбом — «Драбадзі-драбада»? І Ўладзімір Шаблінскі (арганізатар канцэртаў) бярэ неабходныя дакумэнты ў аддзеле культуры выканкаму (што само па сабе нялёгка), прыяжджае да дырэктара клюбу і гаворыць: «Давайце праводзіць». Дырэктар жа (здаецца, прозьвішча Старцаў), паглядзеўшы паперы, вырашае пагадзіцца. Ідуць квіткі ў продаж, запускаецца рэкляма...

Ня так даўно раптам дырэктар пачынае скардзіцца Шаблінскаму на нейкі ціск з боку якіхсьці установаў, просіць прывезьці яшчэ іншыя ўплывовыя паперы... Карацей, скуголіць і скавыча.

Урэшце, не далей як учора Шаблінскі атрымлівае ліст ад клюбу, дзе напісана, што па розных абставінах унутранага характару, канцрэт правесьці ня ўяўляецца мажлівым, але яго яшчэ ня позна перанесьці ў іншае мейсца. Так вось гуманна. Не ў апошні дзень.

На пытаньні прэсы дырэктар клюбу бадзёра адказвае: «Гэта зьвязана зусім не з гуртом. Проста ў нас ёсьць унутраныя гаспадарча-камэрцыйныя прычыны — пэўныя рознагалоссі паміж намі і арганізатарамі канцэрта. Прычына толькі ў гэтым».

Дзіўна. Няўжо вышэйадзначаны дырэктар не разумее, што гэтыя ягоныя словы прачытае Шаблінскі, прачытаюць музыкі і прадусар? Ёмісьцей ня скажаш: «Поздравляю вас, гражданин, соврамши!»

Якія такія гаспадарча-камэрцыйныя прычыны, калі шчэ ўчора ты на сустрэчы з Шаблінскім хаваўся за звыкла-беларускім «ты жэ сам усё прэкрасна панімаеш»?

Мала таго. Учора ж у нэт вывешваецца рэкляма іншага канцэрту ў гэтым жа клюбе на гэтую ж дату - 11 лютага - рэкляма з афішаю і шэрагам удзельнікаў.

Хуценька знайшліся музыкі, якія апэратыўна заменяць на сцэне адмененых калегаў. Беларуская праява рок-н-рольнай салідарнасьці...

Ня ўсё так проста. У нас прызвычаіліся, што дырэктар - гэта ўжо міні-прэзыдэнт. Вырашыў, махнуў чароўнай палачкай - нешта адмянілася, а нешта іншае пачалося. Дык вось гэта ўсё да тае пары, пакуль мы з вамі згодныя з гэткім парадкам рэчаў. Якое-ніякое, кволае, а права яшчэ ёсьць. І ёсьць закон. Нават у нашай краіне. У рэчышчы закону мы й намераныя дзейнічаць далей.

І ёсьць грамадзкае меркаваньне. Спадзяюся, ёсьць нейкая салідарнасьць (ну, калі не музыкаў, дык проста нармальных людзей).

І яшчэ дзіўная рэч. Няўжо ты, дырэктар, ня мог адразу сказаць: «Ай, Валодзя, нешта ня хочацца мне праводзіць у гэтых сьвятых сьценах ваш цёмнаэнэргетычны канцэрт». І ўсё адразу было б зразумела.

А цяпер сытуацыя такая: усе неабходныя дакумэнты ёсьць, дамова з клюбам ёсьць, квіткі прадаюцца, аднабаковая адмова клюбу ад супрацоўніцтва юрыдычна ня мае сілы.

Канец першае сэрыі.

17:31, 12/01/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0743 seconds.