У Менску зьявілася «Пляцоўка для творчай самарэалізацыі» па-беларуску

Куды схадзіць увечары? Дзе пачытаць уласныя вершы альбо выставіць геніяльную дызайнэрскую ідэю? Менск ня збалаваны вялікай разнастайнасьцю прасунутых творчых прастораў. Некалькі энтузіястаў паспрабавалі знайсьці ўласны адказ на гэтыя пытаньні, зьняўшы на дажываючым апошнія гады заводзе невялікі пакой, запусьціўшы туды спачатку некалькі стрыт-артэраў, а пасьля 70 чалавек з шампанскім, і назваўшы ўсё гэта «Арт-сядзібай». За працэсам расьпіцьця апошняга сядзібу і наведаў Generation.bY.

Павал Белавус

Перад уваходам — гара зімовых куртак і некалькі дзесяткаў пар абутку. Тут жа ідэйны натхняльнік першай менскай арт-сядзібы Павал Белавус. Ён уважліва выслухоўвае мужыка-амбала, які пяліцца на складзенае ў кутку сьвяточнае шампанскае і тлумачыць мэнэджэру культуры, у каго і як трэба афармляць дазвол на тусоўку ў выходны вечар такой плоймы моладзі. Каманда Белавуса зьняла памяшканьне нядаўна. Толькі і пасьпелі, што паклікаць графітчыкаў, якія троху размалявалі сьцены, ды навесьці сёй-той парадак перад афіцыйным адкрыцьцём на каталіцкія Каляды.

«Першым мерапрыемствам ў «Арт-сядзібе» мы вырашылі зрабіць паўнавартасны сольны канцэрт у акустыцы маладой пераможцы конкурсу «Бардаўская восень», — анансуе Павал хвалюючуюся дзяўчыну зь гітарай, якая называе сябе Рэспубліка Паліна. Неклясычная мянушка мае караньні дзесьці ў сацыяльнай сетцы Vkontakte, з гэтых жа кантактаў расьце вялізны кавалак творчасьці дзяўчыны.

Рэспубліка Паліна

Пакуль Паліна рыфмуе сьвітэр з Твітэрам, Павал, седзячы на падлозе, слухае яшчэ аднаго культурнага мэнэджэра — Франка Вячорку. Павал кажа, што гатовы да любых прапаноў, бо менавіта дзеля арганізацыі ў «Арт-сядзібе» ўсялякіх тусовак стваралася ініцыятыва. Франак пускае па залі падарунак на адкрыцьцё памяшканьня — скрыню цукерак, якая хутка пусьцее, не дайшоўшы да апошніх шэрагаў ужо скончыўшых сваё сьвяточнае шампанскае студэнтаў гуманітарнага факультэту БДУ.

«Памяшканьне ў цэнтры гораду»

Паводле Белавуса, за тыдзень, які прайшоў з часу анансаваньня адкрыцьця сядзібы, да яго зьвярнулася куча людзей з прапановамі арганізацыі ў ёй актыўнасьці на любы густ: ад кінаклюбаў і выставаў да фрымаркетаў і канцэртаў.

Па ягоных словах, «Арт-сядзіба» адкрытая для кожнага і кожны можа прапанаваць, як сябе рэалізаваць у гэтай прасторы. «У нас ёсьць памяшканьне ў цэнтры гораду, і кожным можа зьвярнуцца да нас, каб прапанаваць уласны праект. А мы ўжо паглядзім, ці падыходзіць гэта да нашай канцэпцыі».

Але да гэтага памяшканьня ў цэнтры яшчэ трэба неяк дабрацца. Бо перад тым, як знайсьці «Арт-сядзібу», трэба будзе яшчэ троху паблукаць па заблытаным калідорам завадзкога будынку на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і вуліцы Багдановіча. Інтэр’еры арт-сядзібы — сьвежанамаляваныя графіці і кавалкі труб, што загадкава сыходзяць кудысьці ў суседнія офісы, дзе сядзяць сур’ёзныя цёткі-бухгалтаркі. Такіх памяшканьняў верагодна сотні па ўсім Менску, і нават у гэтым самым будынку — занядбаным і дажываючым перад зносам свае апошнія гады заводу «Гарызонт» — можна арганізаваць дзесятак арт-сядзіб.

«Вольная прастора для творчасьці па-беларуску» ці нават інструмэнт «разьвіцьця беларускага грамадзтва» не падобны ні на што і адначасова нагадвае сотні такіх жа маленькіх і буйных напаўсквотаў — «культурных пляцовак», дзе сядзець прыходзіцца на падлозе, затое ўсе табе ўсьміхаюцца і ня просяць (звычайна) грошы за ўваход. Бліжэйшыя прыклады — Міністэрыя Флюксус у Вільні ці нават Тахелес у Бэрліне.

Сам Белавус параўноўвае «Арт-сядзібу» то з галерэяй «Ў», то з «Графіці». І дадае, што «ў бліжэйшых сталіцах — Варшаве, Вільні — такіх месцаў мільёны. А ў нас вельмі мала».

«Для мяне „Арт-сядзіба“ — частка самарэалізацыі», — кажа культурны мэнэджэр. Акрамя ажыўленьня напаўзакінутых заводзкіх памяшканьняў, Павал заняты раскруткай яшчэ аднаго беларускамоўнага праекту — гурта Vinsent. «Усё ж такі нам трэба разьвіваць беларускасьць, — кажа Павал. — Тым больш, гэта модна і прыцягвае да сябе. Але мы ня супраць культуры на іншых мовах».

Арганізатары паспрабуюць зрабіць гэта месца адкрытым з 10 да 22 штодзень. А пакуль «Арт-сядзіба» даступная на папярэдне анансаваных мерапрыемствах, што звычайна адбываюцца ўвечары. Дарэчы, расклад тусовак у «Арт-сядзібе» расьпісаны ўжо да канца году.

Бліжэйшыя падзеі ў «Арт-сядзібе»

  • 27 сьнежня, 19.00 Калядна-навагодняя вечарына adukacyja.info
  • 28 сьнежня 10.00 — 22.00 Сьвяточны Фрымаркет «Падарункі без пакупак»
  • 29 сьнежня, 19.00 Квартэрнік-трыб’ют «Сплин»
  • 30 сьнежня 19.00 — 22.00 Прэзэнтацыя кліпу AMAROKA — PULS

Дзе: Менск, Куйбышава 22, гандлёвы дом "Гарызонт", другі паверх.

Інфа: vkontakte.ru/siadziba

Углядзіцца ўважлівей у сьцены Сядзібы і людзей паміж імі можна ў фотарэпартажы: Здымкі з канцэрту Паліны Рэспублікі на адкрыцьці «Арт-сядзібы»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.