Яшчэ адзін беларускі ўнівэрсытэт узялі ў міжнародную арганізацыю

Міжнародны ўнівэрсытэт «МІПСА» прыняты ў Міжнародную асацыяцыю унівэрсытэтаў (IAU). МІПСА, які адносіцца да сыстэмы дзяржаўных прафсаюзаў, стаў трэцім беларускім унівэрсытэтам, далучаным да Асацыяцыі.

Паводле паведамленьня на сайце Міжнароднага ўнівэрсытэту «МІПСА», найбольшая карысьць ад далучэньня да асацыяцыі ўнівэрсытэтаў палягае ў адкрыцьці доступу да грантаў. Акрамя гэтага МІПСА замацуе свой статус на сусьветнай арэне.

Нягледзячы на крытыку беларускіх адукацыйных устаноў з боку эўрапейскіх структур з-завыключэньняў грамадзка актыўных студэнтаў, нашы ВНУ не сустракаюць асаблівага супраціву ў далучэньні да міжнародных структураў вышэйшай адукацыі.

Акрамя МІПСА, у IAU зь верасьня ўваходзіць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. Першым беларускім унівэрсытэтам, што стаў сябрам арганізацыі, быў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

Міжнародная асацыяцыя ўнівэрсытэтаў (International Association of Universities — IAU) займаецца вывучэньнем і выпрацоўкай агульных канцэпцый па вырашэньню глябальных пытаньняў вышэйшай адукацыі. Арганізацыя супрацоўнічае зь міжнароднымі, рэгіянальнымі і нацыянальнымі структурамі, якія праяўляюць актыўнасьць у гэтых пытаньнях. IAU таксама выконвае функцыю міжнароднага рэгістратара ўнівэрсытэтаў.

IAU існуе пад эгідай ЮНЭСКА і аб’ядноўвае болей за 150 унівэрсытэтаў па ўсім сьвеце ад Пакістану да ЗША. Штаб-кватэра заснаванай 60 гадоў таму арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0812 seconds.