Хабар за экзамэн у БНТУ — ад $45 да $300

Чарговы карупцыйны скандал разгарэўся ў БНТУ. Гэтым разам толькі з аднаго студэнта за здачу іспыту па матэматыцы супрацоўнікі ўнівэрсытэту запатрабавалі $300. У папярэднія гады расцэнкі за экзамэны ў гэтай ВНУ былі не такімі высокімі: ад $45 да $70 з чалавека.

Як паведамляе «Ежедневник», у Менску затрыманая супрацоўніца катэдры вышэйшай матэматыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Паводле міліцыі, жанчына прапанавала студэнту заплаціць $300 за станоўчае рашэньне пытаньня аб здачы міжсэсіённы экзамэну па вышэйшай матэматыцы.

Цяпер сьледзтва разьбіраецца, якую ролю ў карупцыйнай схеме граў выкладчык матэматыкі, які непасрэдна прымаў іспыт. Супрацоўніцы ж БНТУ цяпер пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Расцэнкі падвышаюцца

Інфармацыя аб карупцыйных справах у беларускіх ВНУ нячаста прасочваецца ў СМІ. Але, калі меркаваць па афіцыйных паведамленьнях, БНТУ па колькасьці злоўленых хабарнікаў, бадай, — адна з найбольш карумпаваных ВНУ. Прычым расцэнкі за «добрую» здачу іспытаў за час крызысу толькі ўзьняліся.

Гэтак крыху больш за год таму міліцыя затрымала выкладчыка катэдры «Праграмнае забесьпячэньне вылічальнай тэхнікі і аўтаматызаваных сыстэм» БНТУ, які якраз у момант сустрэчы з праваахоўнымі органамі атрымліваў ад студэнтаў $2100. Грошы былі сабраныя і перададзеныя 47 студэнтамі за здачу іспыту па сыстэмным праграмным забесьпячэньні.

Атрымалася, кожны студэнт выклаў прыкладна па $45. Празь некаторы час быў арыштаваны іншы выкладчык той жа катэдры. Ён, як высьветлілася, за іспыт браў троху болей: па $70 студэнта.

А некалькі месяцаў таму высьветлілася, што загадчыца аднаго зь інтэрнатаў БНТУ пэрыядычна брала са студэнтаў, якія там жывуць, хабар за вырашэньне жыльлёвых пытаньняў. Студэнты, якіх абвінавачвалі ў парушэньні правілаў пражываньня, цягнулі 62-гадовай жанчыне прадукты і грошы. Вырашэньне пытаньня аб інтэрнаце каштавала агулам да 650 тысячаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.