Kriwi выступілі ў Менску з палякамі Zakopower

Заходнім суседзям з Польскага інстытуту ў Менску можна быць удзячным толькі за факт зьяўленьня на сцэне Re:public рэдкай госьці беларускай сталіцы і цяпер жыхаркі яшчэ больш заходняга за Варшаву Бэрліну Веранікі Кругловай. Нягледзячы на тое, што на паўсюдных афішах галоўнай разынкай гэтага вечару называўся польскі гурт Zakopower, Kriwi Кругловай усё гэтак жа цёпла і прыязна віталіся на сцэне, а іх песьні ўпэўнена падпяваліся даволі ўжо сталай публікай хуліганскага джаз-фольку.

«Народжаная Менскам» вакалістка гурту Kriwi Вераніка Круглова заўжды зьяўляецца ў сталіцы нечакана. І кожны яе выступ варты таго, каб у пошуках гэтай жанчыны перасоўвацца з канцэрту на канцэрт. Гэтым разам яна ў вобразе сінякосай фольк-хуліганкі паўстала на сцэне клюбу Re:public, чым літаральна расфарбавала гэта шэрае месца ўсімі колерамі бэрлінскіх флі-маркэтаў і буцікоў. Дзяўчыны з бэк-вакалу падтрымалі каляровую атмасфэру, зададзеную вакалісткай, вылучаючыся ня горшымі за яе прадметамі гардэробу (па некаторай інфармацыі, маючымі менскае паходжаньне) і дзёрзкім настроем.

Вераніка Круглова ўжо даўна не жыве ў Менску, але яе бэнд разьвіваецца ў нейкай паралельнай рэальнасьці бязь візаў і межаў, ад чаго ён падаецца нейкім зусім не беларускім, нягледзячы на цалкам беларускамоўны рэпэртуар. У пэўны момант нараджаецца адчуваньне, што такога прафэсійнага фольку ў Беларусі проста і быць ня можа. Гэтак сама як і такой канцэнтрацыі разумнай і вельмі індывідуальнай публікі. І адносна малалікай. Зрэшты, гэткім жа фантастычным падаецца цяпер канцэрт у Менску з двух гуртоў, на афішы якога пазначана адразу тры краіны: Нямеччына, Беларусь і Польшча. Менавіта ў межах «культурных месячнікаў» апошняй і адбыўся гэты канцэрт, дзе ў дадатак да Kriwi на сцэне зьявіўся польскі гурт Zakopower.

Татранскія мачо і беларускія жанчыны

«Вы ведаеце, чаго я хачу…» — зацягнуў у першых сваіх словах шляхетны прыгажун — лідэр Zakopower Сэбасьцьян Карпэла-Булецкі. У гэтым момант мне падалося, што па польскай традыцыі музыка нешта выдасьць пра дэмакратыю. Але абышлося: — «Я хачу, каб вы ўсе сышлі адсюль у добрым настроі», — інтрыгоўны сказ быў завершаны нечакана банальна.

Ад пачатку падалося, што ў Менску фан-клюбу ў гэтага гурта не было: у адрозьненьні ад падтрымкі Kriwi, Zakopower, нягледзячы на свае сапраўды аркестровыя памеры, доўга выглядаў нейкім самотным. Але праз пару песень, а асабліва з надыходам часу гітоў, публіка разварушылася, са столікаў прыўзьняліся дамы і некаторыя джэнтэльмэны, і палякам нарэшце стаў нехта падпяваць.

Zakopower выглядаюць як пашыраная вэрсія бойз-бэнда, разьлічаная для аматарак усіх узростаў. Дзевяць прыгожых мужчын з татранскім мачо ў ролі лідэра, са скрыпкамі, гітарамі і іншымі складаючымі пасьпяховага міні-фольк-джаз-аркестра, гатовага ў любы момант прадставіць нацыянальны калярыт на чарговым Эўрабачаньні. Галоўны сэкс-сымбаль тут, вядома, — сам фронтмэн гурта. Полькі з гэтым асабліва не спрачаюцца, называючы яго ў розных рэйтынгах «найпрыгажэйшым палякам».

Закапанскае, то бок татранскае паходжаньне Сэбасьцьяна Карпэла-Булецкага і музычнага імпэту Zakopower дае падставы падазраваць горныя вяршыні ў здольнасьці дараваць сьвету найбольш харызматычных мужчын-музыкаў гэтай частцы славянскага сьвету. Фольк-калегі Zakopower «Гайдамакі» з таго боку сьнежных вяршыняў ужо колькі гадоў гэтак жа безальтэрнатыўна эпатуюць замежную публіку і радуюць вока мясцовай вернасьцю этнічным традыцыям, прыпраўленым сучасным поп-патасам. Адзінае што, польская дзевятка болей схільная да назапашваньня эўрапейскага глянцу, які, аднак, не перашкаджае ім выконваць даволі аўтэнтычныя па адчуваньням драматычныя кампазыцыі.

Так склалася, што беларускія музыкі нашмат болей гастралююць па Польшчы, чым палякі ў Беларусі. Бясконцыя дні і ночы салідарнасьці з гаротнай Беларусьсю, ваяжы забароненых музыкаў і проста сяброўскія пасядзелкі каліноўцаў у клюбах Кракаву і Ўроцлаву забясьпечваюць гурты любога калібру: ад Vinsent да «Ляпіса Трубяцкога» — удзячнымі ці хаця б ветліва спачувальнымі гледачамі. Сёньняшні канцэрт паказаў адваротны бок мэдалю: польская музыка можа быць цікавая беларусам толькі дзякуючы сваёй творчай складаючай. На жаль, пакуль толькі абмежаванаму колу.

Яшчэ фота: Zakopower у Менску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.