Беларуска-швэйцарскі праект Kazalpin прэзэнтуе дэбютны альбом у Менску

1 лістапада на нямецкім лэйбле выйшаў дэбютны дыск праекту Kazalpin «East Side Story». 30 лістапада гурт прэзэнтуе альбом у Менску і далей адправіцца ў Берасьце, Горадню і Рэчыцу. Kazalpin — гэта міжнародны праект, які складаецца з беларускага этнічнага вакальнага трыо Akana і джаз-бэнда Albin Brun Alpin Ensemble са Швэйцарыі.

Akana i Albin Brun Alpin Ensemble

Akana i Albin Brun Alpin Ensemble
Фота з супольнага канцэрту ўдзельнікаў «Казальпіну» Akana i Albin Brun Alpin Ensemble ў Менску год таму

Два гады таму Альбін Брун і Марка Капэлі прыехалі ў Беларусь, каб знайсьці этнічныя жаночыя галасы для сумеснага праекту. Музыкі знаходзіліся ў пошуку новых фарбаў, якія змаглі б надаць швэйцарскаму джазу новыя інтанацыі і стварыць свой унікальны твар, які б адрозьніваў джаз Швэйцарыі ад падобнай музыкі суседніх краін.

«Мы часта экспэрымэнтуем з этнічнымі песьнямі розных народаў. 12 гадоў таму мы выступалі ў Беларусі і тады ўпершыню пачулі архаічныя беларускія песьні. Мы загарэліся! Нам хацелася папрацаваць з такім сапраўды старажытным матэрыялам. Мы зьвярнуліся да Зьмітра Падбярэзскага за дапамогай, і ён прадставіў нам вялікую колькасьць беларускіх этнічных калектываў. Мы праслухалі практычна ўсіх лепшых выканаўцаў, але для ўдзелу ў праекце выбралі вакальнае трыо Akana», — кажа Альбін Брун.

Нямецкае радыё Hr2-kultur на днях назвала дыск «East Side Story» кружэлкай тыдня, а швэйцарскія музычныя крытыкі даюць сваім чытачам і слухачам асабістыя рэкамэндацыі праслухаць альбом.

«Калі я чую тры галасы дзяўчат з Akana, якiя выконваюць старажытныя песьні, у мяне мурашкі бягуць па целе і я разумею, што мы не памыліліся ў выбары. Я вельмі рады, што ў выніку нам атрымалася сумясьціць джаз і беларускую этніку», — кажа Марка Капэлі, бубнач Albin Brun Alpin Ensemble.

Інструмэнталісты праекту Kazalpin маюць у Швэйцарыі свае школы і пасьлядоўнікаў. Кампазытар Альбін Брун валодае ўнікальнай тэхнікай гульні на духавых інструмэнтах розных краін сьвету, бубнач Марка Капэлі лічыцца адным з заканадаўцаў гульні на ўдарнай устаноўцы ў швэйцарскім фры-джазе, а Патрыцыя Драгер адна зь лепшых баяністак ў сваёй краіне, вучыцца гульні ў яе прыяжджаюць студэнты з усёй Эўропы. Не прапусьціце магчымасьць пачуць дзіўную музыку, у аснове якой ляжыць наша, беларуская культура.

Бліжэйшыя выступы Kazalpin у Беларусі

  • 30.11 — Менск, клюб LOFT. Квіткі — 40 тыс. Даведка: (029) 38 000 10
  • 02.12 — Рэчыца, Дом культуры — міжнародны фэстываль «Ліра фэст»
  • 04.12 — Горадня, Драматычны тэатар — фэстываль «Гродно-джаз. Зима 2011»
  • 07.12 — Берасьце — АКЦ

13:00, 23/11/2011 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.