«Без Білета» сабралі поўны Палац Спорту на прэзэнтацыі «Зоркі»

Пяць тысяч гледачоў наведалі 19 лістапада прэзэнтацыю новага альбому «безьбілетнікаў» «Звезда». Заля сьпявала, танчыла, адрывалася і стварала гісторыю разам з гуртом.

Прэзэнтацыя «Зоркі» адпавядала рэтрафутурыстычнаму настрою альбома — касьмічныя матывы спалучаліся з сэансамі настальгіі. «Без Білета» зьявіліся на сцэне ў касьцюмах міжплянэтных пілотаў, а затым зьмянілі іх на футболкі з Гагарыным, алімпійскім Мішкам і месяцаходам. Аранжыроўкі радавалі нечаканым міксам культур: у арсэнале групы апынуўся і бартавы вакодэр, і «дваравая» гітара, і сынтэзатары будучыні.

«Дзякуй за вечар у вашай кампаніі, — кажа лідэр Без Білета Віталь Артыст. — Прапаную ўсім сустрэцца на «afterparty на зорцы», калі нашы душы разьвітаюцца з целамі. Запросім самых крутых хлапцоў плянэты. Цой, Мулявін, Джэксан і Брус Лі пацьвердзілі. Элвіс саромеецца, амаль угаварылі».

Канцэрт у Палацы Спорту прайшоў пад знакам прыдуманага гуртом сьвята Дзень Безьбілетніка. Фанаты павіншавалі гурт крэатыўнымі падарункамі, а гледачы атрымалі безьбілетныя постэры і паштоўкі ў гонар сьвята.


Аўтар фота Павал Паташнікаў

Альбом «Звезда» пабачыў сьвет 11 кастрычніка і дасяжны ў вольным доступе на расійскім партале Thankyou.ru. Тур «Зорка» Без Білета працягне ў лютым-сакавіку 2012 года. Гурт зграе канцэрты ў 10 гарадах Беларусі, зноў зьявіцца ў Менску, а таксама ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кіеве. Да сустрэчы на касмадроме!

12:00, 21/11/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.