Пра вялікі хатні канцэрт IQ48

Трэці раз з традыцыйнай паўзай у тры гады здарылася сьвята ў прыхільнікаў менскага гурта IQ48. 4 лістапада 2011 г. у адзіным у Беларусі канцэртным клюбе Re:public IQ48 прэзэнтавалі свой новы студыйны альбом «HMR». Лічыце самі 2005 «Вар'яты», 2008 «Героі», і вось нарэшце 2011 «HMR». Сьвята ў прыхільнікаў атрымалася выдатным, але і новы альбом атрымаўся такім, каб колькасьць прыхільнікаў павялічыць яшчэ болей.

Re:public сустракаў вялікай колькасьцю сяброў. Столькі знаёмых фэйсаў ў адным месцы, я раней бачыў толькі адзін раз на год ў сярэдзіне ліпеня на Басовішчы. Асабіста павітаўся недзе з трыма дзесяткамі чалавек.

Першымі на сцэне ў якасьці запрошаных гасьцей выступалі РСП. Разагрэвам назваць іх язык не паварочваецца. У апошні час РСП крыху пацяжэлі, ды сталі гучаць нашмат раўней і выразьней. Пад «Сінус-косінус» да хлопцаў далучыліся чырвона-чорныя чувіхі ў стылі распусных прадаўшчыц з харчовай крамы часоў 80-х. ЭВМ і РСП гэта заўсёды яркае шоў, і менавіта за гэта я іх і люблю. Песенька пра «Гапара», «Смартфон» ад РСП зь дзеўкамі стварылі выдатны настрой ўсёй групоўцы.

А групоўка радавала! Яна ўжо пасьпела значна падрасьці з часу наведваньня канцэртаў IQ48 у «NC» або «Катакомбах». Хтосьці абзавёўся сем'ямі і дзецьмі, нехта ўжо па трэцім разе аднавіўся ва ўнівэры, некаторыя наогул у Маскве займелі уласны кабінэт псыхалягічнай дапамогі, а нагода для сустрэч ва ўсіх засталася нязьменнай — канцэрты IQ48. Стваралася ўражаньне гэткага штогадовага сьвята, на якое зьбіраецца ўся сям'я. І ў гэты вечар былі ўсе - адпрасіцца ніхто ня змог.

РСП свой сэт скончылі. А пакуль вядучыя вечара Ганна Даўгополава і Лёша Ян высьвятлялі ў якім годзе IQ48 сталі ўладальнікамі галоўнага прыза на Басовішчы, і даказвалі ўсім прысутным, што купіць дыск са сьвежым альбомам IQ48 выгадней чым губіць сваё здароўе куфлем піва за аналягічны кошт, я пасьпеў выцягнуць пару словаў з Сашы Ракаўца перад выхадам на сцэну.

— А-а-а факн шыт, чэгерап маза фака ...))

— Саш, эмоцыі зразумелыя. І тым ня менш. Што-небудзь больш зразумелае звычайнаму ангарскрму калдыру ))

— Ну што сказаць? Зараз выходзім на сцэну, палю папяросу))

— Як настрой, як публіка, як заля?

— Ведаеш, калі ўсё пачыналася, калі на танцполе было ня многа людзей, мне было трохі сцыкатна.А зараз падыйшло нармальна народу. Будзем даваць джазу! А ты запісваеш ці проста так?

— Зьдзекуесься?

— Ды наогул нішцяк, зараз пойдзем граць ...

— Джаз будзе? 

— Канешне. Будзе хард джаз, HMR і олд скул гіп-гоп :)

А ў залі групоўка ўжо была гатовая да пусканьня ў сапраўдны олд скул! І вось нарэшце на фоне гэткага крыху марсіянскага відэашэрагу на сцэне зьявіліся героі вечару і пачалі з «Сабой заставацца».

— Ёсьць яшчэ МОЦ! — Гэта быў заклік для ўсіх хто хацеў паназіраць за выступленьнем IQ з другога паверху і за столікамі. І ўжо пасьля першай песьні другі паверх апусьцеў, і адпаведна павялічылася колькасьць людзей на танцполе. Олд скул хуценька трансфармаваўся ў саміх жа сябе, але гадоў на дзесяць маладзейшых, і дружна адказваў Сашку Ракаўцу: - «Ён так кахаў і Яна так кахала!» 

«Гэй наперад!», «Просты хлопец» — ужо вядомыя гіты, якія прымусілі рухацца ў рытме нават бармэнаў. І дарэчы, наступная песьня «Аўтабан» з новага дыску таксама не пакінула абыякавымі абслугоўваючы пэрсанал. Прыемна было назіраць працэс наліву чарговага піва пад рытмічнае паторгваньне правай нагі службоўцы бутэлек і куфляў. А між тым на сцэну выйшаў першы госьць. Чалавек, зь якім зьвязанае стварэньне саміх IQ48. 

— Ну што жахнем? — Спытаў Фрэйд і на падносе зьявіліся куфлі піва для кожнага музыканта. Таполі... Вядома Таполі.... Грэшна было б не выканаць гэты гіт разам з Фрэйдам. А да гэтага выдатнаму дуэту далучыліся і ўсе прысутныя: «На полi, на полі стаялі таполі!»

Наступнай прагучала новая песьня на верш Фрэйда «Парыж» — вельмі прыгожая штука. Відэашэраг за сьпіной у музыкаў дазваляў перанесьціся ў некалькі імгненьняў «Ад Парыжа ды Гродна ...». Затым «Эмігрант»... А затым лірыка скончылася!

«Хвост пісталетам!», «IQ у хаце» — такія штукі, пасьля якіх хіба што мёртвыя не пачнуць варушыцца. Хоць, убачыўшы вамолу з агеньчыкамі і такую ​​ж самую гітару нават зомбі кінуцца таньчыць.

Наступны зорны госьць Вінцэнт працягнуў эмацыйны разгром прысутных: «Дай сілы!». Далей пад дружнае «IQ48 — здаровыя лосі!» на сцэну выйшаў «вялікі (ва ўсіх сэнсах) сябар гурта» Аляксандр Памідораў. І было вядома ж «Выйсце!».

«Сьвятло ў цемры» — справа і зьлева зьявіліся дзьве дзяўчынкі размахваючы вялікімі белымі сьцягамі, а побач зь імі фаер-гурт «Крада» наладзіў прыгожае сьветлавое шоў. Але ўсю гэту прыгажосьць прымудрыўся сапсаваць нейкі пьяны чорт, якому захацелася памахаць сьцягам. І для гэтых мэтаў ён стаў настойліва патрабаваць у адной зь дзяўчынак аддаць яму палотнішча. На шчасьце Памідораў магутным штурхялём выкінуў парушальніка агульнага кайфу і прымірэньня за сцэну, дзе хуліган быў прыняты мясцовай аховай.

«Прыяцель» — вы з намі, ну і мы з вамі! Працягнуў Сашка Ракавец і без таго выдатны вечар. «Зрабілі мой клён», і саліста групы ўдзячная публіка пранесла на руках па зале, не забыўшыся пры гэтым вярнуць на сцэну. На чым асноўная праграма і скончылася.

«Яшчэ, яшчэ, яшчэ!» — скандаваў народ. IQ адказалі новай вясёлай песьняй «Калідор». Відаць наступны альбом будзе яшчэ круцей. «Вясна красна» .... Усё!

Але быў яшчэ і другі біс. Сашка пайшоў у залю, дзе разам з групоўкай прасьпяваў яшчэ раз «Хвост пісталетам!»

А ўжо пасьля сэта, грымёрка нагадвала агульную кухню ў камуналцы, дзе сустракаюцца старыя добрыя сябры. Куча народу ... Нібы кватэрнік! Ну як яно спытаў я музыкантаў? 

Саша Ракавец:

— Прыемна, што прыйшлі нашы людзі, адтапырваліся, скакалі. Дарослыя сядзелі за столікамі ... Прыемная такая атмасфэра. Два разы паклікалі на біс, раней было адзін раз, а цяпер два разы ))

— Гэта было заплянавана? 

— Не-е. Мы пакідаем песьні, гэта нармальная практыка. Пасьля першага мы думалі, што ўсё пойдуць зьбірацца дадому, але не… Такія рэчы вельмі прыемныя. 

Той жа пытаньне Яўгену Бузоўскаму:

— Было афігенна! Гэта наш лепшы канцэрт у гэтым тысячагодзьдзі :) 

— Чаго чакаць далей? Толькі добрага. Беспорядочного сэксу з порядочными жанчынамі, шчасця, здароўя і раз, два, тры, усе за стол... :)

Пасля канцэрту IQ-шнікі яшчэ доўга стаялі пад дзьвярыма клюба ды раздавалі аўтографы. І я падпісаў свой трэці альбом IQ48 ды ужо чакаю наступны.

-- 

Атмасфэра канцэрта таксама ў двух фотарэпартажах: праз аб’ектыў Юлі Фокс і праз аб’ектыў Юры Сідуна

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.079 seconds.