Як зьменіцца жыцьцё студэнтаў з 1 лістапада

Трэці месяц навучальнага году рыхтуе нямала сюрпрызаў для беларускіх студэнтаў. Галоўны ўдар па гаманцам зробіць крызыс: даражэе, здаецца, усё, што толькі магло ўзьняцца ў цане — ад праезду і паштовых паслугаў да пакояў у інтэрнатах.

Стыпэндыі вырастуць

Першая, і, бадай, адзіная добрая лістападаўская навіна: мінімальная стэпуха складзе 314 тысячаў, а максымальная (у БДУ) — 524 тысячы рублёў. Але і тая з падколам: калі пералічыць абяцаную студэнцкую стыпэндыю ў даляры, атрымліваецца, што стыпэндыі вяртаюцца да ўзроўню пачатку 2010 году. Ці 2005-га — у гэтым годзе студэнты атрымлівалі прыкладна столькі ж, колькі будуць мець цяпер. Але інфляцыі ў 100% у тыя часы яшчэ не было.

Дарэчы, мінімальны спажывецкі бюджэт студэнта зь лістападу будзе роўны 818 тысячам. Значыць, большасьць студэнтаў на існую стыпэндыю, нават падвышаную, здолее жыць толькі 2 тыдні з 4-х. І гэта пры мінімальных расходах.

Кошты за інтэрнаты ўздымуць

Беларускія студэнцкія інтэрнаты сталі да такой ступені камфортнымі, што іх вырашана было падзяліць на тры катэгорыі. Чым лепей катэгорыя, тым болей за пакой у інтэрнаце прыйдзецца плаціць.

Найбольш «пашанцуе» тым студэнтам, што жывуць у новых будынках з абсталяванымі пакоямі, якія маюць асобныя санвузлы і кухні ў блёках. Ім прыйдзецца выкладаць па 105 тысячаў у месяц. На 35 тысячаў меней запатрабуюць ад тых, у каго на паверсе кухня агульная. Меней за ўсіх, але ўсё роўна ў пяць разоў болей папярэдняга, будуць плаціць тыя, хто жыве ў блёках без прыбіральняў і душу (то бок мае агульны санвузел на паверсе).

Праезд у міжнародных цягніках і рэгіянальных аўтобусах падвысяць

Да бацькоў, бабуляў ды сяброў у суседніх краінах стане езьдзіць значна даражэй. Гэтак, паездкі ў прыгарадных аўтобусах (гэта значыць, у межах аднаго раёну) падаражэюць на 77–78%. Цяпер паездка ў вёску ў 20 км. ад Менску будзе каштаваць прыкладна 6 тысячаў.

Але гэтыя цэны не параўнаць з ростам кошту квіткоў на цягнікі ў іншыя краіны. З 1 лістападу таньней, чым за 90 тысяч рублёў зь Менску да Вільні не дабярэсься. Зьвязаны рост з абвалам афіцыйнага курсу беларускага рубля. Ад таго тарыфы беларускай чыгункі вырашана было ўзьняць адразу на 50%.

Да Масквы цяпер можна будзе дабрацца за 300 тысячаў рублёў у плацкарце і за 600 тысячаў у купэ. Раней было 200 і 400 тысяч адпаведна. А квіток у плацкарту да Кіева будзе каштаваць 340 замест 226 тысячаў.

Шанцуе пакуль толькі менскім студэнтам-дзёньнікам: для іх праезд у грамадзкім транспарце сталіцы яшчэ бясплатны. Хаця ў самога транспарту ад таго вялікія праблемы: для іншых пасажыраў ужо з 1 лістападу квіткі абыходзяцца ў 1 300 рублёў, а ў сьнежні іх кошт могуць узьняць да 2 тысячаў. Маршруткі ў Менску каштуюць да 6 000.

Камунальныя плацяжы ўзрастуць

Па новых тарыфах студэнты будуць плаціць і за камунальныя плацяжы на здымных кватэрах. Паводле падлікаў чыноўнікаў, плата за такія паслугі за двухпакаёвую кватэру ў 48 кв. мэтраў, дзе жывуць 3 чалавекі, складзе 197 000 рублёў (у тым ліку за ацяпленьне — 62.4 тысячы). У мінулым годзе такая ж кватэра абыходзілася ў суму 162.8 тысячы.

Адпраўляць пошту і размаўляць па тэлефоне стане даражэй

Падвысіць тарыфы вырашыў і мабільны апэратар Velcom. Праўда, не з 1 лістападу, а з 30-га. Як паведамляе прэс-служба кампаніі, тарыфы на выклікі і дадатковыя паслугі будуць акругленыя да аднаго рубля, тарыфы на разавыя ўзносы i адмысловыя паслугі — да 50 рублёў. Агулам плату за ўсе паслугі ўздымуць на 15%. Гэта будзе ўжо трэцяе падвышэньне тарыфаў Velcom ў гэтым годзе, пасьля таго як 24 чэрвеня яны былі павялічаны на 10% і 16 кастрычніка — на 7%.

Даражэй стане і адпраўка пошты, асабліва хуткай і замежнай.

Піва падаражэе

Канец дня. Здаецца, усе колы фінансавых пакутаў пройдзеныя. Студэнт атрымаў падвышаную стыпэндыю і сплаціў зь яе за пакой у інтэрнаце «першага клясу», ці схадзіў у банк, дзе выклаў немалую суму за камунальныя, набыў квіток на аўтобус па новым кошце да бацькоў ці сяброў у Вільню, адклаў пэўную суму на пельмені з маянэзам ды сталоўкаўскія баршчы… і выправіўся ў краму па шкляначку халоднага піва беларускай вытворчасьці (замежнае ўжо даўна пакінула рацыён навучэнца).

Але і тут студэнта чакае падвох: піва таксама падаражэла. З 1 лістападу ўрад на 33% ўзьняў акзыцы на алькаголь і цыгарэты. У выніку бутэлька беларускага піва будзе каштаваць на 165 рублёў болей, цыгарэты- прыкладна на 1 000, а гарэлка на дзьве тысячы болей.

Аўтазак пад вакнамі Міністэрства адукацыі
Аўтазак пад вокнамі Міністэрства адукацыі

Што да прагнозаў, то яны несуцяшальныя: эканамісты намякаюць, што далейшы рост заробкаў і стыпэндый наўрад ці прымусяць кошты супыніцца нават на цяперашніх вяршынях. Беларускі цэнавы Эвэрэст яшчэ не дасягнуты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0739 seconds.