У Менску зьявіліся першыя велапераезды

Першыя ў краіне пераезды, адмыслова прызначаныя для раварыстаў, зьявіліся ў цэнтры Менску на праспэкце Незалежнасьці. Дарожка яшчэ будуецца і пройдзе ад Кастрычніцкай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі.


Разьметка для ровараў у раёне плошчы Якуба Коласу. Фота @Abrazumova

Дзякуючы разьметцы і знакам, якія пачалі зьяўляцца на галоўным праспэкце Менску, раварысты могуць легальна перасякаць дарогі на зялёнае сьвятло. Таксама на тратуарах праспэкту зьявілася разьметка і піктаграмы, якія пазначаюць, дзе праходзіць шлях раварыстаў, а бардзюры ў раёне пераездаў прыбралі.


Фота @Abrazumova

Як сьведчаць блогеры, пакуль разьметка веладарожкі выглядае недарэчна, а некаторыя шляхі сыходзяць «наўпрост у клюмбу».


Так пакуль сканчаецца дарожка ў раёне парку Чалюськінцаў. Фота @Abrazumova

Раней раварыстам было забаронена нават на зялёнае сьвятло пераязджаць вуліцу. З-за гэтага вэлясыпэдысты ня раз атрымлівалі штрафы ад міліцыі. Цяпер перасоўваньне на ровары па цэнтры Менску відавочна стане хутчэйшым.

Веладарожка ўздоўж праспэкту Незалежнасьці мусіла зьявіцца яшчэ ў чэрвені, аднак яе запуск можа адбыцца толькі ў лістападзе.

У краінах Эўразьвязу дзейнічае адваротны падыход: па роварнай дарожцы проста так не пагуляеш: можна нарвацца на штраф, прычым не маленькі. Аднак менскія раварысты лічаць, што нават такі варыянт дарожкі лепей, чым нічога.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0062 seconds.