Праз год Беларусь пачне выпуск пляншэтаў

У Беларусі зьявяцца ўласныя iPad’ы. Іх выпускам ужо праз год зоймецца Інтэграл. Пры ўмове дастатковага фінансаваньня.


З такімі ўкраінскімі PocketBook цяпер вучацца выбраныя беларускія школьнікі. Фота onliner.by

Прадпрыемства «Інтэгралтэхніс», якое ўваходзіць у склад ААТ «Інтэграл», вядомае сваёй вытворчасьцю ВК-відэаманітораў і пэрсанальных кампутараў, запэўніла «СБ», што ўжо ў наступным годзе там плянуюць пачаць распрацоўку электронных пляншэтаў:

«Праўда, пры адной умове — калі бюджэт выдзеліць на гэты праект грошы», — кажуць на заводзе.

Рыдэр найперш будуць выпускаць для патрэбаў беларускай адукацыі. З кастрычніка ў ліцэі БДУ і некалькіх іншых школах краіны разам з падручнікамі пачалі выдаваць пляншэты ўкраінскай вытворчасьці. Кошт іх пужае Міністэрства адукацыі — 480 даляраў. Таму, мабыць, і задумаліся над выпускам айчыннага рыдэру.

«Па тэхнічных характарыстыках такая навінка будзе палепшаная, бо прагрэс не стаіць на месцы, — кажуць у філіяле Інтэгралу. — А што тычыцца кошту, то ён будзе не вышэйшы за замежныя аналягі».

Тэхнічныя характарыстыкі таксама не шыкоўныя. Цяпер ўкраінскія пляншэты PocketBook падтрымліваюць дзьве элемэнтарныя функцыі: чытаць ды слухаць.

«Рыдэры распазнаюць любы тэкставы фармат! — дзеляцца радасьцю навучэнцы ліцэю БДУ. — Тут ёсьць выхад і для слухавак: учора пісалі аўдзіраваньне па ангельскай — вельмі зручна, бо яшчэ можна слухаць тэксты і на расейскай, нямецкай, французскай і ўкраінскай».

Найтаньнейшы на дадзены момант пляншэт робяць у Індыі. Гэта краіна ў супрацы зь вядучымі кампутарнымі карпарацыямі распрацавала і імкнецца запусьціць у вытворчасьць пляншэт за $35. Плянуецца, што ў 2011 кампутар будзе прадстаўлены ў вышэйшых навучальных установах. Бліжэйшая мэта — зьменшыць яго кошт да $20, а ў будучым, магчыма, і да $10.

Адмыслоўцы ацэньваюць рынак пляншэтных кампутараў у 40–50 тысячаў адзінак. Цяпер, на іх думку, рынак пляншэтных кампутараў не дасягае і 20%. Таму кошты на іх бліжэйшым часам у краіне наўрад ці будуць зьніжацца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.