Плату за навучаньне падвысяць яшчэ мінімум на 20%


Чарговы рэзкі рост коштаў на адукацыю ў беларускіх ВНУ адбудзецца ўжо ў наступным месяцы. Студэнты будуць плаціць на 18–20, а, можа, і на 28% болей. Гэта ўжо трэцяе падвышэньне коштаў за апошні год.

Як заявіла неназваная крыніца парталу interfax.by ў выкладчыцкіх колах «аднаго зь вядучых унівэрсытэтаў краіны», кошты на навучаньне падвысяць усьлед за заробкамі выкладчыкаў, што ўзьнялі ў кастрычніку на 28%.

«Паколькі ў структуры выдаткаў на адукацыйныя паслугі асноўную ўдзельную вагу займае аплата працы прафэсарска-выкладчыцкага складу, то з падвышэньнем стаўкі першага разраду аплата за навучаньне ў ВНУ абавязкова падвысіцца», — заявіў неназваны выкладчык, што спэцыялізуецца на эканамічных дысцыплінах.

«Калі прыкінуць груба, то ўзровень паднімецца крыху менш, чым стаўка першага разраду, — адзначыў спэцыяліст. — Калі стаўка вырасла на 28%, то аплата за навучаньне падымецца на 15–20%».

Хаця, верагодна, як і ў часы мінулых падвышэньняў, ня ўсе ўнівэрсытэты адважацца прымусіць студэнтаў плаціць адразу на мільён болей:

«Асобныя ВНУ могуць зьнізіць аплату за кошт рэнтабэльнасьці, але гэта паўплывае на магчымасьці навучальнай установы ў абнаўленьні матэрыяльнай базы, утрыманьні і прыцягненьні пэрсаналу і зьнізіць канкурэнтаздольнасьць беларускіх ВНУ», — заявіў выкладчык.

Тры разы ў год

Кастрычніцкае падвышэньне адукацыйных коштаў — ужо трэцяе за апошні год. Аб папярэднім было абвешчана толькі пару месяцаў таму — у жніўні. А першае, і пакуль самае вялікае, адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.

Але калі першае падвышэньне таксама тлумачылася ростам тарыфнай стаўкі, то другое зьвязалі з ростам коштаў камунальных, транспартных паслугаў і іншых выдаткаў.

Цяпер найбольш за адукацыю плацяць студэнты-мэдыкі (у Менскім БДМУ — амаль 8 мільёнаў у год), а таксама будучыя мэнэджэры і эканамісты з БДУ (7.5 мільёны ў год). Каля шасьці з паловай мільёнаў у год абыходзіцца адукацыя некаторым студэнтам БНТУ і БДТУ. З ростам коштаў самая дарагая беларуская адукацыя будзе каштаваць амаль 10 мільёнаў, а навучаньне на найбольш прэстыжных спэцыяльнасьцях БДУ — 9 мільёнаў.

За апошні год кошты на беларускую адукацыю ў сярэднім узьняліся ўжо на 35%. Гэта рэкордная лічба для ўсёй Эўропы. Верагодна, па выніках году гэта лічба перавысіць адзнаку ў 50%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.